Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Шацікавай: другая няўдалая спроба


Крысьціна Шацікава

Крысьціна Шацікава

Судзьдзя Кастрычніцкага раёну Магілёва Раман Касьцюк адклаў разгляд адміністрацыйнай справы супраць актывісткі Крысьціны Шацікавай на нявызначаны час. Пра сваё рашэньне ён паведаміў сёньня на другім паседжаньні судовага працэсу.

"Ён патлумачыў, што 19 траўня, адразу па сканчэньні першага паседжаньня, ён адправіў матэрыялы адміністрацыйнай справы назад у Кастрычніцкі раённы аддзел міліцыі для выпраўленьня памылак. У матэрыялах не хапае маіх тлумачэньняў на трох аркушах, акрамя таго, шмат іншых парушэньняў. Я напісала скаргу на судзьдзю, бо ён не паінфармаваў мяне загадзя пра свае дзеяньні. Каб падтрымаць мяне, на суд прыехалі актывісты кампаніі "Наш дом" зь Менску, Ліды і іншых гарадоў Беларусі. Прыехаў на суд і мой бацька. І высьвятляецца, што яны змарнавалі свой час і свае грошы", — зазначае Крысьціна Шацікава.

19 траўня судовае паседжаньне затрымалі на сорак хвілін, бо ў судзе не маглі знайсьці матэрыялаў адміністрацыйнай справы супраць Шацікавай.

Як цьвердзіць актывістка, чарговы адклад разгляду сьведчыць пра тое, што ні суд, ні міліцыя ня ведаюць, што рабіць з гэтай справай:

"Міліцыянты згубілі дакумэнты, і яны разумеюць, што за гэта ім будзе. На трох аркушах маіх тлумачэньняў стаяць іх подпісы. Там уласнаручна я напісала, што адбылося, як мяне затрымлівалі, як дапытвалі".

Крысьціну Шацікаву вінавацяць у вырабе, дастаўцы й распаўсюджваньні друкаванай прадукцыі, не зарэгістраванай паводле беларускага заканадаўства.

4 траўня супрацоўнікі Кастрычніцкага аддзелу міліцыі затрымалі актывістку каля пад’езду ейнага дома. Спачатку міліцыянты яе вінавацілі ў тым, што яна абрабавала кватэру і што ў яе торбах знаходзяцца скрадзеныя рэчы. Пасьля таго як у прысутнасьці панятых торбы перагледзелі і, акрамя газэт, нічога не знайшлі, яе на міліцэйскай машыне даставілі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі. Там канфіскавалі каля 12 тысяч асобнікаў газэты "Наш дом". Так пазначана ў міліцэйскім пратаколе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG