Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісар Эўразьвязу ў справах пашырэньня Стэфан Фюле заявіў, што Брусэль спадзяецца прапанаваць Украіне пераход на бязьвізавы рэжым.

Дырэктар Дэпартамэнту інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Алег Валошын у інтэрвію беларускай Свабодзе паведаміў, што бязьвізавы рэжым – толькі адна з мэтаў, якія ставіць перад сабой украінская дыпляматыя ў дачыненьне да Эўрапейскага Зьвязу. Дзьве іншыя, не менш важныя – гэта пагадненьні аб асацыяцыі і аб зоне свабоднага гандлю з ЭЗ.

У чэрвені павінна адбыцца пасяджэньне Рады ў справе супрацоўніцтва Украіны і Эўразьвязу, на якім Кіеў будзе прадстаўляць прэм’ер-міністар Мікалай Азараў. Мяркуецца, што будзе дасягнутая дамоўленасьць пра плян сумесных дзеяньняў, які б дазволіў грамадзянам Украіны атрымаць права бязьвізавага кароткатэрміновага (да 30 дзён) уезду на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу.

Мяркуецца, што такі плян будзе распрацаваны да канца гэтага года. “Пры гэтым мы спадзяемся, што нам будуць выказаныя ўмовы не палітычнага, а тэхнічнага характару”, -- сказаў Алег Валошын.

Што маецца на ўвазе пад тэхнічнымі ўмовамі? Найперш – гэта прывядзеньне шэрагу заканадаўчых актаў Украіны ў адпаведнасьць са стандартамі ЭЗ; пры гэтым адзін з найважнейшых законаў – аб абароне пэрсанальных дадзеных – у бліжэйшы час ужо будзе прыняты Вярхоўнай Радай. На чарзе – Закон аб забароне гандлю людзьмі. Украіна павінна будзе далучыцца да шэрагу канвэнцый і хартый Эўрапейскага Зьвязу, і абавязкова ажыцьцявіць пераход на т.зв. “біямэтрычныя” пашпарты.

Пры гэтым, падкрэсьліў Алег Валошын, не ідзе гаворка пра далучэньне Украіны да Шэнгенскай зоны, паколькі Украіна не ўваходзіць у Эўразьвяз. Кароткатэрміновы бязьвізавы ўезд не прадугледжвае і скасаваньня пашпартнага кантролю для грамадзянаў Украіны.

Канкрэтныя тэрміны ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму, па словах Алега Валошына, назваць пакуль цяжка, але пры выкананьні адпаведных патрабаваньняў і “узаемнай добрай волі” гэта можа адбыцца праз паўтары-два гады.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

XS
SM
MD
LG