Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адстае ва "Ўсходнім партнэрстве"


Эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і Эўрапейскай палітыкі суседзтва Штэфан Фюле.
Эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і Эўрапейскай палітыкі суседзтва Штэфан Фюле.

"Спрашчэньне візавага рэжыму зь Беларусьсю – пытаньне палітычнае»,– заявіў сайту charter97.org эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і Эўрапейскай палітыкі суседзтва Штэфан Фюле.


Камісар Эўразьвязу па пытаньнях пашырэньня і Эўрапейскай палітыкі суседзтва Штэфан Фюле сустрэўся з журналістамі з краін «Усходняга партнэрства» 24 траўня ў польскім Сопаце падчас сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін-удзельніц гэтай праграмы ЭЗ, паведамляе сайт Хартыі-97.

«Адной з маіх першых гутарак з кіраўніком МЗС Беларусі была размова аб сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. Мы імкнёмся дакладна сказаць беларускім уладам, што для нас непрымальна. Сытуацыя ў Беларусі за апошнія 6 месяцаў значна пагоршылася. Мы вельмі занепакоеныя гэтым фактам. Выбары ў мясцовыя Саветы прайшлі без уліку беларускімі ўладамі рэкамэндацый АБСЭ. Зараз мы настойваем на тым, каб наступныя прэзыдэнцкія выбары прайшлі ў адпаведнасьці з дэмакратычнымі стандартамі".

Пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стала адной з прычын таго, што Беларусь сёньня, паводле эўракамісара, «адстае» ва «Ўсходнім партнэрстве»:

«Беларусь вельмі «адстае» ва «Ўсходнім партнэрстве». Па ўсіх пунктах. Калі паглядзець на месца Беларусі ў гэтай праграме, то стане бачна, што з уладамі вашай краіны мы практычна нічога не абмяркоўваем. Ні дагавор аб асацыяцыйным членстве, ні стварэньне зоны свабоднага гандлю, ні пытаньне аб спрашчэньні візавага рэжыму ", – заявіў Штэфан Фюле.

Спрашчэньне візавага рэжыму ЭЗ цяпер абмяркоўваецца з Украінай, Малдовай, Грузіяй, Армэніяй, Азэрбайджанам. Гэта значыць з усімі краінамі «Усходняга партнэрства», акрамя Беларусі.

«Надвор'е» ў Беларусі сёньня не вельмі добрае. Сытуацыя пагаршаецца. Эўракамісія працуе над дакумэнтамі, у якіх будзе заяўлена, на якіх умовах магчыма спрашчэньне візавага рэжыму з Беларусьсю. Тут няма сакрэту: у параўнаньні з іншымі краінамі «Усходняга партнэрства» Беларусь моцна «адстае» ў вырашэньні візавага пытаньня. І гэтае пытаньне – палітычнае. Пры такой дрэннай сытуацыі ў Беларусі не чакайце ад нас вялікага энтузіязму. Ёсьць вельмі трывалая аснова для супрацоўніцтва – гэта дэмакратыя, правы чалавека і вяршэнства закона. Калі ў каго-небудзь з нашых партнэраў гэтыя тры элемэнта адсутнічаюць, то магчымасьць супрацоўніцтва значна зьмяншаецца»,– заявіў эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і Эўрапейскай палітыцы суседзтва.

Падчас саміту «Усходняга партнэрства» ў Сопаце на пытаньні сайта charter97.org адказаў таксама міністар замежных спраў Іспаніі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, Мігель Анхель Марацінас. Кіраўнік МЗС Іспаніі адзначыў, што Эўропу сёньня на «непакоіць» сытуацыя ў Беларусі:

«Дэмакратыя і правы чалавека – гэта асноўныя ўмовы эўрапейскай ідэнтыфікацыі і палітыкі суседзтва. Падчас ўстаноўчага саміту «Усходняга партнэрства» ў Празе мы ясна гэта пазначылі. Мы заяўлялі і працягваем заяўляць беларускім уладам пра неабходнасьць выконваць правы чалавека. Таму што нас гэта турбуе. Патрабаваньне выконваць правы чалавека распаўсюджваецца на ўсіх, таму што гэта жыцьцёва важная рэч. Мы патрабуем выкананьня дамоўленасьцяў і прагрэсу ў сытуацыі з захаваньнем правоў чалавека », -- заявіў Мігель Анхель Марацінас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG