Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве пачаўся фэстываль Эўрапейскага кіно


Запрашалі магілёўцаў на эўрапейскае кіно звыкла — па-расейску.
Запрашалі магілёўцаў на эўрапейскае кіно звыкла — па-расейску.

24 траўня ў Магілёве пачаўся фэстываль Эўрапейскага кіно. На працягу сямі дзён магілёўцы пабачаць фільмы зь пятнаццаці краінаў Эўразьвязу. Усе стужкі на нацыянальных мовах краінаў-ўдзельніцаў фэсту з субтытрамі. Толькі дзьве з іх — польская і швэдзкая — маюць беларускія субтытры, астатнія расейскія.


У магілёўскі кінатэатар «Радзіма» папрысутнічаць на адкрыцьці фэстывалю й прагледзіць першую стужку чэскіх кінэматографаў «Букет» прыйшло шмат гледачоў. Каля сотні маладых людзей шумнай грамадою запоўніла фае кінатэатру за паўгадзіны да адкрыцьця. Крыху пазьней падцягнуліся й гадаванцы мясцовай кадэцкай школы. Іх адразу завялі ў глядацкую залю.

Аляксей Колчын
Паглядзець эўрапейскае кіно прыйшоў у кінатэатар і магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын.

«Эўрапейскае кіно зазвычай не пабачыш на экранах нашых кінатэатраў. У нас звычайна дэманструюцца галівудзкія блёкбастары, альбо расейскія фільмы. Яны не такія цікавыя як эўрапейскае кіно».

У Магілёве кінафэстываль праходзіць упершыню. У Менску апошні раз яго ладзілі пяць гадоў таму.

Дырэктарка менскага кінатэатру «Перамога» Сьвятлана Саўчык зазначыла:

«Эўрапейскае кіно даволі рэдкі госьць на нашых экранах. Нам прынцыпова важна было пакінуць мову той краіны, на якой гаворыць тамтэйшыя людзі, бо яна частка нацыянальнай культуры. Усе фільмы на мове арыгіналу з рускім субтытрамі. Польскі фільм „Аер“ і швэдзкі фільм „Упусьці мяне“ зь беларускімі субтытрамі»

Марцін Чэх
Правесьці кінафэстываль ў Беларусі прапанавала амбасадам краінаў Эўразьвязу ў 2009 годзе амбасада Чэхіі. Гэтая краіна тады старшынявала ў Эўразьвязе. Намесьнік кіраўніка амбасады Чэскай Рэспублікі ў Беларусі Марцін Чэх адзін з арганізатараў кінафэстывалю.

«Гэта было нашае калектыўнае рашэньне, каб умацаваць прысутнасьць культуры Эўразьвязу ў Беларусі. Гэта экспэрымэнт. Мы будзем глядзець якія будуць яго вынікі. Пакуль мы правялі толькі кінафэстываль у Менску. І ён стаў для нас прыемным сюрпрызам, там было дужа шмат гледачоў».

Глядзець эўрапейскае кіно прыйшла ў асноўным моладзь і гадаванцы кадэцкай школы.
Пра тое, што чэская стужка безь беларускіх субтытраў Марцін Чэх шкадуе і абяцае выправіцца:

«Гэта было б добра, каб нашыя фільмы былі зь беларускімі субтытрамі. Мы не змаглі іх зрабіць. У нас было такое рашэньне: «Кожная амбасада павінна была сама вырашыць, на якой мове будуць субтытры. У каго была магчымасьць, яны й зрабілі на беларускай мове. Мы таксама на наступны год тое зробім».

Акрамя чэскіх, швэдзкіх і польскіх фільмаў у Магілёве пакажуць стужкі вытворчасьці вялікай Брытаніі, Літвы, Баўгарыі, Нямеччыны, Даніі, Латвіі, Фінляндыі, Ірляндыі, Італіі, Францыі, Эстоніі ды Вугоршчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG