Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На гэтае пытаньне на падставе апытаньня, праведзенага Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў (БІСС) і лябараторыяй “Новак”, адказвае ў “Нашай ніве” дырэктар БІСС Віталь Сіліцкі

Лёзунг "Беларусь у Эўропу" стаў папулярным у сярэдзіне 1990-х. Мэта ўступленьня Беларусі ў ЭЗ пракралася ў праграмы палітыкаў на мяжы тысячагодзьдзя.

Апазыцыя імкнулася «асядлаць» гэтую ідэю. Меркавалі, яе ў іх ніколі не скрадзе Лукашэнка (як гэта сталася зь незалежнасьцю). Здавалася б, тут жалезная прывабнасьць — Эўропа, акіян дабрабыту. Так, давядзецца крыху папрацаваць, каб туды ўвайсьці, але раз ужо залезьлі за перавал, там ужо, як той казаў, "усё схоплена" і для дзяцей, і для ўнукаў. На пытаньне, ці падтрымліваюць яны ўступленьне ў Эўразьвяз, тады адказвала "так" да 60% рэспандэнтаў.

Рэшткі такіх стэрэатыпаў засталіся ў мысьленьні апазыцыі і да сёньня. А вось прывабнасьць ЭЗ у масавай сьвядомасьці зблякла. Колькасьць "эўраэнтузіястаў" скарацілася амаль удвая. Пачала яна скарачацца з таго моманту, калі ў ЭЗ увайшлі цэнтральнаэўрапейскія краіны.

Быль і казка разышліся.


Дык ці варта палітыкам гаварыць з народам пра Эўропу? Як паказала дасьледаваньне, праведзенае BISS сумесна з лябараторыяй «Новак», любое замежнапалітычнае пытаньне актуальнае для выбаршчыка толькі тым, наколькі яно вырашае тыя жыцьцёвыя праблемы,
Эўропа, Расея і г.д. — не экзістэнцыйныя мэтафізычныя мэты, а сродкі, якія спрыяюць вырашэньню эканамічных праблем.
зь якімі сутыкаецца выбаршчык. Гэты фэномэн можна назваць рацыяналізацыяй замежнапалітычнага мысьленьня. Яно ў беларускай грамадзкай сьвядомасьці "вынесена" з культурнай плоскасьці і амаль цалкам знаходзіцца ў плоскасьці рацыянальнага выбару грамадзяніна. Эўропа, Расея і г.д. — не экзістэнцыйныя мэтафізычныя мэты, а сродкі, якія спрыяюць вырашэньню эканамічных праблем.

У анкету было ўключанае наўпроставае пытаньне: "Што, на ваш погляд, мусіць быць галоўным падчас выбару саюзьнікаў Беларусі?" Вынік: зь вялізным адрывам перамагае адказ "наколькі гэта будзе спрыяць паляпшэньню эканамічнага становішча".

Адзіная іншая прыкметная дамінанта — пытаньні бясьпекі, міру і стабільнасьці. "Ідэалягічныя" меркаваньні (пытаньні дэмакратыі і правоў чалавека, захаваньня культуры і самабытнасьці, захаваньня звыклага жыцьцёвага ладу, адраджэньне СССР і г.д.) рэдка набіралі 5—6% адказаў рэспандэнтаў.

Структура адказаў практычна нязьменная сярод прыхільнікаў процілеглых замежнапалітычных альтэрнатываў. Прычым сярод "эўраэнтузіястаў" працэнт тых, хто галасуе "кашальком", найвышэйшы. Ледзь-ледзь на агульным фоне вылучаюцца толькі прыхільнікі "незалежнай Беларусі, якая не ўступае ні ў якія саюзы". Гэта, дарэчы, зусім не нацыяналісты, якія грэбліва ставяцца да разбэшчанай Эўропы, а прыхільнікі Лукашэнкі, запалоханыя "бурлівым морам" і перш за ўсё Расеяй, якія арыентуюцца выключна на беларускую ўладу як на абаронцу.

Менш за палову беларусаў чакае, што ўступленьне ў ЭЗ прывядзе да павышэньня іх жыцьцёвага ўзроўню, нашмат меншая доля чакае
Менш за палову беларусаў чакае, што ўступленьне ў ЭЗ прывядзе да павышэньня іх жыцьцёвага ўзроўню
паляпшэньня жыцьця пэнсіянэраў, ключавога электаральнага блёку ў Беларусі. Паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека чакае таксама менш за палову рэспандэнтаў. Найбольш моцнае станоўчае чаканьне — новыя пэрспэктывы для моладзі.

А вось чаканьне нэгатыўных наступстваў уступленьня ў ЭЗ відавочна дамінуе, перш за ўсё чаканьне росту цэнаў і "ўцечкі мазгоў". Што дзіўна, грамадзтва не згаджаецца з высновай прапаганды, што сяброўства ў ЭЗ прывядзе да масавага закрыцьця прадпрыемстваў. У цэлым грамадзкія чаканьні малююць дастаткова адэкватную карціну будучыні, калі ўзгадаць досьвед эўраінтэграцыі суседзяў Беларусі.

За ЭЗ выступае больш за 60% моладзі і толькі 11% пэнсіянэраў, больш за 50% асобаў з вышэйшай адукацыяй і толькі 2—3% — з пачатковай. І справа ня проста ў культурнай адсталасьці ці прапагандзе — розныя сацыяльныя групы добра разумеюць, ці змогуць яны адаптавацца да "новага жыцьця".

Такая карціна чаканьняў павінная даць цалкам выразны ўрок палітыкам, што імкнуцца сабраць палітычны капітал на некалькіх прывабных лозунгах.

У закліку "Беларусь у Эўропу" няма былой сэксапільнасьці.
У закліку "Беларусь у Эўропу" няма былой сэксапільнасьці. Эўропа — гэта хутчэй ужо абрыдлы сужыцель, ад якога (як і ад Расіі) чакаюць не столькі жарсьці, колькі практычных рэчаў. І таму, размаўляючы з электаратам пра Эўропу, вы не можаце не абыходзіць тэмаў, якія электарат ад ЭЗ адштурхоўваюць. У першую чаргу гэта пытаньні сацыяльнай сфэры, пэнсійнай палітыкі, аховы здароўя, ЖКГ.

Калі вы зможаце пераканаць выбаршчыкаў, што супрацоўніцтва з ЭЗ тут дапаможа — у вас ёсьць шанец, калі не — вы па ранейшаму будзеце зьдзіўляцца, чаму народ не вабіць цукерка ў сіняй абгортцы з бліскучымі зорачкамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG