Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які падыход Казахстану да Мытнага саюзу?


З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да дырэктара казахстанскага цэнтру аналізу грамадзкіх праблем Мэруерт Махмутавай.


Махмутава: Афіцыйны пункт гледжаньня неаднаразова агучвалі ўсе афіцыйныя асобы, пачынаючы з прэм'ера і ключавых міністраў -- гэта пашырэньне рынку да 170 мільёнаў чалавек і магчымасьць экспарту на гэтыя рынкі. Нашы экспэртныя пярэчаньні палягаюць у тым, што цяпер Казахстан і Расея, хаця і маюць найбольш шчыльныя гандлёвыя сувязі, маюць хутчэй канкуруючыя, чым дапаўняючыя тыпы эканомікі. Асноўны наш экспарт -- гэта нафта, і асноўны пакупнік -- не Расея, а дальнія рынкі. Мы канкуруем за доступ да тых самых рынкаў, на якія імкнецца Расея. Таму паводле нашых ацэнак, у кароткатэрміновым пэрыядзе, да 2015 году, наступствы ўступленьня Казахстана ў Мытны саюз (МС) адназначна нэгатыўныя. Наша эканоміка зараз менш дывэрсыфікаваная , чым эканомікі Беларусі і Расеі.

Дракахруст: А чым Казахстан вымушаны ахвяраваць у МС? У Беларусі, напрыклад, вельмі востра ўспрымаецца пэрспэктыва пераходу на расейскія, больш высокія мыты на імпартныя аўтамабілі. Наколькі крытычная гэтая праблема для Казахстана?

Махмутава: Што да стратаў, то ў Казахстане, як і ў Беларусі, востра ўспрыняты пераход на расейскія больш высокія мытныя стаўкі на імпартныя аўтамабілі. У цэлым Казахстан большую частку мытаў мяняе ў бок павялічэньня, бо за аснову ўзятыя расейскія мыты. Да апошняга часу казахстанская эканоміка ацэньвалася як адна з самых лібэральных у сьвеце, ў рэйтынгу Ўсясьветнага банку са 125 эканомік яна займала 7- месца. Нашы мыты былі вельмі нізкімі. У сувязі са стварэньнем МС мы паляпшаем умовы гандлю з Расеяй і Беларусьсю, але пагаршаем зь іншымі краінамі. Па нафце мы цяпер канкурэнты з Расеяй. А, скажам, каб разгарнуць вытворчасьць мяса, якое мы маглі б з выгадай экспартаваць у Расею ў межах МС, нам трэба некалькі гадоў.

Падвышэньне мытаў адбываецца па тых катэгорыях тавараў, якія не вырабляюцца ў Казахстане, мы ня маем ўласнага аўтапраму, авіяпраму, ды і па іншых таварах цалкам залежныя ад імпарту. Гэтыя пытаньні, якія ўзьнімала Беларусь, крытычныя і для Казахстана. Па імпарту аўтамабіляў Беларусь зрабіла пераходны пэрыяд для фізычных асобаў да 1 ліпеня. А у нас такога пераходнага пэрыяду не было, новыя мыты сталі дзейнічаць з 1 студзеня і для юрыдычных, і для фізычных асобаў.

Дракахруст: У красавіку, выступаючы з пасланьнем Нацыянальнаму сходу, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расея большую частку нафты прадае Беларусі з поўным мытам, у той час як уся расейская нафта, што пастаўляецца ў Казахстан, не абкладаецца мытам. Гэта так? Калі так, то чаму?

Махмутава: Казахстан сапраўды атрымлівае нафту бяз мыта, але гэта нафта па абмене. Гэта зьвязана з рознай якасьцю, мы пастаўляем у
Казахстан сапраўды атрымлівае нафту бяз мыта, але гэта нафта па абмене
Расею сваю нафту ў Самару з захаду Казахстану, яны нам – сваю зь Сібіры на Паўладарскі НПЗ. Для Беларусі магчымасьць імпарту расейскай нафты -- гэта магчымасьць яе рээкспарту на заходнія рынкі. Беларусь на гэтым зарабляе і яе інтарэс да МС, відаць, тлумачыцца і гэтым фактарам.

Дракахруст: Паводле паведамленьняў прэсы, прэм'еры Беларусі, Казахстану і Расеі на мінулым тыдні ня здолелі прыйсьці да згоды наконт далейшых этапаў разьвіцьця МС. Абвешчана, што Саюз у поўнай меры не пачне сваю дзейнасьць з 1 ліпеня 2010 года, як плянавалася. З артыкулу ў «Коммерсанте» можна зрабіць выснову, што згода не было дасягнутая з-за супярэчнасьцяў паміж Менскам і Масквой, Астана была, паводле гэтага артыкулу, згодная з расейскай пазыцыяй. Выданьне цытуе словы расейскага віцэ-прэм’ера Ігара Шувалава, які сказаў, што Расея і Казахстан могуць стварыць мытны саюз удвох, а Беларусь хай пакуль падумае. Ці сапраўды пазыцыі Астаны і Масквы ў гэтым пытаньні больш блізкія, чым пазыцыі Менску і Масквы?

Махмутава: Наколькі я ведаю, наш прэм’ер таксама выказаўся ў тым пляне, што пытаньні, якія абмяркоўваюцца, адчувальныя для казахстанскай эканомікі і патрабуюць дадатковага разгляду. Я мяркую, што кіраўнікі нашага ўраду павінны разумець, што да таго пытаньня, як стварэньне мытнага саюзу, нельга падыходзіць, як Чапай -- з шашкай нагала. Трэба ўважліва ўсё абмеркаваць і паставіць кропкі над і. Гэта добра, што пачатак мытнага саюзу адкладаецца з 1 ліпеня на больш позьні тэрмін. Пытаньні ёсьць, і лепш іх вырашыць да стварэньня саюзу.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG