Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Наша задача -- спрыяць руху ў пазначаных напрамках", -- заявіў сёньня, выступаючы перад дэпутатамі, Анатоль Рубінаў перад сваім абраньнем старшынём Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.


Паводле яго, гэта выцякае з пасланьня прэзыдэнта Нацыянальнаму сходу і народу і тычыцца эканамічнай, палітычнай і іншых сфэраў. Рубінаў асабліва зьвярнуў увагу на ўзмацненьне працы па прыцягненьні інвэстыцый, разьвіцьцё прадпрымальніцтва, умацаваньне сацыяльнай структуры грамадзтва.

Анатоль Рубінаў таксама згадаў наступныя прэзыдэнцкія выбары. Ён упэўнены, што Аляксандр Лукашэнка будзе пераабраны на новы тэрмін, бо "канкурэнтаў, якія блізка стаяць, не відаць". У працяг гэтай тэмы Рубінаў заклікаў калегаў напярэдадні выбараў "зьняць напружаньне на месцах, калі яно ёсьць. Больш актыўна вырашаць праблемы грамадзян".

Ён папярэдзіў, што "апанэнты не сьпяць", успомніўшы кампанію Уладзіміра Някляева "Гавары праўду". Таму, па словах Рубінава, людзям трэба тлумачыць палітыку ўлады, "чаму робіцца так, а не інакш", каб людзі "былі ўпэўненыя ў правільнасьці курсу, які праводзіцца прэзыдэнтам".

Наконт працы Савета Рэспублікі, ён выказаў пажаданьне, каб камісіі далучаліся да працы над законапраектамі яшчэ да іх разгляду ў Палаце прадстаўнікоў у першым чытаньні. Рубінаў таксама выказаўся за актывізацыю працы зь мясцовымі саветамі ва ўмовах стварэньня ў гэтым годзе іх асацыяцый і нацыянальнай асацыяцыі мясцовых саветаў. Гэтая праца павінна завяршыцца зьездам саветаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG