Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганаровая пасада для заслужаных пэнсіянэраў


Анатоль Рубінаў
Анатоль Рубінаў

Сёньня ў Савеце Рэспублікі — верхняй палаце Нацыянальнага сходу Беларусі — абраны новы старшыня. Ім стаў Анатоль Рубінаў, які дагэтуль быў намесьнікам старшыні. А пасада намесьніка, якая засталася пасьля гэтага вакантнай, дасталася Леаніду Крупцу — былому старшыні Менскага аблвыканкаму.


Пасада кіраўніка Савету Рэспублікі вызвалілася пасьля прызначэньня Барыса Батуры старшынёй Менскага аблвыканкаму. У дзяржаўнай герархіі пасада старшыні верхняй палаты лічыцца трэцяй — пасьля прэзыдэнта і кіраўніка ураду. Дарэчы, калі нешта здарыцца з прэзыдэнтам, то Канстытуцыя прадугледжвае, што замяняць яго мусіць прэм’ер-міністар.

Таксама лічыцца, што праца ў Савеце Рэспублікі спакойная і туды звычайна накіроўваюць чыноўнікаў, якія завяршаюць сваю кар’еру. У выпадку з Анатолем Рубінавым сытуацыя ў гэтым сэнсе клясычная. Яму — 71 год, ён фізык, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, у 2006-2008 гадах працаваў першым намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.

Былы старшыня Савету Рэспублікі, таксама фізык і акадэмік Аляксандар Вайтовіч сёньня ў размове са «Свабодай» сказаў, што ён за часы працы пераканаўся — Беларусі дзьвюхпалатны парлямэнт наагул непатрэбны. Спадар Вайтовіч нагадвае, што другая палата зьявілася пасьля роспуску Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня ў 1996 годзе:

Гэта спэцыяльная структура для стрымліваньня. Таму што Савет Рэспублікі пераважна фармуецца ўладай.
«Гэта было зроблена тады, калі ўздымалася пытаньне пра імпічмэнт Лукашэнку. Гэта спэцыяльная структура для стрымліваньня. Таму што Савет Рэспублікі пераважна фармуецца ўладай. Там больш уплыву на фармаваньне, чым на Палату прадстаўнікоў. Гэта тады было. А цяпер гэта ўсё роўна, паколькі выбараў як такіх ужо ня стала. Але, падкрэсьліваю, тады Савет Рэспублікі стварылі, каб ураўнаважыць Палату прадстаўнікоў, якая магла б стаць непадуладнай».

І сапраўды, паводле артыкула 98 Канстытуцыі Беларусі, Савет Рэспублікі «разглядае абвінавачваньне супраць Прэзыдэнта, якое выстаўляе Палата прадстаўнікоў, ва ўчыненьнi дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства, прымае рашэньне аб яго расьсьледаваньні. Пры наяўнасьці падстаў большасьцю ня менш як дзьвюма трацямi галасоў ад поўнага складу прымае рашэньне аб зьняцьцi Прэзыдэнта з пасады».

Аляксандар Вайтовіч
Аляксандар Вайтовіч кажа: заканадаўчая ўлада ў Беларусі ператварылася ў дэкаратыўную:

«У нашай дзяржаўнай сыстэме абедзьве палаты, то бок заканадаўчая галіна ўлады, хаця і лічыцца па Канстытуцыі самастойнай, насамрэч ніякай самастойнасьці ня мае. Яна робіць усё, што кажуць „наверсе“. І ніякай там самастойнасьці не бывае».

Што тычыцца прэзыдэнцкіх выбараў, то іх прызначае толькі Палата прадстаўнікоў. Згодна зь дзейным заканадаўствам, існуе толькі дата, пазьней за якую нельга праводзіць выбары кіраўніка беларускай дзяржавы. У дачыненьні да чарговых выбараў гэта 6 лютага 2011 году. Але закон не забараняе правесьці іх раней. Адзінае — Палата прадстаўнікоў мусіць прызначыць іх не пазьней як за тры месяцы да даты галасаваньня. А восеньская сэсія палаты традыцыйна пачынаецца 2-га кастрычніка. Да таго ж Канстытуцыя дае і магчымасьці манэўру — пры неабходнасьці ў любы момант дазваляецца сабраць пазачарговую сэсію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG