Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэпартаж карэспандэнта расейскай газэты “КоммерсантЪ” Андрэя Калеснікава дае ўяўленьне пра хаду перамоваў наконт Мытнага Саюзу і пра сутнасьць супярэчнасьцяў паміж Менскам і Масквой. Падаем пераклад рэпартажу ў скароце.


У пятніцу ў Санкт-Пецярбургу прайшло пасяджэньне кіраўнікоў урадаў Мытнага саюзу і ЭўрАзЭС. Перамовы па Мытным саюзе, што перарываліся зносінамі з калегамі па ЭўрАзЭС і СНД, працягнуліся да глыбокай ночы, але пераадолець супярэчнасьці так і не ўдалося. Дакумэнты, якія былі падрыхтаваныя экспэртамі напярэдадні ноччу, падпісаныя не былі.

У Канстанцінаўскім палацы Уладзімір Пуцін ужо выступае перад калегамі, удзельнікамі Мытнага саюзу, распавядае, як віцэ-прэм'еры да двух ночы ўзгаднялі дэталі Мытнага кодэксу і амаль усе нават ўзгаднілі.

-- Прапаную нашым калегам працаваць зь яшчэ большай аддачай! -- завяршае Уладзімір Пуцін сваю палымяную ўступную прамову, і па яго усьмешцы зразумела, што сам ён мінулую ноч правёў інакш.

-- Ну давайце ж паглядзім, чым нашы калегі займаліся да двух гадзін ночы, -- кажа Уладзімір Пуцін, і далей пасяджэньне працягваецца ў закрытым рэжыме. Зрэшты, усё-ткі сёе-тое можна высьветліць, напрыклад, што да гэтага часу так і не ўдалося ўзгадніць з Беларусьсю мыта на газ і што, па разьліках расейскага боку, Беларусь ужо завінавацілася Расіі каля 200 мільёнаў даляраў, а па разьліках беларускага боку -- наадварот , усё ў парадку, і Беларусь выконвае ўсе абавязацельствы, якія ўзяла на сябе.

Між тым расейскія перамоўшчыкі тлумачаць, што справа менавіта ў тым, што Беларусь сама вызначае для сябе суму узятых
Cустрэча прэм'ераў краін ЭўрАзЭС была адзначана ўспышкай актыўнасьці прэм'ера Беларусі Сяргея Сідорскага, які раптам загаварыў словамі праўды і толькі праўды.
абавязацельстваў і зьніжак на газавыя пошліны, а потым у адпаведнасьці з гэтымі скідкамі і плаціць Расеі. І што напярэдадні гэтую праблему так і не ўдалося вырашыць.

Пасьля пасяджэньня Мытнага саюзу прайшла сустрэча прэм'ераў краін ЭўрАзЭС. Яна была адзначана ўспышкай актыўнасьці прэм'ера Беларусі Сяргея Сідорскага, які раптам загаварыў словамі праўды і толькі праўды. І высьветлілася, што з 36 мерапрыемстваў, якія павінны быць выкананыя да гэтага дня, выкананыя толькі сем. Што антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС, створаны для падтрымкі больш слабых краін супольнасьці, не працуе. Сідорскі расказаў, што Беларусь акрамя прапаноў аб арганізацыі дзейнасьці фонду перадала туды заяўкі аб атрыманьні ёй дапамогі. Паводле яго, заяўкі прайшлі ўсе неабходныя экспэртызы. Але рэакцыі няма ніякай.

Сяргей Сідорскі прызнаў, такім чынам, што не адносіць Беларусь да ліку моцных краін нават па мерках ЭўрАзЭС. Хаця б такіх амбіцый у Беларусі няма.

Акрамя таго, краіны ЭўрАзЭС, па словах Сяргея Сідорскага, нават не падступаюцца да статусу рэгіянальнай валюты, які актыўна абмяркоўвалася на папярэдніх пасяджэньнях.

-- І такая сытуацыя па большасьці пытаньняў! -- з горыччу канстатаваў беларускі прэм'ер.

Зрэшты, калегі не зьвярнулі належнай ўвагі на ўсплёск актыўнасьці Сяргея Сідорскага. Дакладней, яны не зьвярнулі на яго ўвогуле ніякай увагі і разам з ім падпісалі некалькі пагадненьняў, якія не аказваюць вырашальнага ўплыву на лёс іх краін у посткрызісным сьвеце.

Пасьля кароткіх і фармальных перамоваў у фармаце прэм'ераў СНД, у той момант, калі ўжо павінна была пачацца выніковая прэс-канфэрэнцыя, Уладзімір Пуцін, Сяргей Сідорскі і Карым Масімаў [прэм’ер Казахстану] нечакана зноў адасобіліся. Іх перамовы аб Мытным саюзе, лёс якога, мяркуючы па іх ранішнім заявах, быў безумоўна вырашаны, і да лепшага для брацкіх народаў, аднавіліся з незвычайнай сілай.

Перамовы працягваліся яшчэ пяць гадзін. У іх не было перапынкаў на абед, не было ўвогуле ніякіх паўз. Хацелася напісаць --
Cтала зразумела, што дакумэнты па Мытным саюзе, над якімі так аддана ўсю ноч працавалі экспэрты, падпісаныя не будуць.
"сьцямнела", але ў Пецярбургу пачаліся белыя ночы, і насамрэч ніяк не цямнелася, хаця ішла ўжо адзінаццатая гадзіна вечара. Ужо не было ніякай надзеі на тое, што яны прыедуць, як плянавалася, у прэсавы цэнтар. Журналісты самі прыйшлі да Магамета.

Пытаньняў ніякіх не было, нас папярэдзілі, што прэм'еры абмяжуюцца заявамі. І яны абмежаваліся. Уладзімір Пуцін падзякаваў калегам за зьмястоўную працу. Пасьля таго, што ён сказаў далей, гэтыя словы страцілі сэнс.

-- Пры гэтым не буду хаваць ад вас, -- працягнуў ён, -- што ўзгадніць усе пытаньні нам пакуль не ўдалося.

У гэты момант стала зразумела, што дакумэнты па Мытным саюзе, над якімі так аддана ўсю ноч працавалі экспэрты, падпісаныя не будуць. Расейскі прэм'ер адзначыў, што ёсьць "адчувальныя супярэчнасьці", і беларускі з натхненьнем пагадзіўся з ім.

Спадар Пуцін дадаў, што няма разуменьня па праблемах аўтапрамысловасьці, авіяцыйнай прамысловасьці, мытаў, і сказаў, што экспэрты будуць працаваць яшчэ два тыдні.

Спадар Сідорскі абмежаваўся фразай наконт таго, што "пакуль нашы пазыцыі да гэтага часу не збліжаныя". Так рэзка і дакладна ён да гэтага часу не выказваўся.

Спадар Масімаў таксама адправіў ўсіх да экспэртаў.

-- Калі мы сёньня ссунемся з антыкрызісных пазыцый, якія занялі, каб пераадолець крызіс, гэта нанясе страты нашай эканоміцы, -- заявіў Уладзімір Пуцін, кажучы пра пошліны на ўвоз аўтамабіляў для фізычных асоб.

Непадатлівым цяпер здаваўся расейскі прэм'ер.

Здагадка аб тым, што пошліны будуць усярэдненыя, гэта значыць, Расея зьнізіць іх, а Казахстан і Беларусь падвысяць, не пацьвердзілася.
Такім чынам, здагадка аб тым, што пошліны будуць усярэдненыя, гэта значыць, Расея зьнізіць іх, а Казахстан і Беларусь падвысяць, не пацьвердзілася.

-- Ёсьць праблемы і з іншымі пошлінамі... -- заявіў расейскі прэм'ер.

-- На нафту і нафтапрадукты! -- азартна перапыніў яго спадар Сідорскі.

-- Тут мітусьня недапушчальная, -- скончыў Уладзімір Пуцін, і суразмоўцы сышлі ў пакоі Канстанцінаўскага палацу.

Між тым адразу пасьля гэтага мне ўдалося пагаварыць з крыніцай ў казахскай дэлегацыі, якая распавяла, як на самой справе праходзілі гэтыя перамовы.

Перамовы, па яго словах, пачаліся без усялякага напружаньня, Казахская дэлегацыя пагаджалася з усімі прапановамі расейцаў. Праўда, Сяргей Сідорскі адразу сказаў, што Беларусь пакуль рэзэрвуе сваю пазыцыю. Пры гэтым не было выказана ніякіх пярэчаньняў наконт таго, пра што напярэдадні дамовіліся віцэ-прэм'еры.

Але потым спадар Сідорскі заўважыў, што
Беларускія перагаворшчыкі згодныя з кожнай літарай праектаў пагадненьняў па Мытным саюзе, толькі з адной умовай: калі Расея зьнізіць мыты на нафту і нафтапрадукты, якія пастаўляе ў Беларусь.
Спадар Пуцін на гэта заўважыў, што гэтая праблема не мае дачыненьня да дамоўленасьцяў па Мытным саюзе. Спадар Сідорскі заявіў, што беларускі бок лічыць, што гэта не так.

Расейскі віцэ-прэм'ер Ігар Шувалаў адзначыў, што аб праблеме мытаў Беларусь ведала і месяц таму, і два, і тры, але ні разу на перамовах па Мытным саюзе пра гэта нічога не было сказана: "Чаму ж цяпер, калі ўсё гатова да падпісаньня , узьнікла гэтая тэма? Чаму маўчалі? "

Спадар Сідорскі адказаў, што Беларусь заўсёды турбавала гэтая тэма. Атрымаўшы адказ, што гэтая праблема вырашаецца ў рамках стварэньня Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП), Сяргей Сідорскі заявіў, што тады Мытны саюз трэба запускаць разам з АЭП.

Уладзімір Пуцін у рамках міралюбнай зьнешняй палітыкі РФ прапанаваў Сяргею Сідорскаму пагаварыць на тэму пошлін на нафту з прэзыдэнтам Беларусі і потым вярнуцца да пытаньня. Зрэшты, было зразумела, што Сяргей Сідорскі менавіта з Аляксандрам Лукашэнкам на гэтую тэму перад сустрэчай у Канстанцінаўскім палацы і размаўляў. А з кім жа яшчэ яму размаўляць?

Ігар Шувалаў не ўтрымаўся і сказаў беларускаму прэм'еру, што пакуль, можа быць, у такім выпадку Мытны саюз створаць Расія і Казахстан, а Беларусь далучыцца да яго, калі палічыць патрэбным.

Зрэшты, спадар Пуцін засьмяяўся і сказаў, што не варта так ужо сьпяшацца і драматызаваць.

Можна было б напісаць: на гэтым яны і разьвіталіся. Але на самой справе, вярнуўшыся ў Канстанцінаўскі палац, тры прэм'еры працягнулі сваю размову, які зацягнулася далёка за поўнач і, падобна, ужо ня мела сэнсу.

Цалкам тэкст можна прачытаць тут
XS
SM
MD
LG