Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты інтэрнэт-выданьня "Заўтра тваёй краіны" вывучылі эмігранцкую хвалю высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія з тых ці іншых прычынаў пайшлі за апошняе дзесяцігодзьдзе ў адстаўку і пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Расею. Зьвесткі пра “нашых у Маскве” выглядаюць асабліва актуальнымі ў сьвятле апошніх рэпрэсіяў супраць кампаніі “Гавары праўду” і заяваў лідэраў кампаніі, што яе фінансуюць беларусы, якія жывуць у Маскве.


1. Былы міністар унутраных спраў Уладзімір Навумаў. Паводле апошняй інфармацыі, з пачатку бягучага года Навумаў працуе на пасадзе дарадцы Сяргея Чэмезава, генэральнага дырэктара дзяржаўнай карпарацыі «Растэхналёгіі». Карпарацыя ў свой час была створаная для кіраваньня дзяржактывамі ў розных галінах, але асабліва выдзяляюцца яе інтарэсы ў ваенна-прамысловым сэктары. Гэтая структура, якая аб'ядноўвае некалькі соцень прадпрыемстваў, знаходзіцца пад асабістым кантролем Уладзіміра Пуціна.

2. Кіраўнік беларускага КДБ у 2000-2004 гадах Леанід Ерын таксама дае парады ў буйной расейскай дзяржкарпарацыі. Ён займае пасаду дарадцы пры прэзыдэнце ААТ "Расейская чыгунка" Уладзіміры Якуніне.
Магчыма, чыгуначны цікавасьць былога галоўнага чэкіста Беларусі і Масквы (у 1989 годзе Ерын узначальваў УКДБ па горадзе Маскве) можна растлумачыць яго паходжаньнем. Леанід Ерын нарадзіўся ў Воршы -- гэта найбуйнейшы чыгуначны вузел Беларусі.

3. Былы кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі (2001-2004) Урал Латыпаў пасьля адстаўкі ў працягу трох гадоў працаваў старшынём кансультатыўнай рады ЗП «Лукойл-Беларусь» -- даччынай кампаніі найбуйнейшай прыватнай нафтавай кампаніі Расеі. З 2008 года Урал Латыпаў ачоліў ТАА «Дырэкт Мэнэджмэнт» - кіруючую структуру ААТ «МТЗ «Рубін», аднаго з найбуйнейшых дэвэлапэраў расейскай сталіцы, які належыць ураджэнцу Менску Аляксандру Міляўскаму.

4. Мэнэджэрам у Міляўскага некалькі гадоў на розных пасадах працаваў і былы мэр Менску (1995-2000) і прэм'ер-міністар (2000-2001) Уладзімір Ярмошын. Пасьля кароткачасовага кіраваньня менскім прадстаўніцтвам ААТ «МТС» (у 2002-2003 гадах) ён зьехаў у Маскву. Там Ярмошын ў 2004 спачатку стаў дырэктарам ВК «Рубін», а потым некаторы час выконваў абавязкі генэральнага дырэктара ААТ «МТЗ «Рубін».
Уладзімір Ярмошын - адзіны "вяртанец" са сьпісу высокапастаўленых эмігрантаў, складзенага экспэртамі «Заўтра тваёй краіны». Ён зноў патрапіў у «кола даверу» Аляксандра Лукашэнкт, атрымаўшы пасаду намесьніка дырэктара КУП «УКБ Менгарвыканкама» -- дырэктара па будаўніцтве комплексу «Менск-Арэна».
У бягучым годзе за пасьпяховае завяршэньне гэтай будоўлі Уладзімір Ярмошын быў узнагароджаны ордэнам Пашаны.

5. Адзіны, хто ўладкаваўся ў Маскве па профілю, гэта былы начальнік Беларускай чыгункі Віктар Рахманько. З гэтай пасады яго зьнялі ў 2001 годзе, пазбавіўшы таксама месца ў Савеце Рэспублікі за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі і крадзяжы ў асабліва буйных памерах.
Цяпер Рахманько займае адказную пасаду ў «Газпроме». Ён - начальнік упраўленьня транспарту Дэпартамэнта інвэстыцый і будаўніцтва.

6. Два былых уплывовых дзяржаўных мэнэджэры ў беларускай нафтавай прамысловасьці цяпер працуюць у Маскве ў самай сяброўскай для Менску нафтавай структуры -- «Лукойл».
Адзін зь іх - гэта былы гендырэктар «Беларуснафты» і віцэ-прэм'ер (1994-2001), куратар нафтавай галіны, Валеры Кокараў. Цяпер ён займае не занадта прыкметную пасаду намесьніка генэральнага дырэктара па навуцы і інавацыйнай дзейнасьці ААТ «РІТЭК». Гэтая структура ўваходзіць у склад «Лукойлу».

7. Другі - гэта Уладзімір Муляк, з 1996 па 2001 год адпрацаваў у «Беларуснафце». Пасьля вымушанага ад'езду з Беларусі ён адразу ж знайшоў працу ў ААТ "НК Комі ТЭК", а ў апошнія гады стаў падымацца па службовай лесьвіцы. Цяпер Уладзімір Муляк - член праўленьня і віцэ-прэзыдэнт ААТ «Лукойл», начальнік галоўнага ўпраўленьня па забесьпячэньні здабычы нафты і газу.

8. Яшчэ адзін уплывовы чыноўнік, які ў свой час уваходзіў у найбліжэйшае атачэньне Аляксандра Лукашэнкі, гэта экс-памочнік прэзыдэнта Сяргей Посахаў. Праўда, ён пераехаў жыць і працаваць не ў Маскву, а ў Санкт-Пецярбург. Да нядаўняга часу Сяргей Посахаў займаў розныя пасады ў даччынай кампаніі буйнога будаўнічага холдынгу «паўночнай сталіцы» Расеі - «ЛенСпецСМУ".

9. Рэйтынг ня будзе поўным, калі не згадаць былога кіраўніка справамі прэзыдэнта Івана Ціцянкова, які і праклаў шлях у Маскву іншым беларускім высокапастаўленым эмігрантам. Выйшаўшы ў адстаўку ў 1999 годзе, ён у 2000 годзе заняў пасаду начальніка ўпраўленьня лягістыкі ў МГК «Ітэра». Але прапрацаваў Ціцянкоў на гэтым месцы каля года і далей стаў займацца ўласным бізнэсам.

10. Завяршае топ-10 самых высокапастаўленых беларускіх эмігрантаў у Расіі Аляксандр Чадовіч. З 1996 года ён працаваў на пасадзе галоўнага архітэктара Мінска. У 2003 годзе ён пакінуў гэтую пасаду і вельмі хутка знайшоў новую працу. Аляксандр Чадовіч стаў віцэ-прэзыдэнтам ААТ «МТЗ «Рубін» па архітэктуры.
XS
SM
MD
LG