Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: Генадзь Грушавы ці Тацяна Процька могуць пайсьці ў прэзыдэнты


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Актывісты кампаніі "Гавары праўду" зь Менску далі прэсавую канфэрэнцыю па выніках масавых ператрусаў, канфіскацый і арыштаў.


Лідэр кампаніі Ўладзімер Някляеў адбыў тры дні за кратамі і застаецца падазроным у справе аб "распаўсюдзе ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах". Уладзімер Някляеў мяркуе, што ўлады абрынулі рэпрэсіі супроць кампаніі "Гавары праўду!", калі ўбачылі, як імкліва яна набывае папулярнасьць у Беларусі.

Як запэўніў Някляеў, кампанія працягне дзейнічаць, нягледзячы на рэпрэсіі супроць яе актывістаў. Усяго пад рэпрэсіі, паводле лідэра кампаніі, падпалі 65 чалавек з 22 населеных пунктаў. Толькі некалькі чалавек паведамілі, што спыняюць сваю дзейнасьць, а пераважная бальшыня мае намер працаваць далей.

"Мы будзем казаць праўду пра сацыяльнае становішча, пра гаротны стан беларускай мовы, нават пра тое, што ў нас адбываецца з наркаманіяй. Вось за тры дні ў ізалятары я пабачыў, колькі моладзі за гэта арыштоўваюць — гэта жудасны канвэер! Амаль усе маладзёны з таго ж раёну Серабранка альбо колюцца, альбо паляць "траўку". Абыходзіліся зь імі не як з намі, палітычнымі: рукі за сьпіну, кайданкі, "ластаўка" — і праз паўтары гадзіны на жываце прызнаюцца ва ўсім. Але публічна ўлады кажуць, што з гэтым у нас ня так дрэнна", — кажа Ўладзімер Някляеў.

Ён ня выключыў, што хтосьці з актывістаў кампаніі будзе вылучацца на кандыдата ў прэзыдэнты, але гэта не абавязкова можа быць ён сам. Генадзь Грушавы ці Тацяна Процька могуць таксама, мяркуе Ўладзімер Някляеў.

Генадзь Бураўкін зачытаў зварот актывістаў кампаніі "Гавары праўду!", у якім заклікаў улады правесьці расьсьледаваньне фактаў парушэньня закону з боку міліцыянтаў, якія вядуць справу. Паводле Генадзя Бураўкіна, улады невыпадкова абралі артыкул аб "распаўсюдзе ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі" ў змаганьні з кампаніяй "Гавары праўду!" "Гэта не агаворка. Для іх праўда і ёсьць таварам", — мяркуе вядомы паэт. Паводле Генадзя Бураўкіна, мэта актывістаў — найперш аднавіць маральныя каштоўнасьці ў беларускім грамадзтве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG