Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іосіфу Бродзкаму 70 гадоў


Да 70-годзьдзя нобэлеўскага ляўрэата Іосіфа Бродзкага - фотахроніка Марыяны Волкавай і эсэ Аляксандра Геніса “Бродзкі ў Нью-Ёрку”.

Іосіф Бродзкі нарадзіўся ў 1940 годзе ў Ленінградзе. У 1975 годзе быў вымушаны эміграваць з СССР. У 1987 годзе стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры, якая была прысуджаная яму за “ўсеабдымную творчасьць, насычаную чысьцінёй думкі і яскравасьцю паэзіі”. Памёр у Нью-Ёрку ў 1996 годзе.


Бродзкі ў Нью-Ёрку. Morton 44




"Мабыць я ніколі ўжо не вярнуся на Пестэля, і Мортан-стрыт - проста спроба пазьбегнуць гэтага адчуваньня сьвету як вуліцы з аднабаковым рухам", - напісаў Бродзкі пра сваю нью-ёркскую кватэру, у якой ён даўжэй за ўсё жыў у Амэрыцы. Прапусьціўшы прамежкавыя паміж Ленінградам і Нью-Ёркам адрасы, Бродзкі тым самым выдзеліў астатнія пункты свайго маршруту.

Вуліца Мортан месьціцца ў той рэспэктабэльнай частцы Грынвіч-вілідж, што нагадвае эстэцкі раён Лёндану - Блумзбэры. Зрэшты, у пазбаўленым імпэрскай мінуўшчыны Нью-Ёрку, як і мае быць – усё больш сьціплае: вуліцы вузейшыя, дамы ніжэйшыя, калёнаў амаль няма.

Тое самае датычыць і інтэр'еру. Але фатаграфія, як тэатар, ператварае фон у дэкарацыю, робіць наўмыснай дэталь і прымушае стрэліць стрэльбу. Усё, што трапіла ў кадр, зьбіраецца ў алегарычную карціну.

Што ж – акрамя гаспадара – трапіла ў фатаграфічную цытату зь яго жытла? Бюсьцік Пушкіна, ангельскі слоўнік, сувэнірная гандола, старадаўняя руская купюра зь Пятром Першым у ляўровым лісьці... (чытаць далей)

БРОДЗКІ Ў НЬЮ ЁРКУ. НАСТАЎНІК ПАЭЗІІ




Усё сваё амэрыканскае жыцьцё - амаль чвэрць стагодзьдзя - Бродзкі выкладаў, што ніяк не вылучае яго сярод заходніх, але адрозьнівае ад расейскіх калегаў. Калі падчас выступу перад суайчыньнікамі Бродзкага не без спагады спыталі, як ён ставіцца да выкладаньня, ён адказаў: "З энтузіязмам, бо гэты від дзейнасьці дае магчымасьць гаварыць выключна пра тое, што мне цікава".

Прафэсарскія абавязкі, акрамя таго, што гэта ледзь не адзіны сталы заробак, даюць паэту тое, да чаго ён больш за ўсё прызвычаіўся - кайданы. Умова, якая абмяжоўвае свабоду выкладчыка, як санэт - паэта, - больш ці менш адноснае невуцтва студэнтаў. Паводле правілаў гульні, прынамсі так, як іх разумеў Бродзкі, аўдыторыя сочыць за лектарам, які вядзе самотны дыялёг з голым вершам, вызваленым ад філялягічнага камэнтара і гістарычнага кантэксту. Усё, што трэба ведаць студэнту, павінна утрымлівацца ў самым творы. Выкладчык выцягвае зь яго нізку сэнсаў, як фокусьнік - трусоў з капелюша. Верш мусіць працаваць на ўласнай энэргіі, накшталт - паводле выразу Фроста - "ледзяша на пліце" (Фрост).

Хоць студэнтамі Бродзкага часьцей за ўсё былі маладыя паэты, ён, як і іншыя шанавальнікі літаратурнага геданізму - Борхес і Набокаў, вучыў не пісаць, а чытаць. Часам ён лічыў гэта тым самым: "мы можам назваць сваім, - казаў ён, - усё, што памятаем на памяць"... (чытаць далей)


БРОДЗКІ Ў НЬЮ-ЁРКУ. КАНЦЭРТ




Выступы, якімі Бродзкі вельмі скупа дзяліўся з суайчыньнікамі, лепш за ўсё назваць канцэртамі. Але перш трэба вярнуць гэтаму слову яго этымалёгію, якая б адсылалаь да музычнага кантрасту, да найгранай супярэчлівасьцю дзьвюх партыяў, да сяброўскага двубою, у працэсе якога антаганізм аркестру і сола аказваецца полюсамі адной гармоніі.

У канцэрце Бродзкага такой парай былі гукі і літары. Разам з трэцім - самім паэтам - яны складалі трохкутнік ашаламляльнай драмы, у якой вырашалася ключавая супярэчнасьць паэзіі... (чытаць далей)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG