Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адзначыў, што за час кіраваньня вобласьцю Ўладзімерам Саўчанкам на працягу амаль 9 гадоў было зроблена шмат, аднак рэгіён ня ў поўнай меры рэалізаваў свой вытворчы і сацыяльна-культурны патэнцыял.

Заявы кіраўніка Беларусі на нарадзе з актывам Гарадзенскай вобласьці цытуе БелаПАН:

"Адбілася адсутнасьць дакладнай стратэгіі ў максымальна эфэктыўным выкарыстаньні наяўных магчымасьцей. У немалой ступені руху наперад перашкаджала і тое, што замест мабілізацыі людзей на ўстараненьне недахопаў Уладзімер Саўчанка вельмі балюча рэагаваў на крытыку (не ад прэзыдэнта, іншых), выжываў непажаданых яму кіраўнікоў. Але самае галоўнае — страціў пачуцьцё адказнасьці за даручаны ўчастак працы", — паведаміў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, менавіта таму было прынята рашэньне задаволіць просьбу Саўчанкі аб вызваленьні ад пасады.

Лукашэнка таксама заявіў, што Гарадзенскую вобласьць неабходна зрабіць эўрапейскім эталёнам гаспадараньня на зямлі, прыкладам для астатніх рэгіёнаў краіны:

"Гродзенская вобласьць павінна быць сапраўдным флягманам у цэнтры Эўропы. У палове, можна сказаць, яна ўжо такая і ёсьць, а ў палове трэба вельмі моцна папрацаваць, каб за паўтара-два гады падцягнуць вобласьць да такога ўзроўню. І тады яна будзе квітнеючым краем".

Лукашэнка лічыць, што новаму старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Сямёну Шапіру пад сілу справіцца з гэтай задачай. На пасадзе кіраўніка вобласьці былы міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня быў зацьверджаны 22 траўня "аднагалосным рашэньнем" дэпутатаў аблсавету.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG