Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маргарыта Аляшкевіч — пра кнігі для перачытваньня


Маргарыта Аляшкевіч

Маргарыта Аляшкевіч

Сапраўдны чытач — гэта той, хто перачытвае . Вяртаньне да кнігі — акт, магчыма, куды больш сьвядомы, чым першае прачытаньне, якое бывае матывавана і модай на аўтара, і лоўкасьцю маркетынгавай кампаніі, і строгасьцю выкладчыка па літаратуры. Першае чытаньне суадносіцца з перачытваньнем, як глыток вады на маратоне з паўкеліхам шарданэ на схіле дня. Маргарыта Аляшкевіч — пра тэксты, якія знаёмыя нам зь дзяцінства і якія ня лішне перачытаць пасталеўшы.




Льюіс Кэрал. «Скрозь люстэрка, і Што ўбачыла там Аліса».

Пераклад Веры Жыбуль. «ARCHE», нумар 10 за 2009.

Льюісу Кэралу ўдалося тое, што мала каму сёньня ўдаецца — аб’яднаць вакол сваёй Алісы (ці ўсё ж Алесі? Эліс? А хто такая Эліс?) сьвядомых і ня надта, высакалобых і не асабліва, беларусаў і зусім не. Праўда, пісьменьніцкая заслуга адно ў стварэньні тэксту, да якога можна зьвяртацца па розных патрэбах. Усё астатняе за яго летась зрабілі Цім Бертан і Вера Жыбуль, ну і крышачку Джоні Дэп з рэдакцыяй «ARCHE».

Усім нам, аматарам аўдыёвізуальшчыны, спэцэфэктаў і элегантнага мазгавога зруху, не зашкодзіць яшчэ раз зьвярнуцца да першакрыніцы. Тым больш, што перакладаў, дзякуй Богу, хапае — як піша ў «Новым часе» Марыйка Мартысевіч, «Алісіяну» накрыла «беспрэцэдэнтная хваля абеларушчваньня». Тэкст з россыпам алюзіяў і выкшталцонымі моўнымі гульнямі кшталту словаў-партманэ для перакладчыкаў — што залаты арэшак, які пакажа, хто зломак, а хто смарагды бочкамі грузіць. Каб згадаць, што значыць сыходзіць, каб прыйсьці, і як спачатку раздаць пірог, а потым яго разрэзаць, чытаем пераклад Веры Жыбуль «Скрозь люстэрка, і Што ўбачыла там Аліса» ў 10-м нумары «ARCHE» за 2009, а таксама чакаем на кнігу перакладаў Макса Шчура, якая аб’яднае абедзьве часткі прыгодаў у дзівосным іншасьвеце (мае неўзабаве выйсьці ў Логвінава). Карацей, бойся Мармазяўра, сын!

Ян Баршчэўскі. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях».

Менск, «Мастацкая літаратура», 1990.

«Шляхціца Завальню» Яна Баршчэўскага чытаюць і ў школе, і ў ВНУ, і добра робяць. Мала які твор так хораша гаворыць пра беларусаў — хітраватых мужыкоў, якія і чартаўню сабе служыць навучаць, і дзівака шляхціца, да казак ахвочага, імі накормяць, абы за начлег не плаціць. Мала дзе забабоны ня проста згадваюцца — ажываюць, атрымліваюць волю і прастуюць з сьвядомасьці колішніх зухаў у нашу. Душу грэе, што мы ня лыкам шытыя — і на віхуры пад’едзем, і праз самую глушэчу да вужынага цара дойдзем, і цмока выгадаваць пры патрэбе зможам. Між іншым, цёмныя казкі ляснога народа калярытна выйграюць перад яснымі, але далёкімі прыгодамі антычных багоў і герояў, якімі частуе дзядзьку клясычна адукаваны Янка.

Вільгельм Гаўф. «Халоднае сэрца». Пераклад зь нямецкай і пасьлямова Альгерда Бахарэвіча.

Менск «Галіяфы», 2009.

Хто-ніхто такі чытаў «Халоднае сэрца» Гаўфа яшчэ да перастварэньня казкі на беларускую мову Альгердам Бахарэвічам. Аднак недарэмна ў «Пасьлямове перакладчыка» журналістка, якая бярэ ў героя інтэрвію, блытае казачніка Гаўфа з матэматыкам Гаўсам — калі хто й чытаў, дык мала што памятае. Вось і нагода згадаць, узважыць каменнае сэрца, ну і зазірнуць у перакладніцкі пакой адным вокам, крыху водару адтуль у «Пасьлямову» пушчана. У казцы чытаеш сабе чатырохрадкоўе, якім Шклянога Чалавечка выклікаюць, і не заўважаеш, здаецца, просьценькі такі вершык, што за няздара гэты Пэтэр Мунк, прыгадаць ня можа. А ў «Пасьлямове» высьвятляеш, як складана тыя простыя словы падабраць, і паўстае пэўная карэляцыя: герой Гаўфа пакутліва шукае рыфмы, герой Бахарэвіча шукае словы для перакладу, і абодва сіляцца замовіць сваё шчасьце, ды нешта атрымліваецца ня так — то поўныя кішэні грошай, то пелька ды яма з кракадзіламі. Абодва, між іншым, прыходзяць адразу да двух фіналаў, якія тут раскрываць не буду, каб падахвоціць вас прачытаць і самім прасачыць, як мяняецца сэнс казкі ў залежнасьці ад таго, дзе пастаўлена кропка, і як мяняецца сэнс жыцьця і сьмерці ў залежнасьці ад таго, як на іх паглядзець.

Пятро Васючэнка, «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі».

Менск, «Мастацкая літаратура», 2003.

Пятро Васючэнка віншуе тых, хто толькі зьбіраецца чытаць «Маятнік Фуко» — якія, кажа, шчасьлівыя, будзеце першы раз чытаць! Але ж і сам аўтар казачнай аповесьці «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» не спракудзіўся. Прыгоды шалапутных паноў, зь якіх жыцьцё зьбівае панскую пыху, ды ўсё ніяк не саб’е, можна чытаць на ноч дзецям, а можна зашыцца дзе ў куток і самому атрымліваць асалоду. То паны замовяць Куры Шчабятуры дзіўнае яйка, каб у кураняці было сорак ножак і сала ў далоню таўшчынёй, а выседзяць цмока сваёй прагнасьці, то зьвядуць на нішто гаспадарку самога пана Кіндзюшкі, вядомага астранома, і зь іх ленасьці завядуцца на месяцы гусі, а то яшчэ высеюць кілбаснае дрэва, хлебнае, булачнае, пірожнае, цукерачнае, віннае, марцыпанавае ды селядцовае, а потым прыйдуць жаць сумныя высновы:

А я дык і не верыў, што ўсё гэта праўда… Усё мне здаецца, што бачыў я сон… Казачны сон… Ведаеш, пане Кубліцкі, я мяркую, што няма ў жыцьці шчасьця… Няма ў сьвеце дрэва ані кілбаснага, ані марцыпанавага. А калі й ёсьць, дык народзіцца чорны гарбуз і ўсё схрумае…



Лукаш Калюга, «Спадчына».

Менск, «Мастацкая літаратура», 1992.

Лукаш Калюга ў масы не пайшоў. Адны кажуць — не пасьпеў. Першыя яго апавяданьні выйшлі, калі аўтару не было яшчэ і васямнаццаці гадоў, у дваццаць чатыры быў арыштаваны, праз чатыры гады, праведзеныя ў ссылцы, памёр. Іншыя кажуць — ня надта ён у тыя масы і хацеў. Праігнараваў масавы «Маладняк», адразу ўбіўся ва «Ўзвышша», ды не абы-як, а з рэкамэндацыяй Кузьмы Чорнага. Гэта «Маладняк» хадзіў стройнымі шэрагамі, а «ўзвышэнцаў» усяго быў які чортаў тузін, і колькі ім зроблена, ды як!

Пра што ён пісаў? Пра вясковую моладзь, прагную да ведаў настолькі, што кожны шматок «Беларускай вёскі» зачытваўся ледзь не да дзірак, а кнігі з хаты-чытальні скрадалі, укруціўшы іх у халявы; пра тых, хто, паспытаўшы гарадзкой навукі, не спакусіўся лоўляй шчасьця і чыноў, а вярнуўся зямлю араць, на Льва Талстога ківаючы. Пра жыцьцё вёскі, яшчэ не кранутай саветызацыяй. У ягоных тэкстах старая вёска захоўваецца лепей, чым у тых Строчыцах. Бо музэй — гэта толькі рэчы, а ў кнізе — жах сялян, якім натрапіўся залом у жыце, задор Тахвілі, якая самому чорту мяккае месца паказвала, каб не насіў швагру скарбаў, выхваленьне кабеты перад гасьцямі, што дзеці ўжо сала бачыць ня могуць, так наеліся, і шыканьне на малога ў сенцах, каб, крый Божа, пры чужых не папрасіў і скваркі, і прымус за сталом, і… Вёска сышла, а мэнталітэт застаўся.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG