Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Арцём Дубскі ня звоніць дамоў напярэдадні вызваленьня?


Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі мусіць выйсьці на волю праз 4 дні, але ў сваякоў палітвязьня зьявіліся прычыны турбавацца. Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка вывучаюць прысуд.

Алена Дубская

25 траўня заканчваецца тэрмін пакараньня актывіста «Маладога фронту» Арцёма Дубскага, якога пакаралі годам зьняволеньня за парушэньне парадку адбыцьця папярэдняга пакараньня. Нагадаю, у 2008 Арцём Дубскі быў пакараны абмежаваньнем волі за ўдзел у несанкцыянавым мітынгу прадпрымальнікаў.

Маці Дубскага Алена да апошніх дзён была перакананая, што сын выйдзе на волю ў прызначаны тэрмін, але зараз у яе зьявіліся падставы турбавацца:

«Ён мусіў мне пазваніць, што ўсё добра і ён выходзіць, і ніводнага разу не пазваніў. Мусіў патэлефанаваць 13-га, потым 14-га і яшчэ бліжэй да аўторка. Але ня звоніць. Значыць, нешта там такое… кепскае. А што — ня ведаю. »

На пачатку году, паводле Алены Дубскай, у яе сына, які адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі, пачаліся праблемы з адміністрацыяй. Актывіст пачаў зьбіраць подпісы пад зваротам да адміністрацыі пра паляпшэньне побытавых умоваў і неўзабаве яго двойчы пакаралі нібыта за парушэньні парадку ў калёніі. У адзін з момантаў Арцём Дубскі перадаў на волю, што зьбіраецца пачаць галадоўку пратэсту. Потым канфлікт нібыта вырашылі, але цяпер, як кажа Алена Дубская, ёй відавочна, што насамрэч сыну працягваюць «рабіць непрыемнасьці».


Як справы ў Мікалая Аўтуховіча і Уладзімера Асіпенкі, якія былі асуджаныя за незаконныя дзеяньні са зброяй, хаця асноўным абвінавачаньнем на працэсе быў артыкул аб падрыхтоўцы тэракту? Нагадаем, прысуд прагучаў 6-га траўня. Што далей?

Алег Воўчак
Мікалай Аўтуховіч адразу заявіў, што будзе абскарджваць прысуд магчымымі захадамі. «Каб падаць скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суду, трэба дасканала вывучыць прысуд. Гэтым ён цяпер і займаецца, — паведаміў праваабаронца Алег Воўчак. — Трэба ж спачатку прысуд вычытаць, усе гэтыя супярэчнасьці і толькі тады пісаць скаргу. Гэта ж не адзін дзень патрэбны».

Паводле зьвестак, прысуд Мікалаю Аўтуховічу ды іншым, хто праходзіў па ягонай справе, выкладзены на болей як 80-ці старонках.


Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка, магчыма, будзе адбываць пакараньне ў Бабруйскай калёніі. Гэтак мяркуе ягоны бацька, Валер Бандарэнка.

«Раней жа быў у Бабруйску. А цяпер дакладна пакуль невядома. Адвакат быў у яго двойчы, але дакладна і ён ня ведае».

Нагадаем, пасьля першага суду летась у кастрычніку Андрэя Бандарэнку ўжо былі адправілі для адбыцьця пакараньня ў Бабруйскую калёнію, але ў сьнежні менскі гарадзкі суд прысуд Бандарэнку адмяніў і адправіў справу на новы разгляд. Пасьля гэтага Андрэя Бандарэнку вярнулі ў Менск на «Валадарку». Новы працэс, аднак, склаўся зноў не на карысьць прадпрымальніка і гэтым разам гарадзкі суд не стаў мяняць прысуд Першамайскага раённага суду.
Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дому міліцыянта. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў таксама казаў на судзе пра карупцыю высокапастаўленых чыноўнікаў, якая выявілася ў справе Аўтуховіча і Асіпенкі.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага, якога «Міжнародная амністыя» была прызнала вязьнем сумленьня, трымаюць ў магілёўскай калёніі.

Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку судзілі другі раз. Ён сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG