Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыцары, драконы, сарокі, анёлы ды іншыя насельнікі беларускага неба і зямлі 22 траўня паселяцца ў Кіеве. У фундацыі Цэнтру сучаснага мастацтва а 16 гадзіне распачнецца паказ беларускай анімацыі. Імпрэза ладзіцца ў праграме фэсту «Беларуская вясна-2010».


Арганізатары, а гэта творчая ініцыятыва «Беларускі дэсант», абяцаюць, што Анімація.by пацешыць украінскіх кінагурманаў пранікнёнымі сюжэтамі і выштукаванымі тэхнічнымі прыёмамі. Рамантычныя студэнцкія візіі адценіць плястылінавы псыхадэл арт-групы «Дзеці сонца», аўтараў кліпаў «Ляпіса Трубяцкога». А на дэсэрт прапануюць сэрыю баек ад хэдлайнэра беларускай мультыплікацыі Міхаіла Тумелі і папяровых шэдэўраў майстра выцінанкі Вячаслава Дубінкі. Ён — галоўны герой фільма «Выцінанка-выразанка». Спадар Дубінка апавядае:

«Я там выразаю нейкія рэчы і ён іх як бы ажыўляе, робіць сваю казку. Яна пачынаецца пад гукі гурту „Троіца“ і далей ідуць карцінкі, як вясковыя маці з бацькам выпраўляюць сына, каб шукаў нявесту. Такі вясёлы фільм. Ну і даюць яны на цітрах мае выцінанкі. Вось такі фільм, на які, рэжысэр казаў, што я яго натхніў. Даўно ён выношваў такую ідэю і вось ідэя ажыла».

У праграме паказу яшчэ вылучаецца фільм «Беларускія прымаўкі», зьняты таксама Міхаілам Тумелем. Усяго заяўлена чатырнаццаць стужак. Што праўда, самая працяглая зь іх 22 хвіліны, а самая кароткая — 45 сэкундаў. Так што гледачы ня стомяцца. Тым больш, што суправаджаць паказ будзе музыка «Троіцы», «Ляпіса Трубяцкога» і іншых беларускіх музыкаў.

Анімація.by — гэта завяршальны відэапаказ фэсту «Беларуская вясна-2010», які доўжыцца ў Кіеве і шмат якіх украінскіх гарадах ад 10 траўня.
XS
SM
MD
LG