Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Варонежцаў: “Улада ваюе зь дзецьмі ды інвалідамі”


Юры Варонежцаў пасьля допыту.

Юры Варонежцаў пасьля допыту.


Гомельскі палітык, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Юры Варонежцаў і ягоная жонка накіравалі скаргі генэральнаму пракурору й начальніку Ленінскага РАУС Менску з нагоды ператрусу, праведзенага ў іх кватэры 18 траўня на падставе крымінальнай справы № 10011021318. Пастанову на ператрус вынес старшы сьледчы Ленінскага РАУС капітан міліцыі Юхневіч, а санкцыянаваў яе раённы пракурор Украінец.

«Калі ў нас ёсьць генэральны пракурор, то ён павінен спыніць гэтае беззаконьне, павінен прыняць усе магчымыя меры, каб перасталі пакутаваць мае дзеці. У мяне няпоўнагадовая дачка й сын-інвалід з дзяцінства. Уявіце сабе: уварваліся ў кватэру людзі, адабралі ў іх кампутары, дыскі, асабістую маёмасьць. Улада ваюе зь дзецьмі ды інвалідамі», — кажа Варонежцаў.

Ягоная жонка Ларыса ў скарзе на імя генэральнага пракурора піша, што істотная шкода правам і законным інтарэсам дзяцей і ёй асабіста нанесена з прычыны канфіскацыі асабістых рэчаў і грошай — яны «ні пры якіх абставінах ня могуць мець дачыненьня да нейкай крымінальнай справы».

Пералічваюцца рэчы, якія Варонежцавы патрабуюць неадкладна вярнуць: ноўтбук ACER, на якім няпоўнагадовая дачка робіць урокі, ейны дыск СD з запісам групы Rammstein, мобільны телефон Nokia 1680 і сыстэмны блёк кампутара, якія належаць сыну-інваліду.

Спадарыня Ларыса патрабуе таксама вярнуць належныя ёй 4700 даляраў і мабільны тэлефон Sony Ericsson. Самае прыкрае, што тэлефон у спадарыні Варонежцавай забралі пасьля таго, як яна вярнулася дадому, калі тут ужо ва ўсю ішоў ператрус. Мабільнік нават юрыдычна не ўваходзіў у кола рэчаў, якія падпадалі пад канфіскацыю.

Варонежцавы абураны й тым, што міліцыянты не пусьцілі ў кватэру сына-інваліда, і ён быў на вуліцы, не разумеючы, што адбываецца. І гэта пры тым, што правы й інтарэсы дзяцей і інвалідаў абараняюцца ня толькі нацыянальнымі законамі, але й міжнароднымі канвэнцыямі, якія падпісала Беларусь.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG