Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аднаго сымпатычнага пэрсанажа закладзены нос. Аўтару трэба як мага больш пераканаўча давесьці чытачу, што пэрсанаж не прыкідваецца, што соплі сапраўдныя. Як гэта зрабіць?

Адно з найбольш нестандартных і яркіх рашэньняў належыць Уладзіміру Набокаву. Захварэлая гераіня ягонага рамана “Подзьвіг” не смаркаецца прылюдна і не дэманструе чытачу смаркатку, як прасьціну пасьля першай шлюбнай ночы. Яна проста тлумачыць (па-расейску, вядома ж):

У бедя дасборг”.

Прамоўце гэта ўголас – “У бедзя дасборг” – і, нават будучы здаровым, вы абавязкова адчуеце, як нешта непрыемна апячэ нёба і горла, у роце на імгненьне зьявіцца брыдкі дух прастуды. Аўтару ўдалося расшыфраваць гукавы код хваробы – такое бывае нячаста.

Насмарк – ён жа воздры, катар і насмарга. Ён псуе жыцьцё спакваля, цішком і тым ня менш прымушае лічыцца з сабой увесь арганізм, ён – як суседзі, якія робяць у сябе капітальны рамонт. Гаймарытам і Атытам палохаюць дзяцей, калі тыя перастаюць верыць у Бабая і Бармалея. Але, на дзіва, і насмарк здольны быць да пары карысны грамадзтву.

Да прыкладу, канцлер фон Насмарк аб’ядноўвае нас і шыхтуе ў доўгія чэргі, дзе мы ўзаемнічаем і знаёмімся – ці ж гэта не дасягненьне?
Насмарк – прывілей здаровых людзей.
Насмарк заўжды кліча нас да дзеяньня, ён – ачышчальная рэакцыя арганізму, пашморгваньне носам – як сыгнал горна, які заклікае да абароны; містэрыя бунтоўных вадкасьцяў, твой прыватны ісьляндзкі вулькан. Насмарк – прывілей адносна здаровых людзей; чалавек, які ніколі ня чхае, відавочна мае сур’ёзныя праблемы з насаглоткай.

Сьлізь, што выходзіць з нас падчас насмарку, на першай стадыі свайго шляху – такая ж крывяная плязма, як і мача. Нават дзіўна, што дагэтуль не існуе якога-небудзь мэтаду самалячэньня з дапамогай гэтых выдзяленьняў, чароўнага адпаведніка ўрынатэрапіі, і ніхто пакуль не дадумаўся зьбіраць іх і шмараваць імі ранішнія бутэрброды. Момант чханьня – сакральнае імгненьне надзеі: заўжды, пазбаўляючыся ад непатрэбнага, мы прагнем запоўніць утвораную пустату чымсьці добрым, праз вызвалены нос, які толькі што чхнуў, чалавек гуляе ў лятарэю сусьвету: што яму дастанецца ўзамен? Таму шмат у якіх народаў прынята адразу ж зычыць таму, хто чхнуў, здароўя. А вось таму, хто ахайна высмаркаўся ў смаркатку, зазвычай нічога ня зычаць – ён сам сябе выключыў з гэтай цікавай гульні, змарнаваў шанец.

Henry Gray (1825–1861). Anatomy of the Human Body.1918

Але і праз смаркатку чалавека можа наведаць натхненьне. Нават праз чужую. Бык Маліган з Джойсавага “Уліса” пазычае ў Стывэна такую смаркатку, каб выцерці лязо брытвы, і кажа:

“Вось смаркатка барда. Новае мастацкае адценьне для нашых ірляндзкіх паэтаў: смаркатазялёнае. Амаль што адчуваеш смак, праўда?” (пераклад Яна Максімюка).

Аднак ня толькі ў ірляндцаў пры выглядзе смаркачоў абуджаецца муза. Вялікі, працавіты і мудры народ Беларусі таксама нярэдка натхняецца насмаркам. “Вісіць, як сапля” – так скажа фізрук пра нягеглага хлопца на папярэчыне.
Вісіць, як сапля.
А “вісіць на саплях” – гэта ўжо пра нешта нетрывалае і нежывое: пра мёртвага хлопца на папярэчыне, напрыклад. Увогуле, слова “сапля” ўжываецца ў пераносным сэнсе ў самых розных сфэрах – ад настольнага тэнісу да вайсковай справы – і зафіксавана больш чым у трыццаці выпадках: някепскі вынік. Кажуць, найноўшым зь іх карыстаюцца кампутарнікі, якія перарабілі ў “саплю” ангельскае supply.

Томас Вэйд. Мужчына казыча жанчыне нос пяром. 1860

Насмарк (ці, па-навуковаму, рыніт – зусім як назва каштоўнага каменя) – незаменны памочнік у вывучэньні замежных моваў. Як яшчэ навучыцца вымаўляць насавыя галосныя, якіх так багата, напрыклад, у польскай і францускай, але няма ў беларускай? Каша ў роце і закладзены нос – вось рэцэпт посьпеху ў фанэтыцы – калі ты ня геній і не папугай. Засталося прывесьці да ладу мэню ін’язаўскіх сталовых і тэмпэратуру паветра ў тамтэйшых лінгафонных кабінэтах.

Не зусім чужая насмарку і музыка. Пры наяўнасьці пэўных навыкаў чалавек з закладзеным носам здольны зайграць на ім ня толькі Грыга, Вагнэра і “Ты не чакай” Лявона Вольскага, але і гімн РБ. Лячыць ад насмарку такіх людзей – проста злачынства, гэта тое самае, што адсекчы рукі Сымону-музыку. Нараджэньне трагедыі з духу насмарку – перадумовай для гэтага можа стаць адно хранічная форма захворваньня.

Насмаркі, як вядома, бываюць розныя: найбольш вядомыя інфэкцыйныя і алергічныя. Часам яны – толькі прадвесьнікі іншых хваробаў, часам – паўнапраўныя ўдзельнікі мэдычнага дэтэктыву (як, скажам, у фантастычным рамане Лема “Katar“). Апрача іх, ёсьць яшчэ сэксуальны насмарк: рэдкая зьява, як сьлед яшчэ ня вывучаная.
Сэксуальны насмарк: рэдкая зьява.
На яго хварэе ўсяго некалькі адсоткаў насельніцтва плянэты. Сэксуальны насмарк нападае на свае ахвяры адразу пасьля зьдзяйсьненьня полавага акту, доўжыцца ад некалькіх хвілінаў да некалькіх гадзінаў і потым зьнікае – да наступных любошчаў. Аднак найчасьцей ён праяўляецца ў тых, хто толькі пачынае полавае жыцьцё. Такімі вось незвычайнымі зьнітаваньнямі могуць пахваліцца некаторыя арганізмы; гэткі насмарк ня дасьць каханкам сумаваць у той час, калі post coitum omne animal triste est.
XS
SM
MD
LG