Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У фірме "Дзіксэнд" пра крымінальную справу ня ведаюць


Падставай для затрыманьня актывістаў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" стала крымінальная справа, пачатая адносна кіраўніцтва выдавецкай фірмы "Дзіксэнд". Гэта вынікае з паведамленьня, якое зьявілася на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

У ім гаворыцца, што 17 траўня Ленінскі РУУС Менску пачаў крымінальную справу адносна кіраўніцтва выдавецкай фірмы ТАА "Дзіксэнд" па артыкуле "Распаўсюд ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах".

Падставай для пачатку крымінальнай справы сталі вынікі праверкі заявы ад уладальнікаў таварыства з абмежаванай адказнасьцю аб незаконным выкарыстаньні гандлёвай назвы, юрыдычнага адрасу і іншых дадзеных іхнай фірмы на друкаванай прадукцыі ТАА "Дзіксэнд". Заява паступіла 29 красавіка гэтага года.

Падчас апэратыўна-сьледчых дзеяньняў было ўстаноўлена, што гэтая друкаваная прадукцыя выраблялася на замову кіраўнікоў руху "Наперад" і грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Уладзімера Някляева і Сяргея Вазьняка.

Дырэктар ААТ "Дзіксэнд" Аляксандр Болдыраў распавёў Свабодзе, што ня ведае ні пра якую крымінальную справу:

"Ніякай крымінальнай справы няма, я так думаю. Калі штосьці і ёсьць, то гаспадарчае. Калі будзе – і ці будзе – гаспадарчы суд, тады і разьбярэмся, ёсьць там справа ці не. Так, была праверка, але вынікі пакуль невядомыя".

Ці друкаваліся паштоўкі кампаніі "Гавары праўду" у "Дзіксэндзе", спадар Болдыраў адказваць адмовіўся.
XS
SM
MD
LG