Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Газпром": доўг Беларусі можа вырасьці да паўмільярда


У расейскім газавым канцэрне "Газпром" паведамілі, што па выніках І кварталу 2010 году Беларусь так і не сплаціла запазычанасьць за спажыты газ у памеры 137 мільёнаў даляраў.

У сваю чаргу, газатранспартнае прадпрыемства "Белтрансгаз" адмаўляе наяўнасьць доўгу, спасылаючыся на вусныя дамоўленасьці кіраўнікоў дзьвюх краінаў адносна кошту паліва — 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. Расейскі ж бок настойвае на неабходнасьці трымацца формулы кантракту, згодна зь якой цана ў І квартале з ужываньнем паніжальнага каэфіцыенту 0,9 была амаль 170 даляраў, а ў ІІ-м падвысілася да 184 даляраў.

Афіцыйны прадстаўнік "Газпрому" Сяргей Купрыянаў на запыт Радыё Свабода — ці насамрэч існуюць праблемы з аплатай газу Беларусьсю — у пісьмовым адказе паведаміў літаральна наступнае:

Сяргей Купрыянаў
"Так, сапраўды, запазычанасьць за пастаўлены ў Беларусь газ павялічваецца зь месяца ў месяц. "Белтрансгаз" вырашыў аплачваць пастаўкі не паводле кантрактнага кошту, а паводле вызначанага ім самім у аднабаковым парадку. І як вынік — за студзень-сакавік запазычанасьць дасягнула 137 мільёнаў даляраў. Сёньня быў тэрмін чарговага плацяжу, доўг узрос яшчэ на 55 мільёнаў — да 192 мільёнаў даляраў. Калі "Белтрансгаз" так будзе паводзіць сябе і надалей, то да канца году запазычанасьць можа дасягнуць 500—600 мільёнаў даляраў. Сытуацыяй, якая складваецца, мы вельмі заклапочаныя!"

Спадар Купрыянаў ня стаў удакладняць, ці можа сытуацыя дайсьці да радыкальнага разьвязаньня, як варыянт — да спыненьня паставак газу ў Беларусь. Аднак у офісе "Газпрому" патлумачылі: прагноз сярэдняга кошту газу для Беларусі на 2010 год — 185 даляраў за тысячу кубамэтраў. З улікам намеру набыць 21 мільярд кубамэтраў атрымліваецца 3 мільярды 900 мільёнаў даляраў, аднак пры "самавызначанай цане" выйдзе крыху больш за 3 мільярды.

У "Белтрансгазе" адмаўляюцца ад камэнтароў наконт розначытаньняў у коштах на прыродны газ. Аднак былы супрацоўнік газатранспартнага прадпрыемства Аляксандар Мех уяўляе, адкуль узялася лічба ў 150 даляраў. У I квартале летась кантрактная цана для "Белтрансгазу" была 210 даляраў за тысячу кубамэтраў, прагноз на ўвесь год — блізу 150. Відаць, беларускі бок вырашыў не ламаць звыклую схему і плаціць па-старому:

"Справа ў тым, што гэта пытаньне палітычнае, і тут зараз няма ніякай эканомікі. Толькі палітыка. Таму і прымацца рашэньні будуць выключна палітычныя. Бо калі падыходзіць з гледзішча рынкавай эканомікі, то калі ёсьць дамова плаціць адзін кошт, а другі бок плаціць зусім інакш, то гэта ўжо не эканоміка. Безумоўна, тут ідзе торг, пры якім мае месца пэўны шантаж: маўляў, ёсьць такая цана, але мы вам будзем плаціць менш. То бок — наўмыснае правакаваньне канфлікту".

Расейскі "Газпром" нагадвае, што разьліковы кошт газу для Беларусі і без таго самы нізкі. Дакладней, ніжэйшы за эўрапейскі на велічыню экспартнай пошліны — то бок на 30%. Аднак за І квартал 2010 году "Белтрансгаз" заплаціў усяго 964 мільёны даляраў — пратэрмінаваная запазычанасьць склала 12,5% ад агульнай сумы аплаты за згаданы пэрыяд. Аплату паставак газу за красавік "Белтрансгаз" павінен быў зрабіць да 23 траўня, а фактычна — да сёньняшняга дня, бо 23-га прыпадае на выходны дзень.

Экспэрт у газавай сфэры Аляксандар Мех кажа, што, нягледзячы на ўсё часьцейшыя антырасейскія выпады з боку Аляксандра Лукашэнкі, адносны дабрабыт Беларусі трымаецца выключна на дэмпінгавых коштах паліўнай сыравіны:

Аляксандар Мех
"На гэтым сёньня эканоміка Беларусі і трымаецца. Калі зрабіць для краіны той рынкавы кошт, які зараз ёсьць у сьвеце, то эканоміка ня вытрымае. Ня вытрымаюць ні людзі, ні прадпрыемствы. Сёньня ўся прамысловасьць, камунальная гаспадарка будуецца і трымаецца менавіта вось на гэтым танным газе. А газ на гэты момант — дзесьці на 85—86% у паліўна-энэргетычным балянсе краіны".

Карэспандэнт: "Як лічыце, да перакрываньня кранаў справа дойдзе?"

"Шляхі будуць шукацца, будуць выстаўляцца ўмовы з аднаго і з другога бакоў. Але ж пытаньне, яшчэ раз паўтару, тут палітычнае. Мы, на жаль, ня ведаем нюансаў у сувязі з тым, што ўсё адбываецца за зачыненымі дзьвярыма. І мы папросту можам толькі здагадвацца, за што ідзе торг. Калі б гэта была адкрытая рынкавая эканоміка і адкрытыя краіны, то можна было б неяк прагназаваць разьвіцьцё падзеяў. А так — нельга, таму што гэта цалкам, на 100% палітычная справа".

У "Газпроме" паведамілі, што лісты з папярэджаньнямі накіраваныя ў "Белтрансгаз" і Савет міністраў Беларусі. У канцэрне нагадваюць, што пры "небясьпечным" узроўні запазычанасьці могуць быць ужытыя акрэсьленыя ў кантракце санкцыі, у тым ліку — абмежаваньне паставак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG