Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сон як лякмусавая паперка здароўя



Калі сьпіш меней за 6 гадзінаў штодня, то можаш заўчасна памерці. Такая выснова вынікае з 16-ці глябальных дасьледаваньняў на тэму ўзаемасувязі паміж сном і сьмерцю, праведзеных навукоўцамі ЗША, Вялікабрытаніі, шэрагу іншых краін Эўропы, а таксама Азіі. Паводле дасьледчыкаў, шкодзіць здароўю і доўга спаць — даўжэй за 9 гадзінаў. Аптымальны час, які карысна аддаваць сну — паміж 6 і 8 гадзінамі.

Дадзеныя дасьледаваньняў зьмешчаныя ў часопісе Sleep. Адмыслоўцы выказваюць заклапочанасьць у зьвязку з тым, што ў сучасным грамадзтве назіраецца небясьпечная тэндэнцыя да скарачэньня сну.

Як лічыць прафэсар Джым Хорн з брытанскага цэнтру дасьледаваньняў сну ў Лафбары, "сон — лякмусавая паперка псыхічнага і фізычнага здароўя чалавека". Сон, дакладней — яго якасьць, уплывае як на працэс захворваньня, так і на працэс выздараўленьня. Гэта тычыцца самых розных галінаў мэдыцыны.

Так, паводле адмыслоўцаў-эндакрынолягаў з мэдычнага цэнтру Лейдэнскага ўнівэрсытэту ў Нідэрляндах, усяго толькі адна бяссонная ноч можа перашкодзіць арганізму нармальна выкарыстоўваць інсулін для перапрацоўкі цукру. Таму сувязь паміж скарачэньнем сну і ростам рэзыстэнтнасьці, прывыканьня да інсуліну і ўзьнікненьнем набытага дыябэту можна лічыць невыпадковай.

Навукоўцы сьцьвярджаюць, што ім удалося знайсьці некалькі мэханізмаў сувязі паміж сном і цукровай хваробай. Напрыклад, дрымота можа паўплываць на натуральныя рытмы арганізму, у выніку чаго зьменіцца актыўнасьць розных гармонаў. Абуджэньне ж — заўсёды стрэс для чалавека, бо адбіваецца на ўзроўні цукру ў крыві.

Як падсумоўвае дадзеныя дасьледаваньняў, праведзеных у нідэрляндзкім унівэрсытэце, кіраўніца групы, прафэсар Эстэр Донга, "недахоп начнога сну ўзьдзейнічае на рэгуляваньне абмену больш сур’ёзна, чым лічылася раней".

Тым часам прафэсар Рон Эклз, кіраўнік Цэнтру прастуды пры ўнівэрсытэце Кардыфа ў Вялікабрытаніі, засяроджвае ўвагу на сувязі хранічнага недахопу сну з шэрагам імунных захворваньняў. Паводле ягоных слоў, сабрана дастаткова доказаў таго, што "парушэньні сну, пэрыядычныя абуджэньні нэгатыўна ўплываюць на здольнасьць імунітэту супрацьстаяць інфэкцыям".

І яшчэ адно дасьледаваньне, якое правялі навукоўцы Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў ЗША. Паддосьледнымі добраахвотна сталі больш за 15 тысяч падлеткаў ва ўзросьце ад 12 да 18 гадоў.

Як вынікае з атрыманых дадзеных, гэтак званыя "совы", то бок тыя, хто кладзецца спаць пасьля 12 гадзіны ночы, на 24% часьцей схільныя да дэпрэсіяў, чым іх раўналеткі-"жаўрукі", якія кладуцца ў ложак да 10 гадзіны вечара.Таксама совы больш за жаўрукоў схільныя да суіцыду.

Дасьледчыкі таксама сьцьвярджаюць: у тых, хто спаў меней за 5 гадзінаў у дзень, рызыка дэпрэсіі на 71% вышэйшая, чым у тых, хто спаў па 8 гадзінаў. Рызыка схільнасьці да суіцыду ў такіх падлеткаў на 65% меншая.

Кіраўнік дасьледаваньняў Джэймс Гэндвіш перакананы, што недахоп сну ўзьдзейнічае на эмацыйныя рэакцыі мозгу і спараджае розныя настроі, якія зьніжаюць здольнасьць супрацьстаяць стрэсам. Гэта можа адбівацца на памяркоўнасьці, канцэнтрацыі і спрыяць імпульсіўным дзеяньням.

Паводле прафэсара, адэкватны якасны сон можа прадухіляць і лекаваць дэпрэсіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG