Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сёмкава будзе лецішчам-спадарожнікам, калі расейцы не захопяць…”


У навакольлі вёскі Сёмкава, што за 20 кілямэтраў ад сталіцы і практычна на ўзьбярэжжы Менскага мора, адпачываюць і жывуць тысячы менчукоў зь міліцыі, гандлёвых арганізацый, «Менскпраекту», трактарнага заводу. Колькасьць іхніх лецішчаў ды катэджаў, кажуць, хутка пераваліць за тысячу. Некалькі год таму, аднак, тут здарылася аварыя з адценьнем канфузу.


Увесну з-за наступу талай вады «ўзьядналіся» з каналізацыяй дзьве саўгасныя сажалкі з гноем. Усё павыцякала ў Заслаўскае вадасховішча — акурат насупраць рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Драздах. Я ж зараз ехаў у тутэйшую «бізнэс-імпэрыю пана Тадэвуша Рэдзькі», як жартаўліва пачалі называць мы зь ім у часе знаёмства дзьве крамы, кавярню з гатэлем ды тры ангары-сховішчы, сабраныя пад назвай «Ласемір». Усё гэта 10 год таму заснаваў гаспадар — 61-гадовы цяпер, сярэдняга росту, усьмешлівы чалавек з адкрытымі ілбом ды вачыма і выразным беларускім акцэнтам. Дарэчы, з-за цікаўнасьці да мовы ды гісторыі ён і пазнаёміўся з суседам па лецішчы, паэтам Алесем Клышкам, маім добрым знаёмцам. Якому і абавязаны «панскім» прозьвішчам. На маё пытаньне ўсьміхнуўся:


Карэспандэнт: «Як патомны „заходнік“, любіце, калі вас называюць „пан Тадэвуш“?»

Рэдзька: «Першы раз „панам“ назваў мяне Алесь Клышка, калі пазнаёміліся. Натуральна, падабаецца, калі цябе паважаюць як гаспадара. Сам карэнны беларус зь Дзятлава, мая маці сябравала з маці Грыба. Інжынэр-электрык, працаваў шахцёрам у Данбасе, служыў на флёце, у Менску на станкабудаўнічым, у малочнай прамысловасьці. У мяне шыкоўная пэнсія — 230 рублёў!»

Карэспандэнт: «У даярак за 400 — крыху не дадаіў…» (Сьмех.)

Рэдзька: «Прадпрымальніцтвам заняўся ў 90-х. Займаўся дрэваапрацоўкай — шмат было стратаў, калі былі жахлівыя падаткі, залежаў ад арандатара. Крэдытаў ня браў ні рубля, грошы зарабіў у Якуціі, на будаўніцтве ГЭС…»

Карэспандэнт: «А чаму Сёмкава абралі?»

Рэдзька: «Быў знаёмы дырэктар саўгасу, які прапанаваў у 2000-м гэту разваліну-фэрму. Уваліў 9 тысяч даляраў. Купіў станкі, займаўся дрэвам, заключаў кантракты зь немцамі — рабілі туды паддоны. З фірмай у Гановэры хацелі зрабіць СП. Немцы праз маю фірму — малайчына амбасадар Садоўскі — хацелі ўкласьці сюды 40 млн. дойчмарак, прычым незваротна, у выглядзе лініяў для масла- і мясаперапрацоўчых заводаў, даць тэхніку фэрмэрам. Але дагавор з палітычных прычын, ад мяне незалежных, „зарубілі“…»

Выйшлі з джыпа ля агароджаных трох ангараў «Ласеміра» па 150 квадратных мэтраў, што на ўскраіне Сёмкава. 7 год таму адзін зь іх узяла ў арэнду ў пана Тадэвуша менская фірма «Белэканоммаш». 22-гадовы загадчык склада Лёша Зубарэвіч інфармуе:

Зубарэвіч: «Працэнтаў на 20 тут менш — гадавая арэнда 1200 даляраў, а ў Менску было б да паўтары тысячы…»

Заходзім у «Дыяніс» — краму будаўнічых матэрыялаў, што належыць аднайменнай фірме 33-гадовага сына, Дзяніса Рэдзькі. Сам ён пакуль на вуліцы, мурзаты ды ўвесь у пыле — разгружае мяхі з цэмэнтам. Пан Тадэвуш уводзіць у «курс спраў»:

Рэдзька: «Гандлюем будаўнічымі сумесямі, дахавым крыцьцём, дрэваапрацоўкай. Калі крамы не было, мясцовыя ў Менск езьдзілі па цьвік. Цэны такія ж, але зь Сёмкава бліжэй цягнуць, чым зь Менску. Лецішча ж тут 35 тысячаў даляраў каштуе з чатырма соткамі, катэджы будуюць. І на прыбытак выйшлі — у нас сямейны бізнэс. Зрабілі прадуктовую краму, кавярню на 40 чалавек у банкетнай залі і гатэль уверсе, калі хто падап’е…»

Карэспандэнт: «А найманых колькі ў вас?»

Рэдзька: «У мяне бухгальтар, 9 прадаўцоў у крамах і 11 у кавярні — прадаўцы ўсе мясцовыя…»

У пустэльнай з раніцы гандлёвай залі знаёмлюся з прадавачкай, 39-гадовай Жанай Нікалайчык. 20 год як пасьля разводу з мужам перабралася да бацькоў у Сёмкава. Але лічыць, што пашанцавала апошнія тры, як стала працаваць у «Дыянісе».


Карэспандэнт: «А сярэдні заробак у вас?

Нікалайчык: «800 тысяч. Хто жыве ў вёсцы, працуе ў Навінках, сухотнай бальніцы, ёсьць фабрыкі „Дэні“ і лялек зь меху. Але мне на „Дэні-прадукт“ да 400 выходзіла, дык трэба было значна больш папрацаваць на фасоўцы…»

У кавярні «Карсар» за кубачкам кавы ўдараемся ва ўспаміны, якія, як і ў кожнага, хто ўвесь час на вастрыні падзеяў, зьвязаныя ў пана Тадэвуша з этапамі ў жыцьці краіны.

Карэспандэнт: «Як вы выжылі праз ліхалецьце 90-х, уладны ціск 2000-х?»

Рэдзька: «Было малое прадпрыемства, потым унітарнае, цяпер таварыства з дадатковай адказнасьцю. Падаткі вялікія — гэта 30-40 % прыбытку. Калі сюды прыйшоў, і днямі, і начамі кім тут толькі ня быў — вартаўніком, электрыкам, сам праектаваў — уся сям’я тут працавала. З 2000 году першы раз у мінулым годзе паехаў адпачыць зь сям’ёй у Эгіпет. Калі зьяжджаў з хаты, бацька даў 500 рублёў. Сёньня хачу пакінуць сыну капітал, які змог тут зарабіць. Прыяжджалі расейцы, хацелі мяне скупіць. Натуральна — не! Я сёмкавец ужо, укараніўся, а ўнук будзе сёмкавец у трэцім калене — Кірыл…»

Карэспандэнт: «Ці магчыма расейцам „ціскануць“ беларусаў пад Менскам — плошчы ж і месцы выгодныя, прывабныя…»


Рэдзька: «Сёньня ўжо купляюць землі на падстаўных асоб. На 100% так здарыцца, калі прыйдуць, бо ў такіх камэрсантаў, як я, тое, што мы зрабілі, пабудавалі — пыл для расейскага бізнэсу. За імі — мільярды, за намі — кроў і пот. Калі зробяць адзіную эканамічную прастору, гэта небясьпечна для беларускага бізнэсу і краіны. Умовы ў нас розныя — і падаткі, і зарабіць грошы ня можаш, бо дзяржава ўмешваецца, дыктуе. З райвыканкамам цяпер цяжэй — павялічыўся штат у некалькі разоў. Больш паператворчасьці — шукаюць мо працу сабе. І ходзіш па кабінэтах месяц, каб вырашыць пытаньне. Для таго каб не адбылося праглынаньне Беларусі, трэба іншыя ўмовы ствараць…»

Падышоў непазнавальна-сьціплы ў цывільным Дзяніс. У прадпрымальніцтве з бацькам ужо 18 год, скончыў машынабудаўнічы тэхнікум. Калі ж загаварыў, адчулася, што, як кажуць, «змагар».


Дзяніс: «Прыйдуць расейцы — што, яны нас выселяць? Зямля на 100 год у арэндзе ў „Ласеміра“, які спраўна плаціць падаткі! Пашлём іх… Канечне, наколькі ім дзяржава дазволіць сваволіць…»

Карэспандэнт: «Але на дзяржаўную працу па спэцыяльнасьці ты ніколі ня пойдзеш?»

Дзяніс: «Адназначна! Што б ні адбылося, толькі праца на сябе — дзякуй богу, ужо 10 год працую…»

* * *

Вандроўка непасрэдна па вуліцах Сёмкава пачалася зь неспадзявана-прыемнага — у адной з расчыненых брамаў нечага чакалі маці і сын Людміла і Сяргей Івановы. Аказалася — сустрэў аднадумцаў і завочных знаёмцаў!


Іванова: «І раніцай, і ўвечары слухаю — у кухню зайшла, уключаю хутчэй кропку „Свабоды“, тады ўжо гарбату стаўлю. Увечары ў 6 гадзін прыйшла — у мяне ў хаце жыве 10-15 чалавек, і ўсе слухаюць…»

Сяргей разам з старажылам, 73-гадовым былым дырэктарам школы, спадаром Аляксандрам Доўбарам, які падышоў сюды ж, узгадалі гісторыю ды паданьні пра Сёмкава.

Сяргей: «Паны Сёмка і Арон былі, палаяліся — і атрымалася Аронава Слабада і Сёмкаў Гарадок, а дзеці іх — Сёмкі — пабудавалі Сёмкава…»


Доўбар: «Тут некалі панская сядзіба Халкоўскага была, а пасьля рэвалюцыі з ініцыятывы жонкі Чарвякова тут дзіцячую калёнію зрабілі накшталт макаранкаўскай, чалавек на 400. На пачатку 50-х з ініцыятывы Хрушчова арганізавалі дзіцячую школу-інтэрнат санаторнага тыпу для сардэчнікаў і хворых на ныркі. Распусьцілі гады чатыры, нікому не аддалі, і ўсё ўнутры пагніла — помнік усяму савецкаму…»

Старэйшая Іванова з суседкай, школьнай вартаўніцай, спадарыняй Кулік, якой пасьля гэтага эфіру празь дзень на пэнсію, нібы падвялі вынік:


Кулік: «Сёмкава пустое даўно — пажылыя памерлі, маладыя ўжо ў Менску. Зарабляю 350 — гэта грошы?»

Іванова: «Нашы ўсе ў горадзе, а ў калгасе тыя, хто прыехаў зь Піншчыны — здымаюць хату ці ў бараку калгас пакой дасьць. І — на трактар ці ў цяпліцу. На Століншчыне ж разальецца ўсё — і 300 рублёў не заробіш, а тут бывае і 1,5 млн…»

А з гэтай кабетай я сустрэўся ля прыпынку: яна выйшла з аўтобуса, на якім штодзень езьдзіць у Менск, дзе працуе прадавачкай. Але пра сыход з фэрмы, дзе рабіла даяркай, не шкадуе. І зьяжджаць не зьбіраецца …


Шальмановіч: «Было раней 90 кароў у людзей, цяпер 10 — і кожны сам трымае, статак ня гоняць. Зараз і сена няма — усё пад лецішчы прадалі. Але матэрыяльна жыць выгадней, чым у Менску, бо садзім, вырошчваем моркву, буракі, бульбы 10 сотак — усяго хапае. І што такое кватэра, а што прыватны дом? У Менску працаваць буду, а жыць, дык у Сёмкаве…»

Неабходныя тлумачэньні. Тры гады таму збудаваньні ды землі мясцовага разваленага саўгасу «Азёрны» выкупіла, пакінуўшы ранейшую назву, прыватная прадуктовая фірма. Ужо новы абвал наступіў праз паўтара года. Ля былога праўленьня, разам з панам Тадэвушам, які таксама вырашыў пагутарыць зь мясцовымі, сустрэліся з дырэктарам філіялу, спадаром Сяргеем Пішчалам.

Пішчала: «Трэба было новыя фэрмы будаваць — крэдытаў не далі прыватнай фірме. Кароў 440 аддалі ў іншыя гаспадаркі за паўцаны — хутка год, як яны і гэтыя грошы не аддалі. І людзям няма чым плаціць. Зараз стаўка на гародніну, бульбу і зерне. Працуе 85 чалавек у нас, а насельнікаў дзьве тысячы — у калгас ніхто ня хоча ісьці…»

Карэспандэнт: «А што можаце заплаціць?»

Пішчала: «Мэханізатарам у сярэднім за год 800 тысяч, а на палявых менш за 500 не атрымліваюць…»

Тадэвуш Рэдзька камэнтуе:

Рэдзька: «Яны будынкі купілі, а зямлёй ня маюць права валодаць — могуць араць, зьбіраць ураджай, а землі дзяржаўныя. Колькі тут старшыняў памянялася — былі й такія, каб толькі нажыцца. Ведаў аднаго з Крычава кіраўніка — прывык, каб слова ніхто ўпоперак не сказаў. Але тут нічога не атрымлівалася — народ вольны, плюнуў, паехаў у Менск уладкаваўся. Лёс вёсак паблізу Менску беспэрспэктыўны. І народ сьпіваецца — тут засталося пару жыхароў з тых, каго ведаў 10 год таму. І які тут аграрны бізнэс! Саўгас разваліўся, бо чалавек не адчувае сабе гаспадаром. Бачу дырэктара саўгаса — ну не яго ўсё, зь яго патрабуюць, дыктуюць — што, дзе, колькі садзіць і, галоўнае, за што прадаць і куды! Таму не заробкі, а „заробачкі“…»

«Заробачкі» яшчэ нішто — карэнныя, як мы чулі, ня скардзяцца. Горш са спадзяваньнямі на паляпшэньне ўмоў жыльля ды побыту — кажа ўжо знаёмая Жана Нікалайчык.

Нікалайчык: «Ацяпленьне ў гэтым годзе стала нармальным, але гарачай вады ўсё роўна няма, бо ў кацельнай сапсаваўся насос. А саўгас распаўся, мы нікому непатрэбныя. Хто тытаны пабудаваў, тым нармальна. А так — у каго жыльля няма, у каго грошай на яго. Дапусьцім, у бацькоў жыву пасьля разводу. Каб пабудавацца, 7 мільёнаў трэба на першы ўнёсак у сельсавет. А ў крэдыты лезьці на 40 год пры сёньняшняй эканамічнай сытуацыі — баюся рызыкаваць. А дачцэ 18 год — трэба замуж аддаць. Трэба больш законы ведаць ці як іх абыходзіць — я ня ўмею!» (Сьмяецца.)

І ўсё-ткі маці і сын Івановы ў будучыню глядзяць з асэнсаваным аптымізмам:

Івановы: «Будзе горад-спадарожнік, а не пасёлак лецішчаў. Празь Сёмкава будзе праходзіць другая кальцавая ля Менскага мора, і насельнікаў, паводле апошняга перапісу, каля 10 тысяч з катэджамі… Я ў краме працавала, калі па картках прадукты запісвалі — было яшчэ 4,5 тысячы зь дзьвюма вёскамі ў 85 годзе — мы тут пэрспэктыўныя, ніяк не загінем!»
XS
SM
MD
LG