Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры “Ўсходняга партнэрства” — крок насустрач Маскве?


Краіны «Ўсходняга партнэрства»
Краіны «Ўсходняга партнэрства»

Праграма Эўразьвязу «Усходняе партнэрства» яшчэ афіцыйна не пачала працаваць, а некаторыя краіны ўжо прапануюць стварыць «групу сяброў» праграмы. Пра такі намер сёньня паведаміў на брыфінгу ў МЗС Беларусі прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных.

Ён таксама сказаў, што Беларусь хацела б увесьці ў «групу сяброў» найперш Расею і Казахстан.

У польскім курортным горадзе Сопат 24 траўня пройдзе нефармальная сустрэча міністраў замежных спраў краін ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства». Беларусь на ёй будзе прадстаўляць кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Сяргей Мартынаў, — паведаміў Андрэй Савіных:

«Плянуецца падвесьці вынікі першага году падрыхтоўкі дадзенай ініцыятывы, абмеркаваць практычныя пытаньні, якія зьвязаныя зь яе разьвіцьцём, мэханізмы фінансаваньня праектаў, прыярытэтныя задачы на бліжэйшую пэрспэктыву. Міністры таксама абмяркуюць ініцыятыву Польшчы і Гішпаніі аб стварэньні „групы сяброў“ „Усходняга партнэрства“. Яна прадугледжвае падключэньне трэціх краін да яе дзейнасьці».

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі паведаміў: кожная краіна можа прапаноўваць розных кандыдатаў у «групу сяброў». Натуральна, журналісты адразу пацікавіліся: а якія ж намеры тут у Беларусі? Андрэй Савіных адказаў так:

«Рэспубліка Беларусь, натуральна, прапаноўвае сваіх партнэраў па Мытным саюзе, найперш — Расею і Казахстан. Мы лічым, што іх удзел будзе садзейнічаць умацаваньню адзінай эканамічнай прасторы ў рамках Вялікай Эўропы».

Сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Сяргей Калякін кажа, што ня бачыць сэнсу ў стварэньні «групы сяброў» «Усходняга партнэрства»:

«Яшчэ само „Ўсходняе партнэрства“ не пачало працаваць, там наагул яшчэ нічога няма. Была Праская дэклярацыя ў траўні мінулага году — і ўсё. Парлямэнцкае вымярэньне „Эўранэст“ замарожанае, і невядома, пачне яно працаваць сёлета ці не пачне? Праекты, якія тычацца грамадзянскай супольнасьці, таксама „на нулі“. На мой погляд, гэта нейкае забяганьне наперад альбо проста ініцыятыва дзеля ініцыятывы».

Палітоляг Алесь Лагвінец кажа, што калі сапраўды новая ініцыятыва сыходзіць ад Польшчы і Гішпаніі, то гэта ёсьць…

«… спроба дадаць новыя рысы да „Ўсходняга партнэрства“, якое яшчэ фармуецца. І таксама, зважаючы на тое, што гэтая прапанова найперш скіраваная да Расеі, то гэта можа быць жэст у яе бок. Робіцца гэта, каб яшчэ раз падкрэсьліць тое, пра што неаднаразова кажуць высокія эўрапейскія чыноўнікі, а менавіта — „Усходняе партнэрства“ ніякім чынам не накіраванае супраць Расеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG