Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўскае незалежнае выданьне атрымала прэмію імя Буцэрыюса


У імпэратарскай залі гамбурскай ратушы адбылося ўрачыстае ўзнагароджаньне ляўрэатаў прэміі для Ўсходняй Эўропы імя нямецкага журналіста і выдаўца Герда Буцэрыюса. Пераможцамі названыя беларускае выданьне «Борисовские новости», расейская газэта «Арсеньевские вести» (Прыморскі край), грузінскі часопіс «Лібералі», тры журналісты з Азэрбайджану, Армэніі, Расеі.


«Борисовские новости» былі абраныя высокім эўрапейскім журы спаміж 47 кандыдатаў за сваю крытычную пазыцыю ў дачыненьні да ўладаў.

Пераможцаў віталі вядомыя эўрапейскія журналісты, літаратары і грамадзкія дзеячы. Маскоўскі пісьменьнік Віктар Ерафееў сказаў у сваёй прамове: «Журналіст, які крытыкуе дзяржаўную ўладу, адыгрывае на постсавецкай прасторы нейкую новую, незасвоеную яшчэ ролю. Ёсьць межы паміж прымальнай і непрымальнай крытыкай. Апошняя пачынаецца там, дзе пачынаецца злачынства дзяржаўнай улады. Можна абурацца ўсім магчымым у сьвеце. І многія выданьні поўныя гэтага сыстэматычнага абурэньня. Тым ня менш існуе магічнае слова „рэжым“, якое ня ўпісваецца ў фармат гэтага абурэньня. І тады рэакцыі з боку ўладаў становяцца непрадказальнымі».

«Прынцыпы і сьмеласьць ляўрэатаў, іх адстойваньне свабоды ў СМІ, супрацьстаяньне рэпрэсіям» адзначыў і старшыня нямецкай фундацыі «ЦАЙТ-Штыфтунг» — аднаго з заснавальнікаў прэміі для ўсходнеэўрапейскіх журналістаў прафэсар Міхаэль Гёрынг і іншыя прамоўцы.

Сярод ранейшых беларускіх ляўрэатаў прэміі — журналісты Мікола Маркевіч і Сьвятлана Калінкіна, газэты «Брестский курьер», «Витебский курьер», «Белорусская деловая газета», «Народная воля», «Белорусский рынок», «Свободные новости», «Салідарнасць», баранавіцкі тыднёвік «Intex-press», агенцтва «БелаПАН» і іншыя.


XS
SM
MD
LG