Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь якім прэзыдэнтам будзе размаўляць афіцыйны Менск?


Апошняе публічнае зьяўленьне Курманбека Бакіева.
Апошняе публічнае зьяўленьне Курманбека Бакіева.

У Генэральнай пракуратуры Беларусі заяўляюць, што дагэтуль не атрымалі ўсіх неабходных дакумэнтаў для экстрадыцыі экс-прэзыдэнта Курманбека Бакіева. Апошняе публічнае зьяўленьне Курманбека Бакіева ў Менску адбылося падчас прэс-канфэрэнцыі 23 красавіка.

Тым часам Роза Атунбаева стала прэзыдэнтам пераходнага пэрыяду.

Часовы ўрад Кіргізстану надзяліў сваю кіраўніцу Розу Атунбаеву прэзыдэнцкімі паўнамоцтвамі да канца 2011 году. Палажэньне аб часовым прэзыдэнце мае быць зацьверджана 27 ліпеня на рэфэрэндуме аб новай Канстытуцыі. Ці прызнаюць беларускія ўлады прэзыдэнта Атунбаеву? На гэта прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных сказаў:

«Падобна, што тут гаворка ня йдзе пра нейкія прызначэньні. У цэлым увесь Часовы ўрад павінен правесьці працэдуру легітымізацыі. То бок у Кіргізстане павінна зьявіцца легітымная ўлада, якая будзе прызнаная суседзямі і іншымі дзяржавамі міжнароднай супольнасьці. Як гэты працэс будзе праведзены — гэта пытаньне да кіргіскага боку. Магчыма, гэта крок у гэтым кірунку. Пакуль рана пра нешта гаварыць».
У Кіргізстане павінна зьявіцца легітымная ўлада, якая будзе прызнаная суседзямі і іншымі дзяржавамі міжнароднай супольнасьці.


Пакуль амбасадар Беларусі ў Кіргізстане, адкліканы для кансультацый, застаецца ў Менску. Ці азначае гэта, што ён вернецца ў Бішкек пасьля легітымізацыі Часовага ўраду?

«Пасольства было адклікана зь меркаваньняў бясьпекі. І як толькі сытуацыя нармалізуецца, яны вернуцца. Без увязкі зь нейкімі іншымі працэсамі».

Як паведамілі ў прэс-службе кіргіскага Міністэрства замежных спраў, амбасадарка Кіргізіі Ішанкуль Балджурава, якая цягам тыдня знаходзілася ў камандзіроўцы ў Бішкеку, накіравалася ў Менск.

Кіргіскі бок патрабуе ад афіцыйнага Менску экстрадыцыі зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, якога вінаваціць у датычнасьці да расстрэлаў мірных грамадзянаў. У Генпракуратуры Беларусі сказалі, што пакуль не атрымалі ўсіх патрэбных дакумэнтаў. Прадстаўнік кіргіскай пракуратуры Тылек Мурзакулаў сказаў:

«Праблемаў ніякіх няма. Запыт на выдачу мы накіравалі факсам у Генпракуратуру Беларусі. Арыгіналы нашага запыту з дадатковымі матэрыяламі на 18 старонках накіравалі па пошце. Відаць, пошта яшчэ не дайшла да Беларусі. Наагул пошта ідзе зь Бішкеку ў Менск 10-14 дзён. Я думаю, сёньня ці заўтра запыт будзе ў іх на руках».

Тым часам апошняе публічнае зьяўленьне зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, якому даў прытулак Аляксандар Лукашэнка, адбылося падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску 23 красавіка. Апошняя ягоная ініцыятыва была агучана кіраўніком Беларусі 8 траўня на саміце АДКБ у Маскве — аб увядзеньні міратворчых сілаў у Кіргізстан. Прапанова зрынутага прэзыдэнта была адхілена і нават не разглядалася на саміце. Выказваліся розныя вэрсіі адносна таго, дзе хавае Аляксандар Лукашэнка свайго госьця, аднак афіцыйна пра гэта не паведамлялася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG