Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьцяй праграмы “Начная Свабода” 19 траўня была актывістка кампаніі “Гавары праўду”, праваабаронца, гісторык Тацяна Процька. Сярод іншага, яна адказала і на пытаньні наведнікаў нашага сайту.


СЛухаць гутарку





Соўсь: Вось у вас пытаецца наведніца нашага сайту “Зоя” зь Менску: “Скажыце, Тацяна Сяргееўна, вы і іншыя кіраўнікі кампаніі сапраўды спадзяваліся, што ўтрыманьне вялізнага абсталяванага офісу ў цэнтры сталіцы, вал друкаванай прадукцыі, нелегальнасьць шмат якіх аспэктаў дзейнасьці кампаніі "Говори правду" не выкліча пытаньняў адпаведных органаў? Прабачце, але гэта ці наіўна-некампэтэнтна, ці цынічна”. Як бы вы адказалі Зоі?

Процька:
Проста адказала б. Па-першае, усё, што рабілася кампаніяй, рабілася легальна. Таму і такая складаная, як я кажу, сэндвічаўская структура – зарэгістраваная ўстанова "Рух наперад" і кампанія як від дзейнасьці. Між іншым, у нас ня трэба рэгістраваць кампанію. І офіс зьняты легальна. За яго плацяцца і падаткі легальныя, і аформлена ўсё ў адпаведнасьці зь дзеючым заканадаўствам. Няма ніякай нелегальнай дзейнасьці – гэта адкрытая легальная праца. Мы разьлічвалі, пайшоўшы на максымальна магчымую ў нашых умовах легальнасьць, што зможам прыцягнуць да нашай кампаніі тых людзей, якія баяцца страціць працу з-за дзейнасьці ў нейкіх нелегальных апазыцыйных групоўках. І таму, мабыць, такія ператрусы прайшлі, каб знайсьці штосьці нелегальнае, нейкія драбніцы. Я ўпэўнена, што той экзатычны 250 артыкул Крымінальнага кодэксу, які сёньня інкрымінуюць тром удзельнікам кампаніі – спадарам Някляеву, Дзьмітрыеву і Вазьняку – маўляў, яны распаўсюджвалі лжывую інфармацыю аб таварах і паслугах, ён будзе перакваліфікаваны, бо судовай пэрспэктывы ў справы паводле гэтага артыкулу няма.

Соўсь: Таварыства беларускай мовы адмовілася падтрымліваць кампанію "Гавары праўду". Старшыня ТБМ, Алег Трусаў сказаў, што ня будзе падтрымліваць кампаніі, якія праводзяць русыфікацыю нашага насельніцтва. Таму што ўсе іх паштоўкі былі зробленыя на расейскай мове, надрукаваныя ў Смаленску.

Трусаў: Сябры ТБМ вельмі абураюцца, як беларускі паэт Някляеў вырашыў рабіць гэтую кампанію "Гавары праўду!" на расейскай мове". Гэта кампанія – дробная правакацыя, ад якой могуць пацярпець нашы пісьменьнікі і паэты. Я да усёй гэтай гульні ў праўду стаўлюся вельмі адмоўна. З усёй гэтай кампаніі тырчаць расейскія вушы, вялікія расейскія вушы”.

Як бы вы адказалі Алегу Трусаву? Як бы вы адказалі на абвінавачаньні ў прарасейскасьці, якія ўжо не ўпершыню гучаць? І чаму сапраўды па-беларуску не друкавалі ўлёткі?

Бо людзі цяпер сталі зайздросныя, сталі ласымі на чуткі, ім толькі кінь, каб можна было абсмактаць... Лягчэй сказаць, што тут нейкія расейскія грошы, чым пайсьці і зрабіць нешта для таго, каб праўда стала нормай жыцьця. А па-другое, я ведаю, што такое выбары ў нашай краіне, і зрабіць Януковіча кампанія "Гавары праўду" яшчэ ня можа, ніяк ня можа
Процька:
Чаму не друкавалі? Друкавалі і па-беларуску. Мы зьвяртаемся да насельніцтва, якое размаўляе па-расейску, на расейскай мове. Лепей зьвяртацца на той мове, якую яно разумее, на якой яно будзе пісаць на якой ня будзе адчуваць сябе непаўнавартасным. Але я хачу адказаць спадару Трусаву вось як. На жаль, у нас у Беларусі беларуская мова – гэта ня проста сродак камунікацыі, як ва ўсіх краінах. Яна у нас – палітычная картка, якую чалавек выстаўляе грамадзтву. Гэта зрабіла ў свой час адна палітычная сіла, яна прыватызавала мову, і на сёньняшні дзень той, хто размаўляе па-беларуску – спытай любога ў нашай вёсцы – гэта бэнээфавец. Чаму так атрымалася? Цяпер можна гэта аналізаваць, але мы ў рэальнай сытуацыі. І калі мы ў рэальнай сытуацыі хочам нешта зрабіць з грамадзтвам, каб яно стала эўрапейскім, увабрала ў сябе і зрабіла нормамі свайго існаваньня і жыцьця сучасныя дэмакратычныя стандарты, мы павінны зыходзіць з тых умоваў і стандартаў, якія мы маем, а не якія мы хацелі б мець. Калі насельніцтва гаворыць па-расейску, калі беларуская мова ўспрымаецца як прыкмета пэўнай палітычнай сілы, і калі гэтая палітычная сіла з тых ці іншых прычын непапулярная, страціла для насельніцтва свае прывабныя якасьці, а мы хочам дасягнуць нейкі вынік ад кампаніі "Гавары праўду", мы карыстаемся тым, што найлепш нас прывядзе да гэтага выніку.

Соўсь: Яшчэ пытаньне ад іншай наведніцы нашага сайту. Піша “Тэрэза” з Горадні: “Няўжо грошы важнейшыя за Радзіму? Вы ж ведаеце, што Расея, якая аплачвае вашу кампанію, ставіць на мэце прывесьці да ўлады на прэзыдэнцкіх выбарах "беларускага Януковіча"? У нашай краіне больш за 70% актываў – у дзяржаўнай маёмасьці. Масква прафінансуе праз вас прыход свайго кандыдата, і ён будзе абавязаны прыватызаваць на яе карысьць усё самае каштоўнае. Страцім эканамічны сувэрэнітэт, ня будзе і палітычнага. Лукашэнкі прыходзяць і адыходзяць, але, калі страцім Бацькаўшчыну, то ня будзе ні свабоды, ні правоў чалавека, ні нашай культуры, ні мовы. Ці вы разумееце сваю гістарычную адказнасьць? І не страшна?”

Процька: Па-першае, я сваю адказнасьць адчуваю і ня страшна мне, таму я ў гэтай кампаніі. Я не баюся сказаць праўду і лічу, што менавіта адказнасьць кожнага чалавека ў тым, каб казаць праўду. Гэта адказ на апошнюю частку пытаньня. А па першай частцы я цікаўлюся, адкуль Тэрэза з Горадні ведае, што мы атрымоўваем расейскія грошы? Я вось расейскіх грошай не атрымлівала за сваю працу. Ніякіх, ніводнага рубля. І тыя людзі, зь якімі я маю дачыненьні, таксама расейскіх грошай не атрымлівалі. Гэта проста нейкія плёткі і чуткі, якія распаўсюджваюць нашы спэцслужбы. Бо людзі цяпер сталі зайздросныя, сталі ласымі на чуткі, ім толькі кінь, каб можна было абсмактаць... Лягчэй сказаць, што тут нейкія расейскія грошы, чым пайсьці і зрабіць нешта для таго, каб праўда стала нормай жыцьця. А па-другое, я ведаю, што такое выбары ў нашай краіне, і зрабіць Януковіча кампанія "Гавары праўду" яшчэ ня можа, ніяк ня можа. На жаль ці не на жаль – цяжка сказаць нават. Наш беларускі народ павінен усьвядоміць сваю сілу, адчуць, што ён можа выбіраць прэзыдэнта, што ён можа нешта рабіць у гэтай краіне. Менавіта для гэтага мы і стварылі гэтую кампанію і дзеля гэтага мы і працуем. Вось тыя людзі, у якіх прайшлі ператрусу, дзеля гэтага і працуюць, а не дзеля расейскіх грошай.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG