Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзім Гарэцкі: "Улады тым самым паказваюць, што яны супраць праўды"


Акадэмік Радзім Гарэцкі – у шэрагу гучных імёнаў, на якія абапіраецца кампанія "Гавары праўду!" Навуковец лічыць, што ўлады самі сабе падклалі "сьвіньню", пачаўшы аспрэчваць неабходнасьць казаць праўду.

"Толькі што я быў на міжнародным зьезьдзе беларусістаў, там таксама была дадзеная ацэнка ўсяму, што цяпер адбываецца вакол кампаніі "Гавары праўду!". Шчыра кажучы, я не асабліва разумею падтэкст такога нападу на актывістаў руху. Гэта ж нармальна – праўду гаварыць? І што тут такога асаблівага? Таму не магу да канца зразумець неадэкватнасьць той адмоўнай рэакцыі ўладаў на ўсю гэтую справу. Калі да мяне на пачатку году зьвярнуўся сам Уладзімер Някляеў, я, не раздумваючы, сказаў: канечне, падтрымліваю; натуральна ж, трэба казаць праўду.

Ці тут напад асабіста на Ўладзімера, ці нешта іншае. Але ж Някляеў – выдатны наш паэт, нічога кепскага ня робіць. Таму папросту не разумею нашых кіраўнікоў: у іх можа ўжо сапраўды, як кажуць, дах паехаў? Чаму яны так рэагуюць на гэты рух? Яны што, ня хочуць праўды чуць? Ці яны супраць праўды, за хлусьню? У любым выпадку тут яны самі сябе падстаўляюць. Ёсьць такое выказваньне: плюнуў з гары, а трапіў сабе ж у фізіяномію – вось як у іх усё атрымліваецца. Такім адмоўным стаўленьнем да гэтага руху яны толькі сабе горш робяць".
XS
SM
MD
LG