Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двух студэнтаў папярэдзілі за сувязь з апазыцыянэрам


Студэнты мастацка-тэхналягічнага факультэту Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Аляксандар і Ўсевалад (хлопцы прасілі не называць іхныя прозьвішчы) мелі папераджальную гутарку з дэканам Валянцінай Галубковай.


Паводле першакурсьніка Аляксандра, які быў на мінулых мясцовых выбарах назіральнікам і сябрам ініцыятыўнай групы актывіста стваранай партыі БХД Уладзімера Рамановіча, гаворка вялася якраз пра выбары. Спадарыня Галубкова папярэдзіла студэнта, што ён, канешне, вольны чалавек, і можа сам прымаць рашэньні, за каго галасаваць. Але ў дэканаце таксама працуюць вольныя людзі, якія могуць паўплываць на жыцьцё студэнта - да прыкладу, не адпусьціць з заняткаў па заяве або не паспрыяць у вырашэньні нейкіх праблем, у тым ліку і з вучобай.

Пра тое, што студэнты падтрымалі “не таго” кандыдата, размаўлялі і з Усеваладам, сябрам Аляксандра. Хлопцу сказалі, што выйграў выбары “патрэбны” кандыдат, да таго ж “свой” - прарэктар ВТУ Аляксей Шут. І, маўляў, тое, што хлопцы “зьвязаліся з апазыцыянэрам” і “забыліся, што вучацца ў дзяржаўнай установе”, а Ўсевалад яшчэ й бясплатна і са стыпэндыяй, ім забудуць яшчэ ня хутка.
Абодва першакурсьнікі не выключаюць, што праблемы ў іх могуць паўстаць ужо падчас бліжэйшай сэсіі.
XS
SM
MD
LG