Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь прымнажае запазычанасьць за пастаўлены расейскі газ з-за таго, што разьлічваецца па цане, ніжэйшай за вызначаную кантрактам з «Газпромам», паведамляе РІА Новости з спасылкай на інфармаваную крыніцу.

Паводле крыніцы, ААТ «Белтрансгаз» аплачвае газ па 150 долараў за тысячу кубамэтраў. У той жа час у першым квартале 2010 года кантрактная цана для Беларусі склала 169,22 даляра супраць 121,98 летась у чацьвёртым квартале.

Паводле зьвестак «Газпрома», запазычанасьць «Белтрансгазу» за расейскі газ па выніках студзеня—сакавіка склала 137,49 млн. даляраў. Як адзначыла крыніца, аплату паставак газу за красавік «Белтрансгаз» павінен правесьці да 23 траўня, і пасьля гэтага запазычанасьць можа павялічыцца.

У канцы сакавіка намесьнік кіраўніка «Газпрома» Андрэй Круглоў заявіў, што «Газпром» чакае пагашэньня запазычанасьці Беларусі за пастаўлены ў 2010 годзе газ у памеры 94,5 млн. даляраў. Паводле слоў Круглова, сярэднегадавая цана расейскага газу для Беларусі ў 2010 годзе складзе 171,5 даляра за тысячу кубамэтраў з улікам паніжальнага каэфіцыента 0,9.

У лютым беларускі бок заявіў, што па-ранейшаму настойвае на зьніжэньні паправачнага каэфіцыента да 0,7 або 0,5 у 2010 годзе. Прадстаўнікі «Белтрансгазу» паведамлялі пра накіраваньне ў «Газпром» праекту дадатковага пагадненьня, якое прадугледжвае захаваньне ў 2010 годзе сярэднегадавых цэн на газ на леташнім узроўні. Кіраўнік беларускага прадпрыемства Уладзімір Маёраў удакладніў, што дадатковае пагадненьне прадугледжвае прымяненьне паніжальнага каэфіцыента 0,7–0,75 да сярэднеэўрапейскай цаны, паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG