Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін’юст Беларусі незадаволены прызначэньнем расейца


Міністэрства юстыцыі выступіла з заявай, у якой выказала незадаволенасьць тым, што на пасаду генэральнага дарадцы па «нафтавым» пазове Беларусі да Расеі прызначаны расеец.


Цалкам заява зьмешчаная на афіцыйным сайце Мін’юсту.

Паводле меркаваньня беларускага Міністэрства юстыцыі, «дадзены факт можа супярэчыць прынцыпам роўнасьці бакоў і справядлівасьці, супрацоўніцтва дзяржаваў, вяршынства міжнароднага права ў міждзяржаўных адносінах і добрасумленнага выкананьня міжнародных дамоваў».

Рашэньнем Эканамічнага Суду СНД генэральным дарадцам па пазове Беларусі аб неправамернасьці адбіраньня расейскім бокам мытаў на прадукты перапрацоўкі нафты быў прызначаны грамадзянін РФ Юры Мішальчанка. Спадар Мішальчанка зьяўляецца прафэсарам Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту эканомікі і фінансаў і прафэсарам Паўночна-Заходняй акадэміі дзяржаўнай службы пры прэзыдэнце Расейскай Фэдэрацыі. Абедзьве ВНУ маюць прамое дачыненьне да расейскага ўраду, які выступае адказьнікам па справе.

Такім чынам, у беларускага боку ёсьць «абгрунтаваныя сумневы» ў аб’ектыўнасьці і бесстароннасьці ажыцьцяўленьня сваіх функцыяў Юрыем Мішальчанкам. Паводле меркаваньня Мін’юсту Беларусі, вынесенае спадаром Мішальчанкам заключэньне па справе будзе «значным для фармаваньня пазыцыяў судзьдзяў і можа паўплываць на абгрунтаванасьць і законнасьць канчатковага рашэньня».

Міністэрства юстыцыі ўжо перадало ў Эканамічны суд СНД хадайніцтва і спадзяецца на вынясеньне ім «узважанага, абгрунтаванага і законнага рашэньня» па дадзенай справе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG