Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Калісьці мабільная сувязь была дарагой і маладаступнай, а цяпер наадварот і нават больш за тое: са сродку сувязі мабільны тэлефон пераўтварыўся ў сацыяльную праблему. Тэрмін "мабільная залежнасьць" даўна выкарыстоўваецца лекарамі нароўні з тэрмінамі "алькагольная ці тытунёвая залежнасьць". Сьведчаньне таму – 9 мільёнаў спасылак на ўведзеную ў Google фразу mobile addiction.



Як паведамляе сайт Mobile Phones and Safety, на мабільнай іголцы сядзіць кожны шосты маладзён, а вялікі адсотак студэнтаў ва ўзросьце ад 18 да 25 гадоў прызнаюцца ў наяўнасьці ў іх сымптомаў, больш уласьцівых кліентам казыно. Карацей, суцэльна зло, гэтая мабільная сувязь у няўмелых руках. Як граната ў малпы.

А што робіцца ў школах? Як кажуць знаёмыя настаўнікі, у Беларусі мабільнікі зрабіліся галоўнымі парушальнікамі дысцыпліны на ўроках. Яны ня толькі адцягваюць ўвагу саміх вучняў, але перашкаджаюць і настаўнікам. Мабільнікі спрабуюць неяк абмяжоўваць, недзе нават забараняюць, але вынік з гэтага ніякі. Ну не прапускаць жа ўсіх вучняў праз мэталадэтэктар з прымусовай канфіскацыяй.

Зрэшты, тэхналёгія, стварыўшы праблему, дапамагае яе вырашыць. Электронная прамысловасьць прапануе самы шырокі асартымэнт, ад магутных вежавых да партатыўных надалонных.














Але ж глушылкі таксама ня выйсьце, бо гэта як гільятына ад галаўнога болю. Могуць пацярпець і тыя, да каго такія меры непатрэбныя. Такія якое выйсьце? Да таго ж выкарыстаньне такіх прыладаў у Беларусі мае шэраг юрыдычных пытаньняў, бо закранае вельмі зарэгуляваную сфэру выкарыстаньня частотнага дыяпазону.

Дарэчы, днямі праблема мабільнай этыкі была ўзьнятая на самым высокім узроўні ў Вялікабрытаніі. Дэвід Кэмэран, новы прэм'ер-міністар краіны, забараніў чальцам свайго кабінэту прыходзіць на паседжаньні з мабільнымі тэлефонамі. Гэта адбылося пасьля таго як Кэмэран пад сьмех прысутных быў вымушаны заклікаць да ўвагі міністра юстыцыі Кэна Кларка, які быў паглынуты размовай па тэлефоне.

Між іншым, у Вялікабрытаніі выкарыстаньне мабільных тэлефонаў ды іншых падобных прыладаў падчас пасяджэньняў і дэбатаў у парлямэнце забаронена. Палітыкі могуць мець іх пры сабе, але толькі ў бязгучным рэжыме. У 2008 годзе дэпутат Грэг Малхоланд нават прапанаваў штрафаваць калегаў, калі іх мабільныя пачнуць тэлефанаваць. Тагачасны сьпікер палаты абшчын Майкл Марцін адхіліў гэтую прапанову.

Беларусь – не канстытуцыйная манархія, таму замест брытанскага прапаную свае сем правілаў добрага мабітону:
  1. Не звані так, як ня хочаш, каб званілі ў тваёй прысутнасьці. Зьніжай гучнасьць голасу, калі размаўляеш.
  2. У месцах, дзе патрабуецца цішыня, заўсёды выключай гук і нават вібрацыю, якая часам гучнейшая за рынгтон. А лепш зусім адключай тэлефон, каб не было спакусы пачаць размову. Калі трэба пазваніць самому – глядзі пункт 1.
  3. Пазьбягай асабістых тэмаў пры размове, калі іншыя людзі могуць цябе пачуць.
  4. Пазьбягай адказу на званкі пры асабістай гутарцы з кім-небудзь. Калі табе жыцьцёва неабходна прыняць званок, папытаеце дазволу ў суразмоўцы.
  5. Не набірай SMS падчас асабістай размовы з кім-небудзь. Гэта няветліва.
  6. Захоўвай «правіла трох мэтраў». Падчас размовы па мабільным тэлефоне захоўвай дыстанцыю як мінімум у 3 мэтры ад бліжэйшага да цябе чалавека.
  7. Не размаўляй па мабільным тэлефоне за рулём нават з hands-free. Павесь трубку і толькі тады націсьні на пэдаль газу. Тым самым ты дасі сабе ды іншаму шанц на больш доўгае жыцьцё.
І апошняе. Дасылайце лісты ці хаця б паштоўкі.
XS
SM
MD
LG