Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільцянін Барыс Капялюш супраць беларускіх міліцыянтаў


Ленінскі суд Магілёва пачаў разгляд грамадзянскай справы аб кампэнсацыі маральнай шкоды паводле пазову грамадзяніна Ізраіля Барыса Капялюша. Ён вінаваціць міліцыянтаў у незаконным затрыманьні, неабгрунтаваным ужываньні супраць яго сілы і ўтрыманьні ў пастарунку больш адведзенага законам тэрміну.


Нагодай для звароту Барыса Капялюша ў суд сталася яго затрыманьне ў краме, дзе між ім і прадаўцом адбыўся канфлікт. Эмацыйныя паводзіны пакупніка напалохалі прадавачку і яна выклікала міліцыю. Міліцыянты без высьвятленьня абставінаў канфлікту завялі Капюляша ў пастарунак. Пасьля працяглага допыту ў затрыманага надарыўся гіпэртанічны крыз. Выкліканыя міліцыянтамі мэдыкі забралі яго ў бальніцу. Інцыдэнт у краме і з міліцыянтамі адбыўся 26 лютага.

29 сакавіка Кастрычніцкі суд Магілёва апраўдаў Капялюша. Абласная пракуратура, куды той паскардзіўся, прызнала дзеяньні міліцыянтаў неправамернымі.

На сёньняшнім судзе міліцыянты ўжываньне фізычнай сілы супраць Капюляша адмаўлялі. Сваёй віны не прызнавалі. Паводле іх, прэтэнзіі пазоўніка неабгрунтаваныя.

У судзе Барыс Капюляш бароніць свае інтарэсы сам, бо ягонаму прадстаўніку ўдзельнічаць у працэсе судзьдзя Валянціна Лапаціна адмовіла. 8 чэрвеня суд адновіцца.

Барысу Капялюшу 59 гадоў. Ён грамадзянін Ізраілю з 1996 году. Жыве ў Магілёве.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG