Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фракцыя кансэрватараў і рэфарматараў першай у Эўрапейскім парлямэнце адрэагавала на брутальныя падзеі ў Беларусі. Яе лідэр Міхал Камінскі выступіў з адмысловай заявай з асуджэньнем дзеяньняў беларускіх уладаў, скіраваных супраць актывістаў і прыхільнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Гавары праўду».

Чакаюцца адпаведныя заявы і некаторых іншых фракцыяў, а таксама прэзыдэнта Эўрапарлямэнту Ежы Бузэка.

У заяве лідэра фракцыі кансэрватараў і рэфарматараў выказваецца «вялікая занепакоенасьць здароўем і бясьпекай затрыманых актывістаў грамадзянскай кампаніі». Згадваецца, што Беларусь зьяўляецца сябрам ААН і АБСЭ, праграмы «Усходняе партнэрства». А гэта азначае, што беларускія ўлады павінны паважаць правы грамадзянаў.

Міхал Камінскі патрабуе тэрміновага вызваленьня лідэра кампаніі Ўладзімера Някляева, міжнароднага сакратара АГП Андрэя Дзьмітрыева і галоўнага рэдактара газэты «Товарищ» Сяргея Вазьняка. Ён выказвае падтрымку іх сем’ям і актывістам кампаніі «Гавары праўду».

Дарэчы, на запрашэньне менавіта гэтай фракцыі ў Эўрапарлямэнце зараз знаходзяцца старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і яго намесьнік Яраслаў Раманчук. Спадар Лябедзька кажа, што гэтая, адносна новая, фракцыя Эўрапарлямэнту вельмі ўважліва ставіцца да беларускіх спраў:
Замарожваньне гэтага праекту выглядае як перамога беларускіх уладаў, якія ня хочуць ні рэформаў, ні пераменаў.

«Я назаву базавыя партыі фракцыі. Гэта — брытанскія кансэрватары, якія пасьля нядаўніх выбараў, як кажуць, на кані. Пасьля іх перамогі падвышаецца і палітычная вага ўсёй фракцыі. А таксама гэта польская партыя „Права і справядлівасьць“ Яраслава Качыньскага і грамадзянская партыя прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Клаўса. Астатнія краіны прадстаўленыя пакрыху дэпутатамі».

Брутальныя падзеі ў Беларусі апазыцыйныя лідэры сёньня абмяркоўвалі з намесьнікам старшыні фракцыі лібэралаў у Эўрапейскім парлямэнце, нямецкім дэпутатам Аляксандрам Лямбсдорфам.

Яраслаў Раманчук кажа, пра што вялася размова: «Яна зноў была прысьвечаная сытуацыі ў Беларусі. У парадак дня ўключылі пытаньне аб беспрэцэдэнтнай атацы на ўдзельнікаў грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“, сябраў палітычных партыяў і журналістаў. Мы таксама дыскутавалі наконт прэзыдэнцкай кампаніі, сытуацыі ў Беларусі. І абмяркоўвалі таксама патэнцыйныя зьмены нямецкай палітыкі датычна Беларусі».

У цэнтры перамоваў цягам учорашняга і сёньняшняга дня заставалася таксама праблема пачатку працы «Эўранэсту» — Парлямэнцкай асамблеі праграмы «Усходняе партнэрства». І хаця фіксаванай даты старту «Эўранэсту» няма, але, на думку беларускай апазыцыі, цягнуць з гэтым праектам небясьпечна. «Гэта мы і выклалі эўрапейскім парлямэнтарам, асабліва віцэ-сьпікеру «Эўранэсту» Яцэку Сарыюш-Вольскаму, кажа Анатоль Лябедзька:

«Спадар Сарыюш-Вольскі пагадзіўся — замарожваньне гэтага праекту выглядае як перамога беларускіх уладаў, якія ня хочуць ні рэформаў, ні пераменаў. Таму да ліпеня будуць зробленыя некалькі канкрэтных крокаў, каб усё ж вызначыцца, калі запускаць Парлямэнцкую асамблею „Эўранэст“. Прапануецца правесьці сустрэчу кіраўніка Эўрапарлямэнту Ежы Бузэка са сьпікерамі парлямэнтаў, якія запрошаныя ў „Эўранэст“. І будуць яшчэ дадатковыя кансультацыі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі».
XS
SM
MD
LG