Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампутары журналістак сталі рэчавымі доказамі


Марыя Коктыш, Ірына Халіп, Натальля Радзіна, Сьвятлана Калінкіна

Марыя Коктыш, Ірына Халіп, Натальля Радзіна, Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлане Калінкінай, Марыне Коктыш і Натальлі Радзінай не вярнулі кампутары, якія забралі падчас ператрусу ў рамках крымінальнай справы, распачатай сьледзтвам за паклёп на старшыню Гомельскага УКДБ Івана Каржа. Сьледчы падчас чарговага допыту паведаміў, што іх пакінулі ў якасьці рэчавых доказаў.


Кампутары будуць заставацца ў міліцыі нявызначаны час. Сьледчы аддзела дазнаньня гомельскай міліцыі Дзьмітрый Пусеў вярнуў шэф-рэдактарцы «Народнай Волі» Сьвятлане Калінкінай флэш-карткі. Ён паведаміў, што апошняя экспэртыза не знайшла доказаў таго, што зь яе кампутараў рабілася рэдагаваньне сайтаў belaruspartizan.org і charter97.org. Нягледзячы на гэта, кампутары застануцца ў міліцыі ў якасьці рэчавых доказаў.

Нагадаем: летась 30 сьнежня была распачатая крымінальная справа за распаўсюджаньне паклёпніцкіх зьвестак пра старшыню Гомельскага УКДБ Івана Каржа. 16 сакавіка на кватэрах Сьвятланы Калінкінай, Марыны Коктыш, Ірыны Халіп і Натальлі Радзінай зрабілі ператрусы і забралі ўсе носьбіты інфармацыі. Падставай сталі публікацыі лістоў ад сваякоў пакараных у «паляўнічай справе».

Сьвятлана Калінкіна: «Я папрасіла адмыслова адзначыць у пратаколе азнаямленьня з вынікамі экспэртызы, што гэта папросту нейкае беззаконьне. Нічога не знаходзяць, але тэхніку трымаюць ужо трэці месяц, а яна мне патрэбная непасрэдна для маёй працы.

Я б сказала, што спадар Пусеў з разуменьнем паставіўся да майго абурэньня і ўсё ўнёс у пратакол. Ён паабяцаў мне паскорыць працэс вяртаньня тэхнікі».

Пасьля Сьвятланы да сьледчага пайшла Марына Коктыш. Ёй сьледчы вярнуў картку памяці да фотакамэры і дыск зь фільмам «Доктар Хаўс».
Увогуле можна казаць пра тое, што няма ніякай „паляўнічай справы“, а ёсьць перасьлед журналістаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.


«Сёньня мяне яшчэ раз спрабавалі дапытаць у крымінальнай справе. Але я адмовілася нешта казаць, сказала, што нічога новага не скажу, дый, увогуле, лічу, што гэта можа быць накіравана супраць мяне».

Натальля Радзіна апошняй наведала кабінэт сьледчага ў Першамайскім РУУС. Мінулы раз, калі сьледчы прызначаў дадатковую экспэртызу, ён ставіў задачу высьветліць, ці ажыцьцяўлялася з забраных кампутараў рэдагаваньне сайту «Хартыі’97». Паводле заключэньня, экспэрты не змаглі даць дакладны адказ. Натальля паведаміла, што яны прачыталі яе ліставаньне ў электроннай пошце і скайпе.

«Сьледчыя ўжо забыліся пра паляўнічую справу і зараз іх цікавіць толькі як ажыцьцяўляецца рэдагаваньне сайту „Хартыі“. Па паклёпніцкай справе мне не задалі ніводнага пытаньня.

Я не давяраю дадзеным гэтай экспэртызы, бо ў мяне незаконна забралі кампутары. Падчас ператрусу не перапісваліся дадзеныя кампутараў. Увогуле можна казаць пра тое, што няма ніякай „паляўнічай справы“, а ёсьць перасьлед журналістаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў».

Учора гомельскія сьледчыя зрабілі ператрус на кватэры Юрыя Варонежцава ў рамках гэтай крымінальнай справы. Яны забралі ўсе каштоўныя рэчы, патлумачыўшы, што на спадара Варонежцава паступіў грамадзянскі пазоў і таму гэтыя рэчы могуць пазьней пайсьці на выплату кампэнсацыі пацярпеламу.
XS
SM
MD
LG