Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна ўратаваць эўра?


Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы Джозэф Стыігліц выказвае свой прагноз лёсу адзінай эўрапейскай валюты ў камэнтары на сайце Project Syndicate.

Грэцкі фінансавы крызіс паставіў пад сумнеў само існаваньне эўра. Пры стварэньні эўра многія хваляваліся з нагоды яго працяглай жыцьцяздольнасьці. Калі ўсё пайшло добра, аб гэтых хваляваньнях забыліся. Але цяпер ўзьнікла пытаньне: як зрабіць рэгуляваньне, калі частка эўразоны перажывала моцны неспрыяльны доўгі шок. Фіксацыя працэнтных ставак і дэлегаваньне манэтарнай палітыкі Цэнтральнаму банку Эўропы ліквідавала два асноўныя сродкі, пры дапамозе якіх нацыянальныя ўрады стымулююць свае эканомікі, каб пазьбегнуць рэцэсіі. Што ж магло б іх замяніць?

Нобэлеўскі ляўрэат Робэрт Мандэл выклаў ўмовы, пры якіх адзіная валюта магла б працаваць. У той час Эўропа не адпавядала гэтым умовам; яна не адпавядае ім і цяпер. Ліквідацыя юрыдычных перашкодаў для перасоўваньня працоўнай сілы стварыла адзіны рынак працы, але моўныя і культурныя адрозьненьні зрабілі немагчымымі перамяшчэньне рабочай сілы ў амэрыканскім стылі.

Больш за тое, у Эўропы няма спосабу, каб дапамагчы краінам, якія сутыкнуліся з сур'ёзнымі праблемамі. Вазьміце Гішпанію, у якой узровень беспрацоўя 20% - і больш за 40% сярод маладых людзей. Яна мела фінансавы прафіцыт да крызісу; пасьля крызісу яе дэфіцыт павялічыўся больш чым на 11% ВУП. Але, паводле законаў Эўрапейскага Зьвязу, Гішпанія зараз павінна скараціць свае выдаткі, што, верагодна, паглыбіць беспрацоўе. Паколькі разьвіцьцё яе эканомікі запавольваецца, паляпшэньні ў яе фінансавай сытуацыі могуць быць мінімальнымі.

Некаторыя спадзяваліся, што грэцкая трагедыя пераканае стратэгаў, што эўра ня зможа атрымаць посьпех бяз больш шчыльнага супрацоўніцтва (уключаючы фінансавую дапамогу). Але Нямеччына і яе Канстытуцыйны Суд, часткова прыслухоўваючыся да думкі народу, адмовіліся даць Грэцыі дапамогу, якая ёй патрэбная.

Для многіх у Грэцыі і за яе межамі такое стаўленьне было нязвыклым: мільярды былі выдаткаваныя на выратаваньне вялікіх банкаў, але, відаць, выратаваньне краіны з насельніцтвам 11 мільёнаў жыхароў стала табу! Было нават відавочна, што дапамогу, у якой мае патрэбу Грэцыя, ня варта называць датацыяй: тым часам як фонды, выдадзеныя такім фінансавым установам, як AIG, хутчэй за ўсё, ня будуць вернутыя, пазыка, выдадзеная Грэцыі пад разумныя працэнты, верагодна, была б пагашаная.

Сэрыя паўмераў і няпэўных абяцаньняў, якія, як меркавалася, павінны былі супакоіць рынак, не прынесла посьпеху. Як Злучаныя Штаты сабралі разам дапамогу для Мэксыкі 15 гадоў таму, аб’яднаўшы дапамогу ад Міжнароднага валютнага фонду і "вялікай сямёркі", так і ЭЗ сумясьціў праграму дапамогі з удзелам МВФ. Пытаньне ў тым, якія ўмовы будуць накінутыя Грэцыі? Наколькі моцным будзе адмоўнае ўзьдзеяньне?

Для невялікіх краінаў ЭЗ урок зразумелы: калі яны ня зьнізяць свой бюджэтны дэфіцыт, існуе вялікая рызыка спэкуляцыйнай атакі і маленькая надзея на адпаведную дапамогу ад сваіх суседзяў, па меншай меры, без балючых абмежаваньняў бюджэтных выдаткаў. Пакуль эўрапейскія краіны прымаюць такія меры, іх эканоміка, верагодней за ўсё, будзе аслабленая - зь непрыемнымі наступствамі для глябальнага выздараўленьня.

Карысна было б разгледзець праблемы эўра з пункту гледжаньня глябальнай пэрспэктывы. ЗША скардзіліся з нагоды актыўнага сальда (гандлёвага) балянсу Кітаю; але, калі паглядзець у працэнтах ад ВУП, актыўнае сальда Нямеччыны яшчэ большае. Выкажам здагадку, што эўра быў устаноўлены так, каб гандаль у эўразоне ў цэлым быў збалянсаваны. У гэтым выпадку актыўнае сальда Нямеччыны азначае, што астатняя Эўропа мае адмоўнае сальда. І факт, што гэтыя краіны імпартуюць больш, чым яны экспартуюць, спрыяе іх слабым эканомікам.

ЗША скардзіліся з нагоды адмовы Кітаю дазволіць абменным курсам вырасьці ў адносінах да даляра. Але сыстэма эўра азначае, што абменны курс у Нямеччыне ня можа павялічыцца ў дачыненьні да абменных курсаў у іншых краінах эўразоны. Калі б абменны курс сапраўды павялічыўся, Нямеччыне было б цяжэй экспартаваць, і яе эканамічная мадэль, заснаваная на моцным экспарце, сутыкнулася б з вялікімі праблемамі. У той жа час, астатняя Эўропа экспартавала б больш, ВУП б павялічыўся, а беспрацоўе б зьнізілася.

Нямеччына (як і Кітай) разглядае свае высокія даходы і ўменьне экспартаваць як перавагу, а не як загану. Але Джон Мэйнард Кейнс паказаў, што прафіцыты вядуць да слабога глябальнага сукупнага попыту - краіны, якія маюць станоўчае сальда, аказваюць "нэгатыўны эфэкт" на сваіх гандлёвых партнэраў. Сапраўды, Кейнс лічыў, што менавіта краіны з станоўчым сальда ўяўляюць нашмат бoльшую пагрозу сусьветнаму росквіту, чым краіны з дэфіцытам; ён нават парэкамэндаваў ўвесьці падаткі на краіны з станоўчым сальда.

Сацыяльныя і эканамічныя наступствы цяперашніх прыгатаваньняў будуць непрымальнымі. Тыя краіны, чый дэфіцыт павялічыўся ў выніку глябальнай рэцэсіі, не павінны быць ўцягнутыя сілай у гэта сьмяротнае шоў - як была ўцягнутай Аргентына дзесяцігодзьдзе таму.

Адным з рашэньняў для гэтых краін было б стварэньне эквіваленту дэвальвацыі – усеагульнага паніжэньня заработнай платы. Гэта, я мяркую, немагчыма, і наступствы гэтага непрымальныя. Сацыяльная напружанасьць узрасла бы ў значнай ступені. Гэта ілюзія.

Маецца другое рашэньне: выхад Германіі з эўразоны ці падзел эўразоны на два рэгіёны. Эўра быў цікавым экспэрымэнтам, але, як і большасьці амаль забытых мэханізмаў абменнага курсу, якія яму папярэднічалі і разваліліся, калі спэкулянты атакавалі брытанскі фунт ў 1992 годзе, яму не хапае інстытуцыйнай падтрымкі, неабходнай, каб выканаць гэтую працу.

Існуе трэцяе рашэньне, якое можа падацца Эўропе самым лепшым з усіх: правесьці інстытуцыйныя рэформы, уключаючы неабходную рэформу фіскальных структур, што варта было зрабіць яшчэ тады, калі уводзіўся эўра.

Для Эўропы яшчэ ня позна зрабіць гэтыя рэформы і, такім чынам, існаваць паводле ідэі, якая базуецца на салідарнасьці, якая ляжала ў аснове стварэньня эўра. Але калі Эўропа ня можа зрабіць гэтага, то, мабыць, лепш прызнаць паразу і працягнуць рухацца далей, чым плаціць высокую цану ў выглядзе беспрацоўя і чалавечых пакутаў дзеля эканамічнай мадэлі, якая дала расколіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG