Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іпахондрыя


Кожны з нас напэўна ўзгадае ў сваім атачэньні чалавека, які (ці якая) любую размову зводзіць да адной тэмы – уласнай хваробы. Калі верыць ўсяму, што кажуць гэтыя людзі, то выглядае, што яны неаднойчы хварэлі на рак, а таксама перанесьлі інфаркт ці інсульт, не кажучы пра язву, каліты і гэтак далей. Гэткія дыягназы выстаўляюцца найчасьцей самастойна, на падставе інфармацыі, дзесьці пачутай або знойдзенай ў мэдычным даведніку ці апошнім часам у інтэрнэце.

Непрыемныя дыягназы не пацьвярджаюцца клінічна. Самі людзі, якія скардзяцца на свае псэўдасымптомы, многімі не ўспрымаюцца ўсур’ёз. Тым ня менш, гэтыя людзі хворыя. На іпахондрыю.

На пачатку 1990-х такія аўтарытэтныя арганізацыі, як World Health Organization (Усясьветная арганізацыя аховы здароўя) і American Psychiatric Association (Амэрыканская псыхіятрычная асацыяцыя), уключылі іпахандрычны сындром у рэестар міжнароднай клясыфікацыі хваробаў.

Самому тэрміну “іпахондрыя” ўжо болей за 2000 гадоў. У старажытнай Грэцыі ім вызначаўся пэўны псыхасаматычны стан (“псыхэ” – душа, а “сома” – цела). Паводле сучасных мэдыкаў, іпахондрыя ёсьць складаным псыхічным разладам чалавека.

Вядомы адмысловец у гэтай галіне, прафэсар Інстытуту псыхіятрыі ў Нью-Ёрку Брайян Фалан фармулюе праблему так: “схільнасьць чалавека ператвараць самыя простыя ды банальныя рэчы ў катастрофу”.

Паводле прафэсара Браяна Фалана, сучасная мэдыцына ўсё яшчэ ня ў стане перамагчы гэты нэўроз навязьлівага стану. Як мяркуе прафэсар, хвароба выкліканая дысбалянсам выпрацоўкі сэратаніну – гармону, які стабілізуе настрой, а таксама іншых рэчываў, якія ўплываюць на псыхіку. З разьвіцьцём навукова-тэхнічнага прагрэсу, найперш, Інтэрнэту, а таксама фармакалягічнай прамысловасьці хвароба набывае ўсё новыя формы разбурэньня асобы самога іпахондрыка, а таксама стварае цяжкую псыхалягічную атмасфэру ў яго сям’і.

Вось адзін з тыповых прыкладаў, які апісвае нямецкі лекар і пісьменьнік Эрых Гайнц у сваёй новай кніжцы “Іпахондрык” (Der Hypochonder),

Маладога мужчыну ў псыхіятрычную практыку прывяла ягоная жонка. Ужо на першым годзе сямейнага жыцьця жанчына зьвярнула ўвагу на занадта частыя скаргі на здароўе з боку яе маладога абраньніка. Далёкі ад мэдыцыны чалавек уражваў жонку складанай мэдычнай тэрміналёгіяй, апісваў свае болі як жудасныя, часам нават крычаў ад гэтых боляў. Як высьветлілася потым, мужчына захварэў на гаймарыт, аднак сам лічыў, што гэта рак мозгу. Ён ня верыў хатнім лекарам, аналізам. Пасьля таго, як у выніку складаных абсьледаваньняў анкалёгія была выключаная, будучы пацыент доктара Гайнца неўзабаве знайшоў у сябе новы рак, цяпер ужо прастаты…

Такіх выпадкаў у кнізе нямецкага лекара нямала. Аднак сам доктар сьцьвярджае, што ягоную кнігу менш за ўсё трэба ўспрымаць у якасьці падручніка па псыхіятрыі. Гайнц кажа, што яго мэтай было дапамагчы зацікаўленым чытачам распазнаць сапраўдныя прыкметы гэтага захворваньня. Таксама ён хацеў бы паспрабаваць пераканаць іх не баяцца пачуцьця страху за сваё жыцьцё, бо гэта натуральны інстынкт чалавека.

Большасьць нармальных людзей даволі часта перажываюць так званую часовую іпахондрыю. Сярод студэнтаў-мэдыкаў іх ад 70 да 80%. У беларускай мэдыцыне гэта завецца сындромам 3-га курсу. Гэткія людзі адчуваюць у сябе сымптомы той або іншай паталёгіі адразу пасьля таго, як прачыталі пра яе ў мэдычнай літаратуры. Зразумела, самой паталёгіі яны ня маюць. Часовыя іпахондрыкі схільныя, аднак, даволі хутка пераключацца на іншыя тэмы, а да складаных мэдычных дасьледаваньняў ў іх справа так і не даходзіць. Што да “сталых іпахондрыкаў”, то яны, наадварот, даводзяць сябе рознымі дыетамі, мэдаглядамі, непрыемнымі балючымі працэдурамі, бескантрольным паглынаньнем мэдыкамэнтаў.

Як лічыць аўтар кнігі “Іпахондрык”, уплываць на цяжкі псыхічны нэўроз можна.

Зразумела, тут важна знайсьці чулага лекара, які будзе лекаваць пацыента ад яго псэўдахваробаў, непрыкметна падмацоўваючы гэта пэўнай псыхатэрапіяй. Пэўную дапамогу могуць аказаць і некаторыя псыхатропныя прэпараты. Даволі часта – так званыя таблеткі-пустышкі (пляцэба)

Што да блізкіх хворага, то паводле нямецкага псыхіятра, яны мусяць дазволіць іпахондрыку выказацца, але рэагаваць на яго страхі спакойна. Блізкім нельга перабольшваць з клопатам і спачуваньнем. Бо побач зь імі дарослы чалавек, здольны несьці адказнасьць за сваё жыцьцё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG