Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура перапрад’явіла актывісту БХД абвінавачаньне


Яўген Якавенка ля суду Цэнтральнага раёну

Яўген Якавенка ля суду Цэнтральнага раёну

Cёньня ў Цэнтральным судзе Гомеля меўся скончыцца разгляд крымінальнай справы супраць актывіста стваранай партыі Беларуская хрысьцьянская дэмакратыя Яўгена Якавенкі за так званае ўхіленьне ад вайсковай службы. Аднак раённая пракуратура перапрад’явіла актывісту абвінавачаньне.

Абноўленае абвінавачаньне зачытаў у судзе намесьнік пракурора Цэнтральнага раёну Уладзімер Емяльянчанка. Яно выглядае цяпер больш канкрэтным – дапоўнена эпізодамі, паводле якіх вынікае, што Яўген Якавенка некалькі разоў не зьяўляўся на мерапрыемствы прызыву і прымусова дастаўляўся ў ваенкамат.

Прызыўнік Якавенка й ягоны адвакат Яўген Грабоўскі лічаць, што абвінавачаньне, па ўсім відаць, зразумела “слабасьць сваіх пазыцыяў і хоча цяпер паказаць нейкую сыстэматычнась ва ўхіленьні ад прызыву на вайсковую службу. Ускосна адхіляецца адзін з аргумэнтаў абароны: супрацоўнікі ваенкамату ня выканалі адно з патрабаваньняў закону пра вайсковую службу - менавіта прымусовага прыводу прызыўніка ў ваенкамат.

“Калі прызыўнік адмаўляецца браць позву на пэўны дзень – у гэты пэўны дзень міліцыя мусіць прыводзіць яго гвалтам. Мяне хапалі зусім у іншыя дні. Цяпер абвінавачваньне справу падае так, што прымусы былі й што мяне законна дастаўлялі ў ваенкамат гвалтам. Раней у фармулёўцы абвінавачваньня гэтага не было”, - кажа Якавенка.

Наколькі вядома, Яўген Якавенка адмаўляўся браць позвы ваенкамату, якія былі выпісаны на расейскай мове. Ён патрабаваў, каб службоўцы камунікавалі зь ім на роднай беларускай мове. Прасіў таксама накіраваць яго на альтэрнатыўную службу.

Нагадаем, што папярэдняя адміністрацыйная справа супраць Якавенкі рассыпалася. Савецкі раённы суд быў штрафаваў актывіста за нібыта няяўку ў ваенкамат па позве 29 сьнежня. Але абласны суд адмяніў пакараньне, бо насамрэч Яўген позву не атрымаў – ваенкамат чамусьці ня здолеў выпісаць прызыўніку позву на беларускай мове.

28 траўня суд над Яўгенам Якавенкам будзе працягнуты.
XS
SM
MD
LG