Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы тут, у Беларусі, сытыя і абутыя, а яны за мяжой – босыя і галодныя”


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 19 траўня 2010 году

Ці ведае прэзыдэнт Лукашэнка пра рэальны стан далёкіх ад сталіцы гарадоў і вёсак, пра тое, як ставяцца там людзі да прызначаных ім высокіх чыноўнікаў?

Лісты на гэту тэму ад нашага даўняга слухача, дзіцячага доктара зь Віцебска Ігара Паснова ня раз гучалі ў эфіры Свабоды. Ён даўно і пасьлядоўна змагаецца за тое, каб бюджэтныя сродкі накіроўваліся найперш на самае неабходнае – занядбаныя шпіталі, паліклінікі, школы, дзіцячыя сады. Яшчэ некалькі гадоў таму спадар Ігар быў прыхільнікам палітыкі Лукашэнкі, меркаваў, што кіраўнік дзяржавы проста ня ведае пра сапраўдны стан рэчаў у рэгіёнах. Аднак пасьля шматлікіх спробаў данесьці да прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі гэту праўду слухач усё больш схіляецца да іншых высноў. У сваім апошнім лісьце на Свабоду Ігар Пасноў піша:

"У сёньняшняй таталітарнай Беларусі Свабода – адзіная аддушына. У ліку расчараваных – цэлае пакаленьне. Нават лукашысты усё часьцей прыходзяць да Свабоды.

Сыстэма моцная, але яна ж палахлівая і нетрывалая. Моцная распрацоўкай карных мераў супраць няўгодных. А слабая тым, што трымаецца на адной асобе, ад імя якой чыніцца беззаконьне. А Бацька пра гэта ня ведае і ведаць ня хоча... А можа, і хоча, ды рукі не даходзяць.

Грошы ў нас марнуюцца на паказуху: тую ж тратуарную плітку перакладваюць па тры разы, бо робіцца ўсё сьпехам, няякасна... А паспрабуй сказаць праўду! Адразу ж праз аблвыканкам намагаюцца націснуць, запалохаць на працы кантрактам, "псіхушкай".. Я зьвярнуўся ў Генпракуратуру. Паперы пераслалі мясцоваму ўчастковаму. Палохалі адміністратыўным перасьледам. Узялі тлумачэньні. Я сказаў, што не баюся.

Посьпехі старшыні аблвыканкаму Косінца шыты белымі ніткамі. Вось бальніца БСМГ, ідзе прэзыдэнт – шык. А два крокі ўбок – тэрапія, неўралогія: бамжатнік поўны.

Буду зьвяртацца ў АБСЭ, праваабарончыя арганізацыі. Маю дакумэнты, якія сьведчаць пра найгрубейшыя парушэньні з боку кіраўнікоў вобласьці...

Можа, праз Радыё Свабода пачуюць гэта прыстойныя людзі з атачэньня прэзыдэнта і раскажуць Лукашэнку пра піравы перамогі Косінца, пра беззаконьне і самаўпраўства чыноўнікаў, якія плююць на Канстытуцыю ды правы чалавека. Вельмі спадзяюся на такі цуд"
.

І ўсё ж, спадар Ігар, жыве яшчэ ў Вас гэта ілюзія – пра неінфармаванага прэзыдэнта, пра тое, што не дакладваюць яму мясцовыя чыноўнкі праўдзівай інфармацыі, прыхарошваюць рэчаіснасьць... Ня надта шмат падстаў меркаваць так, ведаючы, як лёгка і проста можна ў наш час знайсьці патрэбную інфармацыю на тых інтэрнэт-сайтах, якія не праходзяць дзяржаўную цэнзуру.

Пытаньне ў тым, ці хоча сам прэзыдэнт Лукашэнка ведаць гэту праўду.

Агульнавядома, як загадзя старанна наводзяць чыноўнікі глянец на тых аб'ектах, якія зьбіраецца наведаць кіраўнік дзяржавы. Праводзяцца тэрміновыя пазаплянавыя рамонты: кладуць новы асфальт і плітку, фарбуюць фасады, саджаюць кветнікі, ставяць маляўнічыя агароджы, за якімі, як правіла – занядбанасьць і ўбоства, схаваныя ад прэзыдэнцкага вока. Аляксандру Лукашэнку некалькі разоў з розных бакоў спрабавалі "падказаць" праўду пра гэту паказуху. А ён публічна адказаў, што ня бачыць нічога заганнага ў тым, што гаспадары хочуць паказаць госьцю самае лепшае.

Аўтар наступнага ліста Аляксандар Пекар зь вёскі Аточка Старадароскага раёна дзеліцца цікавым назіраньнем адносна эфектыўнасьці афіцыйнай прапаганды. Слухач піша:

"Патлумачу, чаму трэба слухаць Радыё Свабода. Калі ўвесь час слухаеш радыё афіцыйнае, то складваецца ўражаньне, што беларусы жывуць лепш за ўсіх на сьвеце. Што ў нас усё самае лепшае, мы самыя разумныя, а кругом – дурні. У нас усюды чыста і прыгожа, а недзе ў іх у Эўропе ці Амэрыцы ходзяць па калена ў гразі. Мы сытыя і абутыя, а яны – босыя і галодныя.Што нашы трактары і МАЗы самыя лепшыя, а іхныя Форды і Мэрсэдэсы – куча мэталалому. Праўдзівую інфармацыю пра падзеі ў Беларусі я атрымліваю толькі ад Свабоды".

Афіцыйнай прапагандзе так званых "найвышэйшых посьпехаў савецкай сыстэмы" ня надта верылі і 25-30 год таму, хоць тады савецкіх грамадзянаў надзейна трымалі за жалезнай заслонай, і параўноўваць свай жыцьцё з жыцьцём на Захадзе ім даводзілася галоўным чынам па чутках ды па адрывачных зьвестках з тых жа перадач заходніх радыёстанцый. Што ўжо казаць пра сёньняшні дзень, калі беларускі грамадзянін сам лепш за любога экспэрта разьбіраецца ў тым, чым нямецкі аўтамабіль адрозьніваецца ад цуда савецкага "аўтапраму" аўтамабіля "Жыгулі"... Нават дзіва бярэ, што ў гэтых новых умовах беларускае кіраўніцтва ўсур'ёз зьбіраецца перасадзіць беларускіх аўтааматараў з заходніх аўтамабіляў на састарэлыя мадэлі іранскіх аўто айчыннай зборкі.

Мы працягваем атрымліваць лісты з водгукамі на выхад мультымэдыйнага DVD-дыска «Барды Свабоды». Гэта зборнік гутарак і песень 50 ўдзельнікаў аднайменнай перадачы, якая гучыць на нашых хвалях. Водгукі – пераважна станоўчыя. Аднак ёсьць і нэгатыўныя. Вось што піша наш даўні сябар Мікола Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёна:

"Я бардаў, акрамя Шалкевіча, не люблю. Барды – гэта абноскі мінулай эпохі. Раз яны не пяяюць сатырычных песень пра будзённасьць, то гэта – не Франсуа Віёны. От вы бардаў любіце, а народных песень не пускаеце, таму і прэсныя вашы перадачы. "Эўраньюсам" вы сталі.
Я й Вячорку колісь казаў: зрабіце духавы аркестр БНФ, гэта – файны знак. Не зрабіў. (А я яму багата чаго падказваў – ня слухаў). У выніку давялося стаць лакмусавай паперкай на так званых "выбарах". Гэта – як аналіз у паліклініцы. Каму гэта цікава? І так усе ведаюць, што за маразм тыя выбары.

А што да так званай "апазыцыі", то яна даўно спавядае дактрыну ляжачага каменя: мэта – усё, рух – нішто. (Як адразу рухнуў нацыяналізм. Трэ добры аналіз гэтай зьявы).

Народ у нас ненавідзіць кампанію "Саша і Коля". Усе абураюцца. А на выбарах у нас павесілі абвестку, што на выбарчым участку можна памераць ціск (у каго – крывяны, у каго – вадзяны). А пра кандыдатаў – нічога. Ніводнай улётачкі ні да, ні падчас таго. Калгасны шафёр казаў, што яму два дні не давалі пуцёўкі – каб ішоў прагаласаваць. А ён усё роўна не пайшоў. І ўсе, хто ад нечага рабіць (а хто з-за страху: кантракт!) хадзілі галасаваць, казалі, што "чырылі" кандыдатаў. Я? Канечне, не галасаваў і не цікавіўся. Прыватызацыя ўлады і самаўзнаўленьне сьвінарніку. Дык пра што галасаваць? От і ўсё. Жадаю ўсяго найлепшага. Вы мяне знаеце, а я вас шаную"
.

За цікавыя заўвагі – дзякуй, спадар Мікола. Густы, сімпатыі і жаданьні ў слухачоў розныя, дагадзіць усім цяжка, а часам і немагчыма. Думаю, Вы пагодзіцеся, што гэта – зьява натуральная.

Што да тэмы выбараў. Мы імкнуліся з розных бакоў, аб'ектыўна асьвятляць мінулую кампанію. Настроі і ўражаньні вашых аднавяскоўцаў, пра якія напісана ў лісьце – выглядае, тыповыя ў сёньняшняй Беларусі. Адпаведны і давер да прызначаных такім чынам дэпутатаў. Сёньня ўжо відавочна, што паводле такога ж сцэнару ўлада будзе праводзіць і галоўную для сябе выбарчую кампанію – прэзыдэнцкую, якая пачнецца праз некалькі месяцаў.

Зь пераходам на летнія хвалі мы даслалі найбольш актыўным нашым слухачам і аўтарам рэклямныя каляндарыкі – з новым раскладам перадачаў Свабоды. Атрымала такія каляндарыкі і Тацяна Малашчанка, прадпрымальніца з Баранавічаў. І адгукнулася на ліст уласнай прапановай. Яна піша:

"Шкада, што не заўсёды выпадае паслухаць вас, але рэгулярна наведваем ваш сайт. Дзякуй за добрую сумленную працу.
У мяне да вас прапанова. Маючы невялікую краму ў Баранавічах, у мяне ёсьць магчымасьць распаўсюду (раздачы) вашых каляндарыкаў розным людзям – для сталага карыстаньня. Так што можаце дасылаць болей. Адзіная парада – каляндар можа пачынацца зь любога месяца (напрыклад, з чэрвеня). Такім чынам, ён будзе ахопліваць паўгады наступнага году, стане больш арыгінальным (бо такіх амаль не выдаюць) і каштоўным. Таксама магу падзяліцца досьведам распаўсюду больш падрабязна зь іншымі, калі цікава".


Мы вельмі ўдзячныя Вам, Тацяна, за прапанову, якой ахвотна пакарыстаемся. Для нас вельмі важна і каштоўна тое, што маем такіх зацікаўленых, актыўных, дзейсных сяброў.

Што да прапанаванага вамі варыянту афармленьня календара, то некалькі гадоў таму мы яго апрабавалі. Але экспэрымент наўрад ці можна назваць удалым: тады мы атрымалі шмат нараканьняў ад карыстальнікаў. Усё ж каляндар – рэч кансэрватыўная. Год пачынаецца ў студзені, заканчваецца ў сьнежні: мяняць гэты парадак – выклікаць блытаніну.

На заканчэньне – некалькі лістоў ад тых нашых даўніх сяброў, якія выказваюцца наконт перадач Беларускай Свабоды, даюць свае ацэнкі, робяць заўвагі, зьвяртаюцца з прапановамі і пажаданьнямі.

Вось што піша Андрусь Анцух з пасёлка Калодзішчы Менскага раёна:

"Вельмі добра, што ў вас часта гучаць тэмы культуры, гісторыі, літаратуры. З усім гэтым наш народ хутчэй дойдзе да самаідэнтыфікацыі, зразумее, што ён гаспадар на сваёй зямлі, што ў яго – уласная адметнасьць.

Рыхтуюся да паездкі ў Польшчу, на Басовішча і сьвяткаваньне 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы. Для мяне гэта вельмі важна. На такіх імпрэзах яшчэ больш адчуваю сябе беларусам, а таксама гонар за гісторыю свайго вялікага народа, за нашу культуру"
.

Кароткая падзяка ад Алеся Шустоўскага з Барысава:

"Беларускую Свабоду слухаем стала, бо ў пераважнай большасьці пададзеных зьвестак ёсьць над чым паразважаць. Малайцы!"

І апошні на сёньня ліст --ад Валянціны Богуш зь Менску – пра тое, што значыць Свабода для яе сям'і. Слухачка піша:

"Наша сям'я (гэта я, мой муж і ўнук – студэнт радыётэхнічнага каледжу) штодня слухаем Радыё Свабода. Радуе ваша аператыўнасьць. Вось хоць бы нядаўні прыклад, калі выступаў былы прэзыдэнт Кіргізстана Бакіеў. Ваша карэспандэнтка Галіна Абакунчык – на месцы падзеі. І такія прыклады – штодзённа. А ў выніку – мы першымі даведваемся аб важных падзеях.

Болей няма ад каго чакаць праўды пра наша жыцьцё. Вось калі б так працаваў урад нашай дзяржавы – мы б жылі іначай"
.

Дзякуй за добрыя словы, спадарыня Валянціна, Вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко.

Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск -5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


XS
SM
MD
LG