Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: “Калі трэба краіне, то клічуць. А потым — пайшоў вон”


«Як ставіцеся да скасаваньня чарнобыльскіх ільготаў?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.


Спадарыня: «Трэба, каб былі ільготы, таму што тут „зона“. Хваробы даюць пра сябе знаць. Дзеці, падлеткі — усе пакутуюць на высокі ціск. Чаму на гэта не задумваюцца? Гэта — наступствы Чарнобылю. Ня трэба было здымаць ільготы з „зоны“. Дзяржава на адмене ільготаў не разбагацела».

Спадар: «Гэта няправільна — ня трэба было здымаць льготы. Людзі ад гэтага пакутуюць. Я — інвалід, у мяне другая група. Прэзыдэнт паздымаў усе льготы. У мяне іх, па сутнасьці, няма, толькі на праезд засталіся. Пэнсію не дабаўляюць. Кепска, вельмі кепска».

Спадарыня: «Няправільна, канечне. Насельніцтва ня стала здаравейшым».

Спадар: «Я думаю, што ў дзяржавы мала грошай, каб за ўсё гэта плаціць. Я асабліва за гэта не перажываю».

Спадарыня: «На мой погляд, дарма адмянілі льготы. Людзі пацярпелі, і неяк трэба кампэнсаваць».

Спадар: «Правільна, яны нам не патрэбныя. У Гомелі можна жыць без чарнобыльскіх ільготаў. Грошы лепей накіроўваць у Брагінскі, Нараўлянскі, Хойніцкі раёны, дзе землі заражаныя, дзе сапраўды радыяцыя. Туды й трэба накіроўваць».

Спадарыня: «Дзяцей не адзін раз на год, а некалькі трэба аздараўліваць. Раз пабыло дзіця ў лягеры — і гэта лічыцца аздараўленьнем».

Спадар: «Кепска, што адмянілі. Людзі ў гэтым маюць патрэбу, бо хварэюць, паміраюць. Страшна! Зараз няма сапраўднага кантролю за станам здароўя насельніцтва. Льготы трэба пацьвярджаць, а іх узялі й прыбралі. Гэта кепска!»

Спадарыня: «Каму патрэбны льготы, яны павінны быць. Думаеце, Чарнобыль зьнік? Ён — працягваецца. Ільготы прыбралі, а людзям іх не хапае».

Спадар: «Нікому людзі не патрэбныя — ніхто ня хоча пра іх клапаціцца».

Спадарыня: «Радыяцыя не прапала, наступствы працягваюцца. І добра было б, каб якіясьці ільготы былі».

Спадар: «Радыяцыя, канечне, не прайшла. Хваробаў шмат! Калі трэба краіне, то клічуць. А потым — пайшоў вон».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG