Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі хакей: укладаньняў – на мільёны, гульні – на 10 месца


Хакейны чэмпіянат сьвету ў Нямеччыне для зборнай Беларусі скончыўся датэрмінова. Ад дачаснага разьвітаньня не ўратавала нават учорашняя мінімальная перамога над датчанамі – 2:1. Трапіўшы з групы ў кваліфікацыю без ачковага запасу, на стадыі 1/8 фіналу беларуская каманда саступіла фінам і толькі ў овэртайме адолела немцаў. Аднак для замацаваньня ў квартэце шчасьліўцаў гэтага не хапіла. У выніку беларусы фінішавалі дзясятымі, ня выканаўшы акрэсьленай задачы – быць прынамсі ў васьмёрцы наймацнейшых.


Галоўны трэнэр беларускай зборнай Эдуард Занкавец па выніках чэмпіянату сьвету ацаніў працу свайго штабу на “тры з плюсам”. Паводле спэцыяліста, на большае не хапіла часу – Занкавец быў прызначаны на пасаду за паўтара месяца да пачатку ўсясьветнага першынства. Ягоны папярэднік Міхаіл Захараў пасьля нездавальняючага выступу зборнай Беларусі на Алімпіядзе ў Ванкувэры і наступнай вострай крытыкі на прэзыдэнцкай нарадзе прапановы на супрацоўніцтва нават не атрымліваў. Увогуле ж трэнэрскі штаб пачало ліхаманіць пры канцы мінулага году, калі нечакана для ўсіх тагачасны старшыня фэдэрацыі Ўладзімер Навумаў прычыніўся да адстаўкі канадзкага спэцыяліста Глена Хэнлана. Дарэчы, менавіта Хэнлан у 2006 годзе прывёў беларусаў да найвышэйшага выніку на чэмпіянатах – шостага.

Вядомы хакейны спэцыяліст, дзіцячы трэнэр Валеры Еўдакімаў з разуменьнем ставіцца да таго, што за такі кароткі час галоўны трэнэр наўрад ці мог стварыць з каманды адладжаны мэханізм. Аднак перакананы, што прычыны хранічных няўдачаў трэба шукаць у агульным падыходзе да справы: нягледзячы на вялізныя ўкладаньні ў хакей, сродкі асвойваюцца выключна на ўзроўні дарослых гульцоў. А вось дзіцячым школам не перападаюць нават крошкі з панскага стала. Паводле Еўдакімава, з адыходам цяперашняга пакаленьня зборнікаў разьлічваць на паўнавартасную замену папросту не выпадае. І ўсё ж ці можна на фоне аб'ектыўных фактараў лічыць 10-ы вынік нацыянальнай каманды прымальным?

“Дзеля таго, каб адказаць на гэтае пытаньне, спачатку трэба разабрацца ва ўсёй нашай хакейнай гаспадарцы. Вядома, калі адштурхоўвацца ад таго, прабачце мне, дзярма, у якім знаходзіцца наш дзіцяча-юнацкі хакей, магчыма, гэта і посьпех... Не хачу неяк фарбы згушчаць ці маляваць усё ў цёмных тонах, але гэта нават каменным векам назваць нельга. І гэта ў той час, як грошы на хакей ідуць, расходныя частка вельмі значная. Як бы там ні было, але кіраўнік дзяржавы аддае ўвагу хакею па найвышэйшай планцы. Выдаткоўваюцца сродкі, але куды гэта ўсё ідзе? Не бяруся пра гэта меркаваць, хоць бачу, што творыцца навокал. Нават некаторыя журналісты, каб даведаліся ўсю праўду, пэўна, сказалі б, што пра хакей лепш не пісаць. І гэта сапраўды так, бо ня тая сытуацыя, каб згушчаць фарбы. Вось і цяпер кіраўнік фэдэрацыі Яўген Ворсін пабудзе на чэмпіянаце, пабачыць усё, а калі вернецца і акунецца ў пытаньні больш жыцьцёвыя, думаю, будзе ўсё куды больш сумна выглядаць”.

Згаданы старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі Яўген Ворсін па выніках чэмпіянату сьвету заявіў: нягледзячы на сьціплае месца, асабіста ён схіляецца на працяг супрацоўніцтва з трэнэрскім штабам Эдуарда Занкаўца, у які таксама ўваходзяць Аляксандар Андрыеўскі, Уладзімер Цыплакоў і Андрэй Гусаў. На яго думку, трэнэрам трэба даваць магчымасьць працаваць як мінімум 2-3 сэзоны. Да таго ж спадар Ворсін сказаў, што гатовы да жорсткай размовы адносна гульні беларусаў у Нямеччыне. Нагадаем, што неўзабаве пасьля вяртаньня хакеістаў з алімпійскага Ванкувэру Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад спартовых чыноўнікаў адпаведнага эфэкту за мільёны, укладзеныя ў хакейную сфэру. Але аддачы няма дагэтуль.

Спартовы аглядальнік тэлеканалу “Белсат” Аляксандар Пуціла так ацэньвае выступ беларускай зборнай на ўсясьветным першынстве:

“Не адмаўляюся ад думкі, што хакей для Беларусі – штучны від спорту са штучна прыцягнутай папулярнасьцю. Таму і ня можа быць вялікіх посьпехаў у краіны, дзе гэты спорт не народны, не нацыянальны. Прадказаць такі выступ зборнай загадзя не было праблемаў. Вы ж памятаеце, якім нэрвовым і неўраўнаважаным атрымаўся апошні год у беларускага хакею – са зьменай трэнэраў, кіраўніка фэдэрацыі, з тым жа сорамам галоўнага клюбу краіны менскага “Дынама”. У такіх варунках раптам "стрэліць" нацыянальная зборная ніяк не была здольная. Дарэчы, добра, што галоўную каманду нарэшце ўзначаліў беларус, хіба што бяз досьведу самастойнай працы. Падабаецца, што Эдуард Занкавец не нэрвуецца, ставіцца да няўдачы спакойна, разважліва. Праўда, калі трэнэру не хапае крэатыву, то гэта, напэўна, таксама ня вельмі добра. Бо ў шмат якіх момантах на чэмпіянаце беларусы папросту ня ведалі, што рабіць з шайбай, куды бегчы, як арганізаваць атаку цікава, нечакана для супернікаў. Усё неяк было прамалінейна, хоць у зборнай гулялі і выдатныя майстры”.

У 2014 годзе хакейны чэмпіянат сьвету адбудзецца ў Беларусі. Ужо цяпер укладаюцца вялікія грошы ў адпаведную інфраструктуру: пабудавана 15-тысячная “Менск-арэна”, пачата ўзьвядзеньне хакейнага палацу на 10 тысяч гледачоў ў менскім мікрараёне “Чыжоўка”. Спартовыя функцыянэры разьлічваюць, што за чатыры гады да патрэбнага ўзроўню дарастуць і гульцы. Прынамсі мэдалёвыя пэрспэктывы перад зборнай акрэсьліваюць загадзя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG