Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гавары праўду” спалучае ўсходні і заходні вэктары ціску на рэжым”


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Чаму ўлады абрынуліся з жорсткімі рэпрэсіямі на актывістаў кампаніі «Гавары праўду»? Ці можна сказаць, што выбарчая прэзыдэнцкая кампанія пачынаецца заўсёднымі мэтадамі — наступам на журналістаў і незалежнае грамадзтва? Ці можна сказаць, што новыя грамадзкія ініцыятывы цяпер больш турбуюць уладу, чым зарэгістраваныя палітычныя партыі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.


Цыганкоў: Чым можна патлумачыць такія жорсткія дзеяньні ўладаў супраць кампаніі «Гавары праўду»? Чаму ўлады адчулі для сябе пэўную небясьпекі ў грамадзкай актыўнасьці сябраў гэтай ініцыятывы?

Чавусаў: Відавочна, што кампанія была нацэленая на будучыя прэзыдэнцкія выбары, і таму такая нэрвовая рэакцыя рэпрэсіўных органаў — гэта падрыхтоўка да выбараў. Гэта зачыстка палітычнага поля ад тых структураў, якія скіраваныя на спалучэньне ўсходняга і заходняга вэктару ціску на беларускі рэжым.

У кампаніі «Гавары праўду» мы бачым тое, чым у свой час пагражаў рэжыму Аляксандар Казулін — пагроза выкарыстаньня расейскіх рэсурсаў зь беларускай рыторыкай і беларускімі традыцыйнымі апазыцыйнымі лёзунгамі. Гэта стала асабліва небясьпечна цяпер, калі стасункі з усходнім суседам сталі настолькі кепскія.

Цыганкоў: Улады найбольш занепакоены той непрадказальнасьцю і патэнцыялам, што стаіць за гэтай кампаніяй? Бо традыцыйныя палітычныя партыі ўладам добра вядомыя, як і іхнія хады і намеры…

Чавусаў:
Іншымі словамі, зараз у Беларусі больш спакойна быць «за свабоду» чым «за праўду».
Такую маштабную «зачыстку» можна параўнаць хіба з «зачысткай» ініцыятывы «Партнэрства» напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. Схема кампаніі «Гавары праўду» ўладамі можа разглядацца як патэнцыйна небясьпечная крыніца дэстабілізацыі. Іншымі словамі, цяпер у Беларусі больш спакойна быць «за свабоду», чым «за праўду».

Цыганкоў: Варта нагадаць, што ўжо некалькі тыдняў цягнецца гісторыя з выклікам на допыты незалежных журналістак Ірыны Халіп, Сьвятланы Калінкінай, Марыны Коктыш і Натальлі Радзінай. Ці кладзецца гэта ў зьвязаны ланцуг, ці можна казаць, што ўлады ўжо даюць зразумець, якімі мэтадамі яны будуць праводзіць прэзыдэнцкую кампанію?

Чавусаў: Відавочна, што рэпрэсіўны складнік падрыхтоўкі да выбараў застанецца ў арсэнале ўладаў. У гэтым сэнсе выбары будуць арганізаваныя паводле ранейшых схемаў. Але мы бачым і новае — улады пакідаюць права на легальны ўдзел у выбарах палітычным партыям, структураваным і ізаляваным ад шырокага грамадзтва. Усе астатнія ініцыятывы, больш амбітныя, якія выходзяць на шырокія пласты грамадзтва — будуць душыцца.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG