Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступствы падзеньня эўра: імпарт з Расеі можа падаражэць


Курс эўра да даляра зьнізіўся да ўзроўню чатырохгадовай даўнасьці – 1,24 даляра за эўра. Як гэта паўплывала на беларускую эканоміку?

Паводле курсаў валют, якія ўстанавіў Нацыянальны банк Беларусі на заўтра, курс даляра застаўся на ранейшым узроўні і склаў 2995 рублёў. Курс эўра, які апошнімі днямі няспынна падаў, падрос на 27 рублёў да 3713 рублёў.

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч найперш бачыць праблему для ўкладчыкаў, якія трымаюць свае зьберажэньні ўнутры краіны ў эўра:

“Яны губляюць у пераліку на нацыянальную валюту 7 – 9% з разьліку за год. Усё, што купляем у Эўропы, нам становіцца выгаднае, бо трэба меней траціць нацыянальнай валюты на куплю эўра. Ёсьць нейкія страты на экспарце, калі ў разьліках выкарыстоўваецца эўра”.

А чаму даляр фактычна застаецца на месцы?
Усе тыя, хто мае зьберажэньні ў далярах, у цэлым выйграюць...


“Бо ёсьць нявыкарыстаныя рэзэрвы, таму ўрад можа рэгуляваць гэты працэс, каб не дапусьціць вялікага росту. Цяпер у нас ідзе рэгуляваньне, зыходзячы з кошыка валют – эўра плюс даляр і плюс расейскі рубель. У цэлым падтрымліваецца парытэт, крыху штучна ў выпадку даляра, не дапускаюць вялікага росту. Але ўсе тыя, хто мае зьберажэньні ў далярах, у цэлым выйграюць”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў зьвяртае ўвагу на тое, што асноўны экспарт Беларусі, амаль 50%, прыпадае на Эўропу і цяпер ён будзе прыносіць менш прыбыткаў:
Можа павялічыцца пакупніцкая здольнасьць расейскага рубля, і наш імпарт падаражэе...


“Бо цэны ў эўра на эўрапейскім рынку застаюцца тыя ж, што і раней. І мы будзем атрымліваць тую ж суму ў эўра. Гэта значыць, што нашы прыбыткі ўпадуць. А зь іншага боку, можа павялічыцца пакупніцкая здольнасьць расейскага рубля і тады наш імпарт, а наш імпарт асноўны з Расеяй, стане даражэйшы. Гэта не на нашу карысьць. Тавары эўрапейскіх краін у нас у Беларусі могуць стаць больш таннымі. Праўда, неабавязкова так будзе, бо дзяржава знойдзе спосабы адабраць гэты дадатак. Але такая магчымасьць ёсьць”.

Фінансавы экспэрт Сяргей Чалы адзначае, што за апошнія тыдні курс эўра абваліўся амаль на 15%:

“У нас праблема ў тым, што ўнутраная эканоміка ў Беларусі далярызаваная, а экспарт у асноўным завязаны на эўра. Для нас гэта адчувальна. За некалькі тыдняў мінус 15% падзеньне курсу эўра. Плюс да таго атрымліваецца, што імпарт тавараў з эўразоны становіцца больш прывабным, і гэта таксама ня вельмі добра для нас, бо ў нас праблема перавагі імпарту над экспартам”.

Эканаміст Дзьмітры Крук адзначае, што большая частка беларускага экспарту аплачваецца ў далярах і таму падзеньне эўра наўрад ці будзе мець істотны ўплыў:

“Дзесьці каля 35 – 40% па экспарце і па імпарце ідзе разьлік у далярах, у эўра недзе ня больш за 15 – 20%. Гэта паўплывае, але розьніца па экспарце і па імпарце ня надта істотная”.
XS
SM
MD
LG