Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеньне курсу эўра адносна даляра – тэма шматлікіх публікацыяў у эўрапейскім і амэрыканскім друку. Прычыны і наступствы гэтага, меры для стабілізацыі сытуацыі, лёс Эўразьвязу – пра гэта разважаюць аўтары артыкулаў.

У гэты панядзелак курс эўра адносна даляра дасягнуў мінімальнай за 4 гады адзнакі. “Зьніжэньне курсу эўра абяцае эканамічны рост” – такі загаловак мае артыкул “Financial Times”. Падзеньне курсу павінна актывізаваць экспарт з краін эўразоны. Краіны гэтай зоны, у якіх фінансавая сытуацыя найбольш крытычная – Грэцыя, Гішпанія, Партугалія, – маюць ня надта вялікі экспарт за межы Зьвязу, але важны артыкул іх даходаў – турызм, і падзеньне курсу будзе спрыяць росту даходаў гэтай галіны.

Але Антон Бэрнэр, прэзыдэнт нямецкай асацыяцыі экспартэраў, кажа, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве падзеньне эўра прынясе больш клопату, чым радасьці. Падаражэюць імпартныя тавары, што пацягне за сабой інфляцыю. Да таго ж слабы эўра – кепскі сыгнал для інвэстараў, што кепска для Нямеччыны як месца вядзеньня бізнэсу, кажа Антон Бэрнэр.

Ёрг Крамэр, галоўны эканаміст “Камэрцбанку”, гаворыць, што зьніжэньне даверу можа прывесьці да падзеяў, аналягічных краху банку “Lehman Brothers” у ЗША ў верасьні 2008 году.

“Washington Post” таксама піша, што калі падзеньне курсу эўра будзе працягвацца, то сярод інвэстараў могуць вельмі ўзмацніцца сумневы ў мэтазгоднасьці таго, што лічылася самым грандыёзным экспэрымэнтам у сфэры грашовай палітыкі. Газэта адзначае, што можа ўзьнікнуць ціск у кірунку выключэньня з эўразоны краін, ня здатных упарадкаваць свае фінансы. Паводле выданьня, цяперашняе падзеньне курсу вынікае з боязі, што праблемы, зь якімі сутыкнулася Грэцыя, распаўсюдзяцца на іншыя краіны рэгіёну, у тым ліку на Гішпанію і Партугалію.

На мінулым тыдні Эўразьвяз зацьвердзіў велізарны, на 750 мільярдаў эўра, пакет дапамогі, і Грэцыя ўжо атрымала першы транш гэтай дапамогі ў памеры 20 мільярдаў даляраў.

Але калі дзяржавы ва ўмовах крызісу ня здолеюць пайсьці на балючыя скарачэньні бюджэтных выдаткаў, калі ня вытрымаюць ціску грамадзкай думкі і прафсаюзаў, то падзеньне эўра можа паскорыцца. “Washington Post” не выключае дэфолту Грэцыі, які адаб’ецца на яе галоўных крэдыторах – нямецкіх і францускіх банках. Амэрыканскае выданьне, усьлед за брытанскім, не выключае, што крах “Lehman Brothers” можа паўтарыцца ў Эўропе.

“Washington Post” адзначае, што пляны ўзгодненага скарачэньня бюджэтных выдаткаў увасабляюцца ў жыцьцё зь цяжкасьцю. На мінулым тыдні Эўракамісія заклікала краіны Зьвязу падаваць ёй праекты нацыянальных бюджэтаў да таго, як яны будуць перададзеныя ў парлямэнты. Але ж шэраг францускіх палітыкаў адразу заявілі, што такая прапанова супярэчыць канстытуцыі Францыі.

Аўтар іншай публікацыі ў “Washington Post” нагадвае, што супольнае пагадненьне – пакт стабільнасьці – патрабуе ад краін эўразоны трымаць бюджэтны дэфіцыт на ўзроўні, не вышэйшым за 3% ад ВУП. Але насамрэч гэты паказьнік складае сярод 16-ці краін зоны 7%. Газэта спасылаецца на досьвед Злучаных Штатаў, дзе ўсе штаты ўнесьлі ў свае канстытуцыі забарону дзяржаўных пазык на фінансаваньне бягучых апэрацыяў, кшталту выплаты заробкаў. Калі б краіны Эўразьвязу ўвялі ў сябе нешта падобнае, сытуацыя магла б выправіцца, мяркуе выданьне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG