Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: Аляксандар Салановіч


Ня стала сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Аляксандра Салановіча. Памёр ён у Бабруйску ў дзень усебеларускай акцыі салідарнасьці — 16 траўня.


Аляксандар Салановіч
Яго пахавалі ўчора — на Кіраўшчыне, на кладах вёскі Любонічы. У ёй ён нарадзіўся і знайшоў вечны свой спачын. Разьвітацца прыехала багата людзей — ягоныя аднапартыйцы, калегі па працы, аднавяскоўцы.

Бабруйскі аднапартыец Аляксандра Салановіча Юры Грынявіцкі адзначае выключную беларускасьць, якой вызначаўся спадар Салановіч:

«Гаварыў па-беларуску з усімі. І ўсіх ушчуваў за тое, што яны адмовіліся ад сваёй культуры. Мы ўжо гэта казалі, партыйцы, але дужа прыемна было чуць, што гэта кажуць і ягоныя суседзі, то бок ягоная сьвядомасьць дайшла да часткі людзей. У гэтым пляне ён быў вялікім чалавекам. Хачу сказаць, што з Гомелю яму вяночак даслалі зь бел-чырвона-белай стужкай, такі прыгожанькі. Мы ўжо думалі, што мы будзем адны, але аказалася, што ня мы адны вось з такой пазыцыяй».

Усё сваё працоўнае жыцьцё Аляксандар Іванавіч адрабіў сьлесарам на бабруйскай «Белшыне». Працуючы там, не хаваў сваіх перакананьняў. Яго можна было пабачыць і на фронтаўскіх акцыях, і на акцыях, што арганізоўвалі прыхільнікі руху «За Свабоду».

«Алесь Іванавіч з тых, хто прыйшоў у партыю на пачатку дзевяностых гадоў. Алесь Іванавіч не займаў у партыйнай арганізацыі відных пасадаў, але дзякуючы такім, як ён, партыйная арганізацыя захавалася. Алесь Іванавіч адзін з тых цьвёрдых людзей, якія не мянялі сваіх поглядаў», — зазначае аднапартыец Аляксандра Салановіча Анатоль Сідарэвіч.

Аляксандар Салановіч памёр, не дажыўшы да свайго сямідзесяцігодзьдзя пяці месяцаў. Юбілей меўся адзначыць 15 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG