Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя Бабруйскага суду Натальля Чарапуха адклала на заўтра разгляд адміністрацыйнай справы супраць сябра БХД Яўгена Васьковіча. Дзевятнаццацігадовага хлопца вінавацяць у дробным хуліганстве.

Як паведаміў Яўген Васьковіч на суд не зьявіліся сьведкі абвінавачваньня.

18 красавіка яго затрымалі ў бабруйскім лядовым палацы на матчы юніёрскага першынства па хакеі Беларусь-ЗША. Туды ён прыйшоў зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Васьковіча абвінавачваюць у тым, што ён “размахваў забароненай сымболікай, крычаў, паводзіў сябе з выклікам, чым парушаў грамадзкі парадак і спакой грамадзян”. Актывіст не прызнае абвінавачваньняў:

“Калі мяне затрымлівалі, я трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг. Ім я падтрымліваў нашую зборную. Празь сем хвілінаў падышоў ахоўнік і завёў мяне ў пакой, дзе выдаюць рыштунак на пракат. Там мяне зьбілі. Адразу атрымаў удар у жывот і па нырках і па назе. Абшукалі без панятых. Зьбівалі мяне вайскоўцы, якія служаць у пасёлку Кісялевічы”.

Разгляд справы адкладаецца ўжо другі раз. 11 траўня суд адклалі, бо Яўген Васьковіч запатрабаваў адваката. Былі прэтэнзіі і ў судзьдзі да складзенага міліцыянтамі пратаколу адміністрацыйнага правапарушэньня. Акрамя таго, у міліцыянтаў не было сьведкаў, якія б маглі пацьвердзіць, што хлопец парушаў на хакейным матчы грамадзкі парадак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG