Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хадаркоўскі галадае і чакае рэакцыі Мядзьведзева


Былы кіраўнік нафтавай кампаніі ЮКАС Міхаіл Хадаркоўскі ў панядзелак аб’явіў бестэрміновую галадоўку – пра гэта стала вядома з заявы Хадаркоўскага на імя старшыні Вярхоўнага суду Расеі Вячаслава Лебедзева. Былы кіраўнік найбольшай расейскай нафтавай кампаніі хоча з дапамогаю галадоўкі зьвярнуць увагу прэзыдэнта Мядзьведзева на парушэньні закону, якія, як лічыць Хадаркоўскі, дапускаюць прадстаўнікі судовай улады.


Хадаркоўскі лічыць незаконным пастанову суду аб падаўжэньні тэрміну яго арышту. Экс-кіраўнік ЮКАСу аргумэнтуе сваю пазыцыю тым, што новая рэдакцыя Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Расеі забараняе выкарыстаньне гэтай меры стрыманьня па шэрагу артыкулаў аб эканамічных злачынствах.

Пра тое, як галадоўка можа паўплываць на лёс Міхаіла Хадаркоўскага, у інтэрвію расейскай службе нашага радыё расказаў адвакат былога кіраўніка ЮКАСу Юрый Шміт:

– З панядзелка, 17 траўня, Міхаіл Хадаркоўскі аб’явіў бестэрміновую галадоўку. Нагодаю стала вынясеньне судзьдзём Хамоўніцкага суду чарговай пастановы аб падаўжэньні на тры месяцы знаходжаньня Хадаркоўскага пад вартай. Міхаіл Барысавіч зрабіў адмысловую заяву, у якой ён падкрэсьліў, што сам па сабе факт чарговага падаўжэньня яго ўтрыманьня пад вартаю нічога ані не мяняе ў ягоным лёсе. Таму што ў яго застаецца прысуд – да 25 кастрычніка 2011 году, і нават калі б суд зьмяніў яму меру стрыманьня, скажам, на заклад або на нешта іншае, то ён бы ўсё роўна з сьледчага ізалятару ня выйшаў. Таму галоўнае, што падштурхнула Міхаіла Барысавіча да гэтага акту – абсалютнае пагарджаньне патрабаваньнямі закону – спачатку пракуратураю, а потым і судзьдзём.
Галоўнае, што падштурхнула Міхаіла Барысавіча да гэтага акту – абсалютнае пагарджаньне патрабаваньнямі закону...


Я хачу нагадаць, што 7 красавіка сёлета быў прыняты закон, які ўнёс у 108-ы артыкул Крымінальна-працэсуальнага кодэксу спэцыяльную норму – імпэратыўную норму. Закон абвяшчае, што недапушчальна браць пад варту ў якасьці меры стрыманьня асобаў, абвінавачаных ва ўчыненьні такіх злачынстваў, як махлярства, прысваеньне, легалізацыя злачынна нажытага, калі гэтыя злачынствы ўчыненыя ў сфэры прадпрымальніцкай дзейнасьці, і падставаў, якія дапускаюць як вынятак выкарыстаньне гэтай меры, закон называе ўсяго чатыры: калі абвінавачаны ня мае сталага месца жыхарства на тэрыторыі Расеі, калі яго асоба не ўстаноўленая, калі ім парушаная раней выбраная мера стрыманьня або калі ён схаваўся ад органаў дазнаньня і сьледзтва. Усё. Норма імпэратыўныя, пералік вычарпальны.

Карэспандэнт: Як адвакат Хадаркоўскага вы падтрымліваеце яго рашэньне пра галадоўку? І ці дазваляе стан здароўя яму галадаць?

Шміт: Міхаіл Барысавіч – чалавек, які такога роду рашэньні прымае сам. Натуральна, з гуманітарных меркаваньняў мы яго не падтрымліваем і спрабуем адгаварыць ад гэтай акцыі. Тым больш, што галадоўка аб'яўленая бестэрміновай. Адзіная ўмова, якую Міхаіл Барысавіч вылучае, – гэта давядзеньне да ведама прэзыдэнта факту абуральнага прававога нігілізму і прамога невыкананьня закону. Усё гэта пагражае ня тым, што лёс Хадаркоўскага будзе абцяжараны. Як я ўжо сказаў, для яго гэта ня мае на сёньняшні дзень лёсавызначальнага значэньня. Ён лічыць, што можа быць створаная практыка, якая ідзе насуперак закону, і ад гэтага пацярпіць вялікая колькасьць людзей.
Ён ніколі не патрабуе канкрэтна нічога для сябе...


Я хачу нагадаць, што за час свайго зьняволеньня Хадаркоўскі аб'яўляў галадоўку два разы: першы раз – у падтрымку Платона Лебедзева, у дачыненьні да якога былі ўжытыя грубыя, незаконныя дзеяньні, то бо рукапрыкладзтва. І другі раз – у падтрымку Васілія Алексаняна. Гэта значыць, што ён ніколі не патрабуе канкрэтна нічога для сябе. Дакладна так жа ён павёў сябе ў гэтым выпадку.

Карэспандэнт: Ці ёсьць ужо нейкая рэакцыя пракуратуры, уладаў?

Шміт: У нас ёсьць толькі пацьверджаньне таго, што заява Хадаркоўскага аб галадоўцы здадзеная ў прымальню Вярхоўнага суду. Ні пра якія далейшыя перамяшчэньні гэтай заявы нам пакуль што невядома.

Хадаркоўскі галадае за іншых

Міхаіл Хадаркоўскі і другі былы суўладальнік ЮКОСу Платон Лебедзеў адбываюць 8-гадовыя тэрміны зьняволеньня па абвінавачаньні ў фінансавых злачынствах. Цяпер ім інкрымінуюць крадзеж нафты і адмываньне грошай.
XS
SM
MD
LG