Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраўніцтва Рады Эўропы асудзіла нядаўняе вынясеньне двух сьмяротных прысудаў у Беларусі.

14 траўня Гарадзенскі абласны суд прысудзіў да найвышэйшай меры пакараньня двух жыхароў Горадні. Яны прызнаныя вінаватымі ў забойстве з асаблівай жорсткасьцю трох чалавек, разбоі з прычыненьнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, наўмысным пашкоджаньні маёмасьці і выкраданьні малалетняга. Прысуд яшчэ не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе цягам 10 сутак.

"Гэтыя прысуды гавораць аб неабходнасьці тэрмінова абвясьціць мараторый на сьмяротнае пакараньне, – заявіў генэральны сакратар Рады Эўропы Турб'ерн Ягланд. – Выкарыстаньне сьмяротнага пакараньня па-ранейшаму зьяўляецца галоўнай перашкодай у адносінах Беларусі з Радай Эўропы. Мы гатовыя аказаць судзеяньне ў вырашэньні гэтага пытаньня і дапамагчы Беларусі стаць бліжэйшай да стандартаў Рады Эўропы ў галіне правоў чалавека".

Адмяніць нядаўнія сьмяротныя прысуды афіцыйны Менск таксама заклікалі старшыня Камітэту міністраў Рады Эўропы Антоніё Мілашоскі і кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Мэўлют Чавушаглу, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Рады Эўропы.

"Мы заклікаем прэзыдэнта Лукашэнкі неадкладна адмяніць два сьмяротныя прысуды, неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне і замяніць усе сьмяротныя прысуды на іншыя віды пакараньня, каб наблізіць Беларусь да стандартаў Рады Эўропы, – гаворыцца ў сумеснай заяве Мілашоскі і Чавушаглу. – Ужываньню сьмяротнага пакараньня няма месца ў пэнітэнцыярнай сыстэме сучаснага грамадзтва. Гатовасьць неадкладна абвясьціць мараторый на сьмяротнае кару і яе далейшая адмена зьяўляюцца найважнейшай умовай для ўступленьня ў Раду Эўропы".

Беларусь – адзіная краіна ў Эўропе, у якой да гэтага часу ўжываецца сьмяротнае пакараньне. У чэрвені 2009 году ПАРЭ прыняла рэзалюцыю аб вяртаньні беларускаму парлямэнту статусу спецыяльнага запрошанага ў асамблеі пры ўмове ўвядзеньня ў краіне мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Да ўвядзеньня мараторыю таксама заклікае Эўразьвяз. Гэта зьяўляецца адной з умоваў адмены візавых санкцыяў у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, якія ЭЗ падоўжыў да кастрычніка 2010 году.

29 красавіка 2010 году ПАРЭ прыпыніла кантакты зь Беларуссю на высокім узроўні ў сувязі зь "недастатковым прагрэсам" краіны ў галіне адпаведнасьці стандартам Рады Эўропы. Прычынай такога рашэньня стала выкананьне двух сьмяротных прысудаў у дачыненьні да 25-гадовага Андрэя Жука і 30-гадовага Васіля Юзепчука. Яны былі расстраляныя ў сакавіку, нягледзячы на тое, што іх скаргі знаходзіліся на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG