Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Групы псыхолягаў, антраполягаў і мікрабіёлягаў ва ўнівэрсытэтах Нямеччыны, ЗША і Вялікай Брытаніі шляхам складаных дасьледаваньняў даказалі, што здароўе чалавека можа ўмацоўваць не прынятая ім таблетка, а так званы эфэкт пляцэба – прэпарату, які паралельна з мэдыкамэнтам выкарыстоўваецца пры розных клінічных досьледах у якасьці пустышкі.


У выніку досьледаў прыкладна чацьвертая частка пацыентаў, якія атрымліваюць пустышкі, пачыналі адчуваць цудадзейнае паляпшэньне самаадчуваньня (эфэкт пляцэба) або наадварот – непрыемныя пабочныя дзеяньні, якія магчымыя ў выніку прыняцьця рэальнага прэпарату. На мове псыхолягаў гэта называецца эфэктам нацэба.

Як лічыць спэцыяліст з Тубінгенскага ўнівэрсытэту, прафэсар у галіне псыхасаматыкі Пауль Энк, першапачатковай прычынаю абодвух эфэктаў зьяўляюцца перакананьні чалавека. Прычым эфэкт нэгатыўнага настрою – нацэба – нават больш моцны. Дарэчы, сымптомы нацэба найчасьцей праяўляюцца ў мужчынаў. Паводле навукоўца, хірургі нярэдка баяцца рабіць апэрацыі такім людзям, якія баяцца памерці, бо якраз сярод такіх пацыентаў сьмяротныя вынікі больш частыя.

Як вынікае з дасьледаваньняў мікрабіёлягаў зь Мічыганскага ўнівэрсытэту ў ЗША, сымптомы пляцэба і нацэба ўплываюць на выпрацоўваньне ў арганізьме чалавека амінакісьліны тыразіну, а таксама некаторых оліепадобных рэчываў, якія ўзьдзейнічаюць на рэцэптары гармону халецыстакініну. У першым выпадку (эфэкт пляцэба) болі мінімізуюцца, у другім (нацэба) узмацняюцца.

“Эфэкт пляцэба мае дачыненьне да натуральнага мэханізму кантролю за болем”, – перакананы прафэсар Фальк Айпэрт з мэдычнага цэнтру ў Гамбургу. Дадзеныя магнітна-рэзанансавай тамаграмы сьведчаць, што адказная за боль нэўтронная актыўнасьць мозгу ў “падманутых” пацыентаў рэзка зьніжалася”.

Бэрлінскі лекар, спэцыяліст у галіне ўнутраных захворваньняў Крыстаф Ляўрэнтыс з шкадаваньнем кажа, што таблеткі ды іншыя фармакалягічныя рэчывы сталі сёньня неадымнай часткаю жыцьця чалавека: “У чалавека здарылася банальная прастуда ці грып, і ён ужо пачынае шукаць нейкі мэдыкамэнт замест таго, каб прыслухацца да арганізму, а той, у сваю чаргу, сам параіць хвораму, што яму рабіць. Напрыклад, найперш выспацца”.

Доктар Ляўрэнтыс нагадвае: фармакалёгія яшчэ не навучылася выпускаць цудадзейных прэпаратаў: “Вялікую ролю ў паляпшэньні стану пацыента адыгрывае рытуал лячэньня, усё той жа эфэкт пляцэба, да якога пакуль яшчэ грэбліва ставяцца многія прадстаўнікі традыцыйнай мэдыцыны”.

Як падкрэсьлівае гарвардзкі дасьледчык Тэд Капчук, “на дынаміку захворваньня можа ўплываць наша ўласная воля, здольнасьць да ўяўленьняў і вера”.

Пару гадоў таму Капчук прапанаваў сродак, які дапамагае значна большай колькасьці хворых з болямі ў сьпіне, сындромам раздражнёнага кішэчніка, дэпрэсіяй і некаторымі іншымі паталёгіямі, чым любы з дагэтуль распрацаваных мэдыкамэнтаў. Размова ідзе пра імітацыю іголкаўколваньня і паралельна душэўную размову лекара з пацыентам. У выніку такой тэрапіі лепш сябе адчула больш як палова ўдзельнікаў экспэрымэнту.

Зразумела, кажа Капчук, пляцэба не дапаможа пры сардэчна-судзнных захворваньнях, аднак вера здатная аблегчыць нэўралягічныя болі, палепшыць стан пры хваробе Паркінсона, аслабіць дэпрэсію.

У тэорыяў мэтазгоднасьці выкарыстаньня эфэкту пляцэба нямала крытыкаў сярод прадстаўнікоў традыцыйнай мэдыцыны і, натуральна, сярод фармаколяў. Сярод крытыкаў вядомы брытанскі навукоўца, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Джэймз Блэк, прэзыдэнты нацыянальных акадэміяў мэдычных навук тых жа Брытаніі, ЗША, Нямеччыны.

Яны лічаць, што ў той час, як іх дзяржавы выдаткоўваюць сродкі на “падманную тэрапію”, пацыенты беспасьпяхова спрабуюць набыць патрэбныя мэдыкамэнты.

Тым часам у абарону нетрадыцыйных мэдычных падыходаў усё часьцей выступаюць вядомыя публічныя асобы. Сярод іх прынц Чарлз. У сваёй прамове на паседжаньні Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя ён выказаўся за сумяшчэньне традыцыйнага і нетрадыцыйнага лекаваньня. Паводле ягоных словаў, нетрадыцыйная мэдыцына ідзе са старажытнага часу, калі чалавек інтуіцыйна шукаў гармонію ўнутры сябе, у целе і навакольным асяродзьдзі. Як лічыць прынц Чарлз, цяпер даводзіцца шкадаваць, што такія традыцыі страчаныя.
XS
SM
MD
LG