Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз чакае ад Ірану інфармацыі аб ядзернай праграме


Пазыцыя Эўразьвязу адносна ядзернай праграмы Ірану застаецца нязьменнай пасьля падпісанага ў Тэгеране пагадненьня аб адпраўленьні часткі нізкаўзбагачанага іранскага ўрану ў Турэччыну. Паводле старшыні Эўрапейскай рады Гэрмана ван Ромпэя, дамоўленасьці, дасягнутыя сёньня ўладамі Ірану, Бразыліі і Турэччыны, не здымаюць сумневаў адносна самога характару іранскай ядзернай праграмы:

"Пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу добра вядомая ўжо некалькі месяцаў, і яна не зьмянілася. Тэгеран дасюль адмаўляўся весьці сур’ёзныя дыскусіі ў пытаньнях, зьвязаных з іранскімі распрацоўкамі. Перад Іранам па-ранейшаму стаіць задача паінфармаваць сусьветную грамадзкасьць аб характары сваёй ядзернай праграмы".

Сёньня Іран пагадзіўся адпраўляць у Турэччыну значную частку свайго ўрану, які вымагае далейшага ўзбагачэньня для выкарыстаньня ў іранскім мэдычным рэактары. Аднак, як адзначаюць некаторыя экспэрты, Турэччына ня мае тэхнічных магчымасьцяў для такога працэсу, таму ўран у любым разе давядзецца перанакіроўваць у іншыя краіны.
XS
SM
MD
LG