Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байсалаў: мы спадзяемся, што беларускі бок захавае Бакіева да суду


Амбасадарка Кіргізстану ў Беларусі Ішэнкуль Балджурава пакуль не вярнулася ў Менск. Амбасадар Беларусі Віктар Дзенісенка, адкліканы для кансультацый, застаецца ў Менску.

Кіргіскі бок са зьдзіўленьнем успрыняў адкліканьне беларускага пасла з Бішкеку. Пра гэта заявіў карэспандэнту Свабоды кіраўнік апарату Часовага ўраду Кіргізстану Эдыль Байсалаў. Ён адзначыў, што пасол Кіргізстану не адкліканая зь Менску, а знаходзіцца ў Бішкеку ў "зьвязку з апошнімі зьменамі ў Кіргізстане".
Бакіевы ніяк не супакояцца і працягваюць дэстабілізаваць сытуацыю ...

"У Кіргізстана няма прычынаў сварыцца зь Беларусьсю. У нас адбылася вялікая нацыянальная трагедыя. Наш народ паўстаў супраць тырана, крывавага дыктатара, ён зрынуў яго. Наш народ згубіў ужо каля 90 сваіх грамадзянаў. Бакіевы ніяк не супакояцца і працягваюць дэстабілізаваць сытуацыю. У гэтым няма віны беларускага народа і ўдзелу беларускай дзяржавы. Таму ніякіх намераў па пагаршэньні сытуацыі, нашых традыцыйна сяброўскіх сувязяў у нас няма".

Спадар Байсалаў сказаў, што кіргіскі бок з разуменьнем паставіўся да рашэньня кіраўніцтва Беларусі разьмясьціць у сябе Бакіева.
"Мы разьлічваем, што беларуская дзяржава дапаможа нам. Што яна забясьпечыць бясьпеку Бакіеву, захаванасьць і ўрэшце рэшт ён паўстане перад правасудзьдзем".

Тым часам у Генэральнай пракуратуры Беларусі паведамілі, што займаюцца запытам кіргіскага боку адносна экстрадыцыі Бакіева. Паводле Эдыля Байсалава, Кіргізстан не мяняў свайго амбасадара ў Беларусі Ішэнкуль Балджураву.
ніякага адкліканьня пасла не было ...

"Яна зьяўляецца вялікім дзейным палітыкам у Кіргізстане. Гэта была палітычная ссылка Балджуравай у Менск. Яна знаходзіцца ў Бішкеку па сваіх асабістых, палітычных справах. І ёй трэба вызначыцца, ці браць удзел у парлямэнцкіх выбарах, у якім фармаце. Таму ніякага адкліканьня пасла не было. Мы імкнёмся захаваць цёплыя стасункі зь Беларусьсю. Мы з нецярпеньнем чакаем магчымасьці аднаўленьня міждзяржаўных кантактаў у поўным аб'ёме і разьлічваем на хутчэйшае вяртаньне беларускага амбасадара".

Беларускі амбасадар у Кіргізстане Віктар Дзенісенка адкліканы для кансультацый.у Менск 13 траўня. Таксама з Бішкеку адкамандзіраваныя ўсе беларускія дыпляматы. МЗС Беларусі матываваў гэта пытаньнямі бясьпекі. Пакуль Віктар Дзенісенка застаецца ў Менску, паведаміў прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных.

Нагадаем, падчас сустрэчы ў Менску зрынутага прэзыдэнта Курманбека Бакіева, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка паабяцаў аказаць гуманітарную дапамогу Кіргізстану. Ён прапанаваў Бакіеву "падказаць і дапамагчы арганізаваць гэтую дапамогу". Ці пайшла гэтая дапамога ў Кіргізстан? Андрэй Савіных патлумачыў:

"Беларускі бок падрыхтаваў гуманітарны груз для адпраўкі. Разам з тым нам пакуль не ўдалося атрымаць адказу кіргіскага партнэра, уключаючы дазвол на пралёт самалёта. Пытаньне па ранейшаму адкрыта. Калі кіргіскі бок вызначыцца, груз будзе дастаўлены".
Паводле спадара Савіных, гуманітарная дапамога пераважна складаецца з прадуктаў харчаваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG